Сённяшнія дзеці не ўяўляюць свайго жыцця без мабільных тэлефонаў, смартфонаў, планшэтаў. Ім не верыцца, што некалі мы маглі спакойна абыходзіцца без іх. Безумоўна, час не стаіць на месцы, і ў век камп’ютарных ды лічбавых тэхналогій з’яўленне “разумных” гаджэтаў — з’ява нармальная. Але ці патрэбны мабільныя ўстройствы дзецям у школе? Ці не перашкаджаюць яны навучальнаму працэсу? З такімі пытаннямі карэспандэнт “СП” звярнулася да навучэнцаў, бацькоў і педагогаў першай гарадской школы.
Дар’я КАНЮЧКА, навучэнка 11 “А” класа:
— На ўроку смартфон не патрэбен, таму што ён адцягвае ўвагу ад вучобы, дае магчымасць тым, хто не хоча думаць сваёй галавой, знайсці адказы на заданні па прадметах і спісаць іх. Некаторыя педагогі нашай школы патрабуюць ад вучняў, каб яны паклалі мабільныя тэлефоны перад урокам на падаконнік або на настаўніцкі стол. Такім чынам, устройствы нікому не перашкаджаюць і не спакушаюць. Не трэба забываць і пра шкоднае для здароўя выпраменьванне: чым менш, тым лепш.
Вольга ЛУКАШУК:
— Працую ў першай школе настаўнікам замежнай мовы. Тут жа вучыцца мой сын, старэйшы яе ўжо скончыў. Упэўнена, што смартфон у школе не патрэбен. Калі ён з сабою, вучні могуць гуляцца пад партай у розныя гульні, пакласці тэлефон пад дзённік ці падручнік і “сядзець” у ім, а не слухаць настаўніка. Дзеці, што маюць у школе пры сабе рознага роду гаджэты, перапісваюцца, здымаюць відэа, карыстаюцца імі як шпаргалкамі, каб падгледзець у інтэрнэце адказ на любое пытанне. Таму на ўроках тэлефоны адназначна не патрэбны. На перапынку ж можна пазваніць бацькам, а дома пачытаць у мабільным інтэрнэце што-небудзь карыснае, пацікавіцца прагнозам надвор’я, апошнімі навінамі.
Юлія МАКАСЮК:
— Лічу, што школьніку дастаткова мець з сабою “разумны” гадзіннік, каб у выпадку пераносу або адмены ўрокаў дзеці маглі звязацца з бацькамі і папярэдзіць пра гэта. Або з сабою можна даць звычайны кнопачны тэлефон, каб у дзіцяці не было спакусы пагуляцца ў гульні, паперапісвацца. Свайму сыну-другакласніку пакуль не даём ні мабільнік, ні “разумны” гадзіннік. Трымаем сувязь з настаўнікам па тэлефоне, у вайберы. Смартфоны пакуль для бацькоў (смяецца).
Алеся ГЛАДКАЯ:
— Я за тэлефон. Але для сувязі, а не для гульняў. Мабільнік павінен быць у школьніка, каб бацькі ведалі, дзе знаходзіцца іх дзіця пасля ўрокаў. Бывае, яно загуляецца па дарозе дадому ці зойдзе да сябра ў госці, а бацькі хвалююцца. Мая Анечка вучыцца ў другім класе, і ў яе на тэлефоне ўстаноўлена спецыяльная праграма, дзякуючы якой мы ведаем месцазнаходжанне дачушкі.
Наталля МАРЗАН:
— Я, як настаўніца і мама, супраць карыстання мабільнымі ўстройствамі ў школе. З іх з’яўленнем дзеці сталі намнога менш чытаць кніг, гутарыць паміж сабой і гуляць у звычайныя, не віртуальныя гульні. Выкладаю беларускую мову і літаратуру ў пятых класах і магу сказаць, што праблемы з тэлефонамі ў нас няма. На ўроках я іх не чую і не бачу. Дзякуй бацькам і адміністрацыі школы, што правялі неабходную работу ў гэтым накірунку.
Апытвала і фатаграфавала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Главные новости
