У прафсаюзаў – шырокае кола спраў

4 снежня ў райвыканкаме прайшла І-я справаздачна-выбарчая канферэнцыя раённага аб’яднання прафсаюзаў, у якой паўдзельнічала паўсотня дэлегатаў, прадстаўляючых 80 прафсаюзных арганізацый Жабінкаўшчыны.

У дакладзе, агучаным старшынёй раённага аб’яднання Нінай Калыбскай, шырока асвятлялася дзейнасць прафсаюзаў Жабінкаўшчыны. Спачатку шэраг лічбаў, якія лаканічна і выразна малююць іх сённяшні стан.

Кропкай адліку стаў 2015 год, калі ў краіне стварыліся раённыя і гарадскія прафсаюзныя аб’яднанні. Зараз на Жабінкаўшчыне існуе 76 пярвічак і чатыры раённыя арганізацыі, прадстаўляючыя 12 галіновых прафсаюзаў, што ўваходзяць у склад ФПБ. Агульна гэта 7490 сябраў. Прафсаюзным членствам ахоплена больш за 96 адсоткаў працуючых. Найбуйнейшы ў раёне прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу (у ім, разам з пенсіянерамі, узятымі на улік, 3624 сябраў). За апошнія гады створаны тузін новых пярвічных арганізацый, у тым ліку пяць – сёлета. Дзейнасць у гэтым накірунку будзе працягвацца і надалей, асабліва ў калектывах, дзе ніколі не было прафсаюза.

У Савет раённага аб’яднання, сфарміраваны таксама ў 2015 годзе, уваходзяць старшыні ўсіх пярвічак і кіраўнікі райкамаў галіновых прафсаюзаў. Актыўна дзейнічае прэзідыум Савета (у яго складзе – дзевяць прадстаўнікоў ад самых шматлікіх прафсаюзных арганізацый). За справаздачны перыяд на 54 ягоных паседжаннях разгледжана 279 пытанняў, што тычыліся працоўных ды сацыяльна-эканамічных правоў работнікаў.

Да таго ж, каб абмяняцца думкамі, прааналізаваць здзейсненае, вызначыцца ў далейшым, штоквартальна збіраецца районны Савет па працоўных і сацыяльных пытаннях (у ім па тры прадстаўнікі ад раённага выканаўчага камітэта, аб’яднання наймальнікаў ды прафсаюзаў). На Жабінкаўшчыне дзейнічаююць два галіновыя пагадненні (у адукацыі і АПК) ды раённае, заключанае ў рамках сацыяльнага партнёрства паміж райвыканкамам, наймальнікамі і раённым аб’яднаннем прафсаюзаў.

Выкананне апошняга абмяркоўваецца двойчы на год. Дадзенае пагадненне ўтрымлівае нормы, якія паляпшаюць узровень сацыяльнай абароны работнікаў, падкрэсліла Ніна Уладзіміраўна, удасканальваюць працоўныя адносіны, спрыяюць стварэнню бяспечных умоў. Гэты дакумент – аснова для заключэння калектыўных дагавароў, якія гарантуюць пашырэнне прафсаюзных колаў. Бо менавіта дзеянне калдагавора, якое распаўсюджваецца выключна на сябраў прафсаюза, ды наяўнасць адказных добрасумленных старшынь прафкамаў і кіраўнікоў, зацікаўленых у вырашэнні сацыяльных праграм, матэрыяльнай падтрымцы, прадастаўленні пэўных ільгот работнікам, стымулюць зацікаўленасць у эфектыўнай працы.

Зараз у раёне дзейнічаюць 65 калектыўных дагавораў, пяць з іх заключаны на ўзроўні вобласці або рэспублікі. Яны разпрацаваны с улікам норм заканадаўства, Генеральнага, галіновых, раённага пагадненняў. Найбольш высокі ўзровень сацыяльнай абароны – у калдагаварах ПМК-10, адкрытых акцыянерных таварыстваў “Рагазнянскі”, “Жабінкаўскі”, “Хмелева”, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, дыстанцыі пуці, банках і іншых.

