У трэцяй гарадской адзінаццацігодцы адбыўся злёт-конкурс юных інспектараў дарожнага руху

У мінулую пятніцу ў трэцяй гарадской адзінаццацігодцы адбыўся 42-і раённы злёт-конкурс юных інспектараў дарожнага руху.
Словы на дарогу яго ўдзельнікам сказалі і поспехаў пажадалі галоўны суддзя спа-борніцтваў начальнік аддзялення ДАІ Жабінкаўскага РАУС Віталь Ячнік, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Віталь Гадлеўскі і дырэктар раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі Галіна Іванова.
Трэба сказаць, што спабор-ніцтвы, пераможцы якіх атрымліваюць не толькі дыпломы, але й грашовыя прэміі, а за першае месца веласіпед, выклікаюць сярод школьнікаў непадробныя папулярнасць і інтарэс.
На шляху да перамогі юныя інспектары з дзесяці школ раёна пераадолелі чатыры этапы-конкурсы. Кожную каманду чакалі тэарэтычны экзамен на веданне правілаў дарожнага руху, аказанне першай дапамогі пацярпеламу, фігурнае ваджэнне веласіпеда і выступленне агітбрыгады.
У напружанай цікавай барацьбе, што разгарнулася ў класных пакоях ды на стадыёне, камандам спатрэбіліся багаж ведаў, кемлівасць, увага і крышачку адвагі.
Найлепшымі знаўцамі, як паводзіць сябе на дарозе, аказаліся юныя інспектары з трэцяй школы. Дарэчы, у індывідуальным заліку першыя месцы сярод хлопчыкаў і дзяўчынак розных узроставых катэгорый занялі навучэнцы менавіта гэтай установы: Данііл Ніканчук і Максім Ляхаў, Вераніка Чарнаплечая і Караліна Куцішка — капітан каманды.
У медыцынскім конкурсе ўдзельнікі павінны былі адказаць на тэарэтычныя пытанні і аказаць першую дапамогу пацярпелым. Лепш за ўсіх з гэтым справіліся вучні першай гарадской. На другім і трэцім месцах — каманды СШ №3 і Хмелеўскай адзінаццацігодкі.
На спартыўнай пляцоўцы каля школы разгортваліся спаборніцтвы ў фігурным ваджэнні веласіпеда. Юныя інспектары дарожнага руху пераадольвалі трасу са шматлікімі перашкодамі, і ў гэтым конкурсе лепшымі сталі Ягор Ніканораў, Сямён Гурын і Вераніка Чарнаплечая — навучэнцы трэцяй гарадской школы — і Ксенія Бакун (СШ № 1).
А вось конкурс “Агітацыйна-мастацкае прадстаўленне” традыцыйна патрабаваў раскрыць творчыя здольнасці хлопчыкаў і дзяўчынак. Дапускаліся толькі аўтарскія сцэнарыі, што прапагандавалі выкананне правілаў дарожнага руху, бяспеку на дарозе, дзейнасць атрадаў юных інспектараў руху. Атрымалася цікава, павучальна, музычна-артыстычна, а найбольш ярка — зноў у навучэнцаў трэцяй гарадской.
Таму журы, у
склад якога ўва-ходзілі работнікі АДАІ Жабінкаўскага РАУС, аддзела па адукацыі райвыканкама, райбальніцы, педагогі ўстаноў раёна, было нескладана вызначыць пераможцаў раённага этапу. У сёмы раз запар імі сталі юныя інспектары трэцяй адзінаццацігодкі. У падарунак ім дастаўся яшчэ адзін новенькі веласіпед і выпаў гонар прадстаўляць Жабінкаўшчыну на занальных абласных спабор-ніцтвах ЮІД. Пажадаем хлопчыкам і дзяўчынкам поспехаў! 
Асобна павіншуем і годных сапернікаў, якія “наступалі на пяткі” пераможцам, — каманды Ленінскай сярэдняй школы і першай гарадской. Дыпломамі і грашовымі прэміямі ўзнагароджаны і кіраўнікі лепшых атрадаў ЮІД: Арцём Серада, Сяргей Балтрамяюк і Яўгенія Дземідзюк.
Наталля ВАЛОШКА
На здымках: моманты раённага злёту-конкурсу юных інспектараў дарожнага руху ў Жабінцы.
Фота аўтара і Святланы КІСЛАЙ