Восем дзясяткаў гадоў няма на карце свету Драмлёва, сорак гадоў на яго месцы ўзвышаецца мемарыял. У панядзелак, 12 верасня, людзі розных узростаў прыйшлі ў мемарыяльны комплекс, каб прыгадаць пра нашу “вогненную вёску”. У той дзень на святым для кожнага жабінкаўца месцы іх сабралі разам жалоба і горкі ўспамін пра крывавы след, які вайна пакінула на жабінкаўскай зямлі, а яшчэ — вера, што такое больш ніколі не адбудзецца ў нашай гісторыі.
Замест уступу. Як не хапала ім дажджу…
У пятніцу, 11 верасня 1942 года, стаяла цёплае надвор’е. Як успаміналі сведкі, было спякотна, нават крыху млосна. А стала вельмі горача, калі ў вёску ўварваліся карнікі. Захопнікі пашчыравалі метадычна. Яны лютавалі бязлітасна, гналі людзей у хлявы, рабавалі жывёлу, рэчы, а потым падпалілі клуні, а ў тых сараях, як свечкі, палымнелі людзі… Было спякотна — стала невыносна ад полымя, якое забірала жыцці. І не хапала тады дажджу, каб загасіў пажар, уратаваў ад смерці… Мо больш тады ўратавалася б ад згубы.
Праз восемдзесят год амаль бесперарыўна ішоў асенні дождж, нібыта прырода дзяліла з людзьмі іх сум і боль аб драмлёўцах.
Так, у нашай памяці даўно “прапісана” імя. Яно гучыць у назве зніклага сяла: Драмлёва. У слове гэтым быццам чуюцца дрымоты. Але той сон — навечна і спакой ля кургана падманлівы. У верасні заўжды абвостраная памяць пра страшнае зладзейства, якое адбылося шмат гадоў назад. Драмлёва ўжо няма, і разам з тым яно жывое, пакуль сюды прыходзяць людзі.
Мінулае і будучыня
Драмлёва нездарма называюць жабінкаўскай Хатынню. Іх лёсы аднолькава трагічныя: старадаўнія паселішчы, спаленыя ўшчэнт, ніколі больш не вярнуліся да жыцця. Таму на хатынскім Могільніку вёсак захоўваецца і драмлёўская зямля, прывезеная летам 1969 года, калі паблізу беларускай сталіцы ўрачыста адкрываўся знакаміты мемарыяльны комплекс.
У напамін пра гэтую непа-рыўную трагічную сувязь жалобны мітынг распачаўся кранальным вершам і танцам “Хатынь” у выкананні ўзорнага калектыву народнага танца “Каруначкі”.
Высокая нота даніны памя-ці, узнятая нашымі юнымі артыстамі, мела працяг у прамовах, якія нагадвалі пра падзеі, што адбыліся на гэтай зямлі восемдзесят гадоў таму.
Старшыня райвыканкама Вадзім КРАЎЧУК падкрэсліў: “Хто не памятае мінулага, той не мае будучага”, паколькі нездарма тое, што адышло ў гісторыю, вяртаецца да нас праз гады, а часам і вякі. Таму мінулае патрабуе беражлівага клопату. Як гэта зроблена напярэдадні жалобнага юбілею, калі ў мемарыяльным комплексе адбылося шырокае абнаўленне. І вынік гэтай працы, у якой паўдзельнічалі многія арганізацыі, цяпер можа пабачыць кожны, хто наведае памятнае месца.
Асабістую ўдзячнасць Вадзім Васільевіч выказаў былому старшыні калгаса “Усход” Аляк-
сею Раманавічу ДОШЧЫКУ і ску-льптару Уладзіміру Пятровічу ВАРАБ’ЁВУ. Менавіта дзякуючы гэтым неабыякавым асобам сорак гадоў таму нарадзілася і была ўвасоблена ў жыццё ідэя годна ўшанаваць Драмлёва і драмлёўцаў. (Дарэчы, мемарыял адкрылі якраз 12 верасня 1982-га).
Згадваючы сваю працу над помнікам, яго ства-ральнік расказаў пра выпадак, што адбыўся за дзень да адкрыцця. Быў Галавасек.
Скульптар пабачыў, як на месца спаленай вёскі прыбыла на калясцы пажылая жанчына. Бабуля пазірала і ледзь стрымлівала слёзы, прамаўляючы малітву. Крануты за жывое майстар у тое імгненне адчуў, наколькі патрэбную справу робіць, якой важнай прафесіяй валодае.
