У ПРАФСАЮЗАХ

Міхаіл ОРДА:
“Трэба жыць і працаваць сумленна”

Прафесійныя саюзы праводзяць пастаянны маніторынг цэн. Сёння гэтая тэма асабліва актуальная. Бо трэба, так бы мовіць, трымаць руку на пульсе і аператыўна рэагаваць, каб з паліц не знікалі тавары, неабходныя для штодзённага спажывання.
Як сведчыць вопыт ды й само жыццё, калі ўзнікае нейкае напружанне, знаходзяцца, на жаль, тыя, хто прагне на гэтым нажыцца. Часам бывала, што цэннікі перапісваліся па некалькі разоў на дзень, а некаторыя гандляры закладвалі проста нерэальны курс у кошт тавару. Найперш такое назіралася з нехарчовымі таварамі. Напрыклад, як засведчыў прафсаюзны аналіз, за апошні месяц рост цэн на некаторыя рэчы асабістай гігіены, бытавой хіміі ды іншых імпартных тавараў даходзіў да 80 працэнтаў.
Днямі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл ОРДА звярнуўся да прадстаўнікоў камерцыйных структур: “Сёння курс валют стабілізуецца. Адпаведна павінны быць адрэгуляваны і цэны. Удзельнікам рынку неабходна таксама аператыўна, як павысілі, “адкруціць” кошты назад. Трэба жыць і працаваць сумленна. Кожны павінен разумець, што, завышаючы цэны на неабходныя тавары, ён літаральна абкрадае людзей, якія штодня сваёй працай зарабляюць гэтыя грошы. Мы ўсе разам адказныя за ўстойлівасць нашай эканомікі. І заўсёды павінны дзейнічаць з аглядкай на інтарэсы адзін аднаго. А неабгрунтаванае павелічэнне коштаў непазбежна цягне за сабой раскрутку інфляцыі. Гэта ў сваю чаргу б’е па ўсіх жыхарах краіны і па ўсялякім бізнесе”.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна КАЛЫБСКАЯ нагадала, што і на Жабінкаўшчыне існуе шматгадовая практыка маніторынгу цэн, якая і цяпер працягваецца.
Анатоль РОСТАЎ