У красавіку на Жабінкаўшчыне нарадзілася 13 дзетак

У красавіку на Жабінкаўшчыне нарадзілася 13 дзетак

Заўсёды прыемна перадаваць віншаванні матулям і татам з нараджэннем у іх немаўлятак. Такую выдатную місію штомесяц выконваюць супрацоўнікі аддзела загса райвыканкама і газеты “Жабінка актуальна”. Сёння на чарзе – прыгожыя, нібыта месяц красавік, 13 дзетак, зарэгістраваных на Жабінкаўшчыне ў другі веснавы месяц.

І не трэба лічыць, што лічба трынаццаць нейкая нешчаслівая. З гэтым ну ніяк не пагодзяцца бацькі маленькіх сонейкаў, што сярод вясны прынеслі святло ў іх сямейнае жыццё, напоўнілі жытло радасцю і трошкі клопатам пра маленькіх багатыроў і прынцэс. Так-так, ад гэткіх прыемных падзей у кожнага з родных і блізкіх пацяплела на сэрцах адразу ў 13 жабінкаўскіх сем’ях. Усяго сярод красавіцкіх немаўлятак аказалася пяць хлопчыкаў і ажно восем дзяўчынак.

І што цікава, ужо які месяц бацькі выбіраюць для сваіх дзетак арыгінальныя імёны, якія, як правіла, не паўтараюцца. Такім чынам, у другі веснавы месяц на свет прыйшлі хлопчыкі, названыя Цімурам, Паўлам, Кірылам, Цімафеем і Аляксандрам.

А вось юныя прынцэсы сталі носьбіткамі наступных імён: Кацярына, Анастасія, Марыя, Софія і Вера, да іх дадамо яшчэ Вераніку (“пераможную”), Караліну (“каралеўскую”) ды Адэліну (“высакародную”). Пагадзіцеся: вельмі годныя імёны, каб з гонарам насіць іх па жыцці.

Ісці па гэтым жыцці маленькім жыхарам нашага горада і раёна, вядома, ад самай калыскі будуць дапамагаць іх родныя людзі. Для кожнага з іх гэтыя 13 хлопчыкаў і дзяўчынак – самыя любімыя ды вельмі жаданыя дзеткі, радасць сям’і і яе прадаўжэнне.

Разам з татамі і мамамі зусім юных жабінкаўцаў шчыра радуемся з’яўленню ў горадзе-спадарожніку і наваколлях новых жыхароў, якім жадаем моцнага здароўя, шчасця і дабра.

Наталля ВАРАТНІКОВА, начальнік Жабінкаўскага загса; Анатоль БЕНЗЯРУК