Як адзначыла дакладчык, мінулыя гады вызначаліся шэрагам знакавых грамадска-палітычных падзей, у якіх прафсаюзы прымалі дзейсны ўдзел. Перш-наперш, гэта выбарчыя кампаніі: прэзідэнцкая (у 2015-м), а за ёй – выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыяльнага сходу Беларусі (2016 і 2019 гадоў) ды мясцовых Саветаў дэпутаў, праведзеныя летась. Вядома, прафсаюзныя арганізацыі Жабінкаўшчыны не стаялі ўбаку ад гэтых падзей. Напрыклад, сёлета падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 18 выбарчых камісіях працавалі 43 прадстаўнікі прафсаюзаў, 36 былі назіральнікамі, праводзіліся пікеты ў падтрымку кандыдатуры Жанны Стаціўка. За гэта Ніна Калыбская выказала падзяку прафсаюзным актывістам.

Яна прыгадала словы саршыні ФПБ Міхаіла Орды, прамоўленыя на V Усебеларускім народным сходзе. Ён акрэсліў задачы прафсаюзаў: захаванне калектываў і вытворчасці, забеспячэнне занятасці з годнай аплатай і ўмовамі працы, павышэнне прафесійнага ўзроўню работнікаў. Усё гэта адлюстравалася ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016-2020 гады, якая рэалізуецца, ў тым лику, і прафсаюзнымі арганізацыямі Жабінкаўшчыны. Дзеля гэтага раённае аб’яднанне праводзіць маніторынгі на прадпрыемствах, між іншым, у пытаннях занятасці, разлікаў па зарплаце, выкананні калектыўных дагавароў. Праблемай застаецца няпоўная занятасць вяскоўцаў у зімнюю пару, выкарыстанне адпускоў за свой рахунак. Актуальнай стала і іншая праблема: датэрміновае скасаванне кантракта па ініцыятыве працаўніка. Пры гэтым наймальнік не заўсёды гатовы пазбавіцца добрага спецыяліста.

З 2015 года кожны апошні чацвер месяца непасрэдна на прадпрыемствах і ў арганізацыях праводзяцца адзіныя дні прыёму грамадзян прававымі інспектарамі працы вобласці. На Жабінкаўшчыне ўжо адбылося 39 такіх прыёмаў, па дапамогу і кансультацыю звярнулася 119 чалавек. З канца 2017-га ў гэтых сустрэчах удзельнічае і намеснік пракурора Алена Сідарук, што дазваляе вырашаць большае кола праблем.

Сярод набалелых – пытанне аховы працы, падкрэсліла Ніна Калыбская. Вялікую дапамогу ў яго вырашэнні аказваюць рэйдавыя групы тэхнічнай інспекцыі працы ФПБ. Сёлета яна была на Жабінкаўшчыне ў студзені, правёўшы маніторынг на 15 прадпрыемствах, выдала 14 рэкамендацый і выявіла 95 парушэнняў. Увогуле, у раёне неабходна больш увагі звяртаць на дзейнасць 307 грамадскіх інспектараў па ахове працы, стымуляваць іх дзейнасць.

Сярод спраў раённага аб’яднання прафсаюзаў і маніторынг цэн, які штомесяц праводзіцца ў магазінах № 15 і “Бакалея”. Так робіцца па ўсёй краіне і дазваляе суадносіць узровень цэн і прыбыткаў грамадзян, звяртаючы ўвагу ўрада на гэтыя пытанні. На жаль, адзначыла дакладчык, кошты на прадукты павышаюцца.

