Гадоў трыццаць таму шалёнай папулярнасцю карыстаўся серыял “Вуліцы разбітых ліхтароў”. Хто тады жыў, памятае: гэтае кіно не толькі ў тэлевізары было. Хапала яго і ў сапраўдным жыцці…
Цяпер часы найноўшых тэхналогій, у тым ліку энергазберагальных. Аб тым, каб у Жабінцы стала святлей, клапоцяцца нашы камунальнікі. І гэта звязана не толькі з набліжэннем навагодніх і калядных святаў. Эканомныя ліхтары ў цёмную пару запальваюцца і ў будні.
— Для таго, каб у Жабінцы стала святлей, паспрыяла перамога ў конкурсе па рэалізацыі дзяржпраграмы “Энергазберажэнне”, разлічанай на 2021-2025 гады. Жабінкаўская ЖКГ ў ім паўдзельнічала і стала пераможцай, — гаворыць з гонарам кіраўнік прадпрыемства Мікалай МАТАЛЫГА.
Накірунак, які абралі жабінкаўцы для ўдзелу ў конкурсе, гучыць наступным чынам: “Укараненне аўтаматычных сістэм кіравання асвятленнем, энергаэфектыўных асвятляльных прыстасаванняў, секцыйнага падзелу асвятлення”.
Прадстаўнічае журы падвяло вынікі конкурсу вясной. Вынікі, скажам шчыра, прыемныя, але й адказныя. Паколькі пасля перамогі патрэбна якасна рэалізоўваць задуманае.
Жабінкаўцы ўжо могуць ацаніць рэзультаты працы камунальнікаў. Яны шчыравалі, каб парадаваць гараджан і гасцей райцэнтра. І праўда, які можа быць РАЙцэнтр у цемені?!
Для замены 266 лямпаў, размешчаных на гарадскіх вуліцах, на энергазберагаючыя спатрэбілася 17 тысяч рублёў (адна палова выдаткавана з рэспубліканскага бюджэту, другая — з мясцовага).
Вядома, нельга недаацаніць у гэтай справе ўнёсак электрыкаў. Яны і зараз, калі па першым снезе дзесьці на Поўначы ўжо рыхтуецца ў падарожжа Дзед Мароз, шчыруюць над упрыгожваннем Жабінкі. Сустрэлі непасрэдна на працоўным месцы (не ў кабінеце, а на вышцы каля раённай бальніцы) Рамана ГУЦА (на здымку). Раман Іванавіч пасля заканчэння трэцяй гарадской школы і Брэсцкага каледжа сувязі сёмы год працуе ў ЖКГ, апошнія тры — узначальвае электралабараторыю ўчастка электрычнай гаспадаркі. Яму, карэннаму жабінкаўцу, вельмі хочацца, каб родны горад стаў яшчэ прыгажэйшым. Але ж адна справа хацець — іншая рабіць. Вось і спяшаецца 25-гадовы некабінетны начальнік падараваць гэтую прыгажосць.
— Зараз даробім ля бальніцы і адразу — на галоўную плошчу. Няхай і там святло зазіхаціць на радасць людзям.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
