У першы дзень свята ў капыльскім Палацы культуры адбудзецца літаратурнае мерапрыемства, якое аб’яднае паэтаў Віцебскага, Гродзенскага, Гомельскага і Брэсцкага абласных аддзяленняў СПБ. У святочных мерапрыемствах прымуць удзел больш за сто аўтараў. На пляцоўцы “Слова пісьменніка” пройдуць літаратурна-гістарычныя віктарыны, адбудуцца прэзентацыі, аўтограф-сесіі. “Сапраўдныя каштоўнасці: дабро, узаемаразуменне, адзінства — усё гэта аўтары падкрэсліваюць у сваіх творах. Сучасныя пісьменнікі актыўна працуюць, любяць сустракацца з чытачамі і будуць рады прадставіць свае праекты на вялікім свяце слова”, — адзначыла першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах.
Асноўны дзень свята — 5 верасня. Сярод ключавых мерапрыемстваў — перадача эстафеты гораду Добрушу — сталіцы Дня беларускага пісьменства ў 2022 годзе; цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі; цырымонія гашэння канверта і арыгінальнай маркі, прысвечаных XXVIII Дню беларускага пісьменства.
У Капылі ўстановяць помнік беларускаму пісьменніку Цішку Гартнаму, а таксама прадставяць скульптурную кампазіцыю, прысвечаную сталіцам Дня беларускага пісьменства. Наватарскі праект Беларускага саюза мастакоў — адкрыццё Алеі пісьменнікаў Капыльскага раёна з QR-кодамі, адсканіраваўшы якія можна будзе атрымаць доступ да біяграфіі аўтара і азнаёміцца з творамі, якія ён напісаў. “Гэта наша слава, наша духоўнасць. За вялікімі пісьменнікамі стаяць творы, якія яны стваралі ў розныя часы і адлюстроўвалі гісторыю нашай краіны. Я заклікаю перачытаць творы класікаў, каб больш было зразумела значэнне і важнасць Дня беларускага пісьменства», — дадала Алена Стэльмах.
Асноўнай тэмай Дня беларускага пісьменства стане Год народнага адзінства. Цэнтральная пляцоўка “Адзінства” будзе аформлена ў адпаведнасці з зада-
дзенай тэмай, дзе прадставяць выставу газет і часопісаў “17 верасня — Дзень народнага адзінства”, падрыхтаваную Міністэрствам інфармацыі і Нацыянальным гістарычным музеем. Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства пачнецца з рэспубліканскай навукова-асветнай экспедыцыі “Дарога да святынь”, якая праходзіць пры падтрымцы Беларускай праваслаўнай царквы. Адправіцца экспедыцыя 1 верасня, а завершыцца 5-га ў Капылі.
БелТА
Главные новости
