14 лютага ў Дзень святога Валянціна на гарадской плошчы ў Жабінцы прайшла акцыя “Шчаслівыя сэрцы”, ініцыяваная загадчыкам аўтаклуба раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Марынай Дулевіч. У ініцыятыве прыняла ўдзел і першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання “БРСМ” Кацярына Андрасюк.
З цёплымі пажаданнямі кахання і шчасця арганізатары ўручалі жабінкаўцам сувеніры з саломкі ў выглядзе сэрца, паветраныя шарыкі і папяровыя сэрцайкі, створаныя ўдзельнікамі аматарскага аб’яднання “МасцярОК”. Часцінкі добрага настрою і сардэчнага цяпла атрымалі маладыя і пажылыя пары, мамы з дзеткамі і нават адзінокія прахожыя.
У той дзень было холадна, але ад усмешак, віншаванняў і пажаданняў, якімі шчодра абменьваліся ўдзельнікі акцыі, станавілася цёпла на душы.
Ініцыятыва прадоўжылася выездам у раён і закончылася ў вёсцы Старое Сяло, дзе затым адбылася выязная святочная дыскатэка.
Наталля СНЕЖАНЬСКАЯ. Фота аўтара