Калі Уладзімір Пятровіч прыгадваў гэты выпадак, я міжволі зірнуў на апошнюю сведку трагедыі — Веру Самсонаўну КІРЫЛЬЧУК. З году ў год яна прыходзіць з суседніх Сцяпанак у Драмлёва і ніколі не хавае слёз, бо ніяк не можа іх стрымаць, згадваючы пра сваіх родных, якія 11 верасня сорак другога ператварыліся ў попел разам са шматлікімі аднавяскоўцамі. Калі ў полымі знікла “вогненная вёска”, дзяўчынцы было ўсяго шэсць гадоў, але і цяпер, праз дзесяцігоддзі, гэтая памяць і боль не пакідаюць яе, хоць скроні даўно пасерабрыла сівізна.
Памяць патрэбна кожнаму
Вядомасць аб драмлёўскай трагедыі даўно перасягнула межы нашага раёна. На гэтае месца, каб схіліць галаву ў жалобе, наведваюцца людзі з розных земляў, блізкіх і далёкіх, ад Паўднёвай Амерыкі да Уральскіх гор.
Каб мемарыяльны ком-
плекс перажыў сваё абнаў-ленне, многія прыклалі намаганні. Сярод тых, хто сёлета падтрымаў гэту справу, — працаўнікі вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Брэстаблгаз”. Падчас мітынгу-рэквіема яго генеральны дырэктар Яўген КАЗІМІРЧЫК таксама звярнуўся да прысутных. Ён нагадаў, наколькі шмат трагічных старонак, падобных на драмлёўскую, захоўвае шматпакутная беларуская зямля, дзе было ў Вялікую Айчынную вайну пашкоджана і зруйнавана карнікамі, нярэдка з людзьмі, больш за 9000 населеных пунктаў. Нездарма сваю прамову Яўген Аляксандравіч скончыў лаканічным пажаданнем: “Вечная памяць загінулым”.
Ведаць пра Драмлёва неабходна і пакаленням, якія ідуць на змену тым, хто не па кнігах ці фільмах ведае пра Вялікую Айчынную. Гэта асабліва адчувальна, на думку дзесяцікласніцы першай гарадской школы Кацярыны ФУНЦЯЕВАЙ, у мемарыяле, дзе перакрыжаваліся нашыя боль і памяць.
Замест заключэння.
Галубы ў мірным небе
Аглушальным бывае нават маўчанне. Калі гэтае маўчанне — хвіліна, абвешчаная ў суправаджэнні метранома і званоў на такім асаблівым месцы.
Адчувальным аздабленнем мітынгу сталі песні ў выкананні нашых ар-тыстаў — Ірыны ЧАРНОВАЙ, Вольгі ЧЭРНІК, Галіны МІЦКОВІЧ, Валерыя НЯМЕНЬШАГА…
Шмат, вельмі шмат ра-зоў за доўгія дзесяцігод-дзі тут гучалі словы-рэк-
віем. Але заўсёды знаходзяцца новыя, што кранаюць сэрца і душу, як упершыню.
Калі пад спевы ўзні-маліся ў восеньскае неба галубы, гучала:
“Адляцелі да неба, сустрэліся з зорамі, ператварыліся ў попел, змоўкнулі навечна, заснулі назаўжды ў бясконцых дрымотах, падзяліўшы адзіны лёс…
Святлом удзячнай памяці і любові нашай няхай асвятляюцца душы спаленых мірных жыхароў Драмлёва.
Памяць наша непарушная, душы вашы бессмяротныя”.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Святланы КІСЛАЙ
Расціслаў БЕНЗЯРУК
***
Драмлёва. Восень. Зноў Галавасек.
Сюды нязменна нас прыводзіць памяць
Праз шмат гадоў, а можа, і праз век
У дождж і слоту, снегу замець.
Баімся, мусіць, што наступіць забыццё.
Да помніка кладзём гірлянды кветак
І згадваем старых, жанчын і дзетак —
Тых, што ў Драмлёве скончылі жыццё.
Было сяло, пакуль чырвоны “змей”
Не спапяліў тым вераснёўскім ранкам
Ураз усё: і хаты, і буслянкі,
Каб птахі не прыносілі дзяцей.
Галавасек і дождж: то плач нябёс.
У Вечнай кнізе ўсе занатаваны
І кожнаму пазначаны свой лёс:
Каму пайсці пазней, а іншым — рана.
Драмлёва. Дождж: зноў неба плача,
А недзе воран чорны крача…