Актыўна ўдзельнічаюць сябры прафсаюзаў у шматлікіх акцыях і культурных праектах. На “Тыдні прафсаюзнай культуры” ў ГДК адбыўся святочны канцэрт мастацкай самадзейнасці раёна, прэзентаваліся паслугі санторыяў “Буг” і “Надзея”, прадукцыя камбікормавага завода. На рэспубліканскай сцэне падчас прафсаюзнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі” Жабінкаўшчыну прадстаўлялі сямейны калектыў Шчасюкоў і майтар у саломапляценні Ірына Коваль. А восенню 2015-га наш горад сустракаў фіналістаў спаборніцтва “Мы – разам!” з удзелам зорак эстрады Эдуарда Ханка і Вікторыі Алешка. За пяцігодку праходзілі запамінальныя раённыя конкурсы, у тым ліку вершаў, прысвечаных 200-годдзю Жабінкі, і фотаздымкаў, прымеркаваны да 115-х угодкаў прафсаюзнага руху Беларусі. І гэты пералік можна доўжыць амаль бясконца, згадваючы праекты  “Прафсаюзы – дзецям”, штогадовыя майскія велапрабегі, “Уладар сяла”, “Аўталедзі”, ды многае іншае, да чаго спрычыніліся прафсаюзныя арганізацыі.

Прыемна было пачуць з вуснаў прамоўцы цёплыя словы і ў адрас журналістаў “Сельскай праўды”. Насамрэч, у нас склаліся прыязныя адносіны, шматлікія матэрыялы з прафсаюзнага жыцця знаходзяць месца на старонках раёнкі і яе сайце. Нездарма сёлета “СП” прызнана пераможцам у абласным спаборніцтве за шырокае асвячэнне дзейнасці рэгіянальных арганізацый Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Асобным радком вылучым працу з моладдзю. Пры раённым аб’яднанні прафсаюзаў створаны маладзёжны савет. Прафсаюзы прыймаюць удзел у районным конкурсе на званне “Малады чалавек года”. Сёлета сумесна з райкамам БРСМ, які ўзначальвае Яўген Мацюшын, праводзіліся інтэлектуальные гульні “Мазгавы штурм”.

Штогод прадпрыемствы і арганізацыі папаўняюцца маладымі спецыялістамі. Адпаведна з пагадненнем райвыканкам прадастаўляе жыллё альбо кампенсуе выдаткі па найму тым размеркаваным у раён бюджэтнікам, хто яго не мае. Анкетаванне, праведзеннае сярод маладых, выявіла: амаль 91 працэнт не расчараваўся ў свай прафесіі, крыху менш за палову плануюць заставацца ў раёне, але ж пры гэтым атрымліваць годны заробак.

Разам з тым дзейнічае Пагадненне паміж арганізацыямі прафсаюзаў, ветэранаў і БРСМ, скіраванае, між іншым, на павышэнне ўзроўню сацыяльнай абароны людзей у шаноўным узросце. За раённым аб’яднаннем прафсаюзаў замацаваны тры ветэраны Вялікай Айчыннай, якім напярэдадні Дня Незалежнасці ўручаны медалі, прымеркаваныя да 75-годдзя вызвалення Беларусі.

У абмеркаванні даклада прынялі ўдзел старшыні прафсаюзных камітэтаў Валетава Л.Е., Рэва Н.А., Карпук Н.Л., першы намеснік старшыні абластнога аб’яднання прафсаюзаў Гурына Е.А., старшыня райвыканкама Кулак В.В.

Затым прайшлі выбары старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў. Рукі, трымаючыя мандаты дэлегатаў канферэнцыі, аднагалосна ўзняліся, каб падтрымаць кандыдатуру Ніны Калыбскай, якой даверана ўзначаліць прафсаюзы Жабінкашчыны на наступны тэрмін. Абраны Савет раённага аб’яднання ды ягоны прэзідыўм.

Урачысты сход утрымліваў і надзвычай прыемныя моманты, звязаныя з уганараваннямі сябраў прафесійных арганізацый. Гэту прыемную місію з бачным задавальненнем выканалі намеснік старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Алена Гурына, кіраўнік раёна Віталь Кулак, старшыня раённага аб’яднання Ніна Калыбская. Юбілейным медалём “115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі” ўганаравана Валянціна Качко, Ганаровай граматай абласного аб’ядання прафсаюзаў – Алена Філіманюк. Граматы райвыканкама атрымалі Зоя Кацэра, Алена Кадлубовіч і Алена Цаль, а раённага аб’ядання прафсаюзаў – Аляксей Масяйчук і Аляксандр Шчасюк.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота Святланы КІСЛАЙ