У хлебнай скарынкі спелага коласа смак

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Жніво сёлета пачалося амаль на два тыдні раней звычайнага. Спякота, зразумела, унесла свае карэктывы, і камбайны выйшлі ў поле абмалочваць спелыя каласы.
– Такога не памятаю за восем гадоў кіраўніцтва гаспадаркай, каб мы ўбіралі хлеб і паралельна вялі нарыхтоўку сенажу, – расказвае дырэктар ААТ “Вазнясенскі” Надзея Кандрацюк. – Акурат другі ўкос канюшыны падаспеў. Адно і другое патрабуе ўвагі.
Палі ў “Вазнясенскім” – любата. Куды ні кінь вокам – спелыя каласы шапацяць зярнятамі, як залацістае мора, хвалямі гойдаюцца пад лёгкім ветрыкам. І ніякага пустазелля! Жыта, ячмень, трыцікале, кукуруза чысцюткія, як праз сіта сеяныя.
Надзея Рыгораўна, пакуль едзем да камбайнераў, як дбайная гаспадыня, дзеліцца сакрэтам чысціні пасеваў: зрабілі перадпасяўную апрацоўку палёў, потым не пашкадавалі ні грошай, ні часу на чарговую хімпраполку. Адсюль і вынік. Таму і камбайнерам лягчэй малаціць спелае зерне.
– Шчыра кажучы, кожны ўборачны год для мяне хвалюючы і напружаны, – расказвае Надзея Рыгораўна. – “Запраўляем” зямліцу ўсім пад поўную патрэбу, поўнасцю вытрымліваем тэхналогію і спа-дзяемся на аддачу. Закладваючы ўраджай 2018 года, стаўку зрабілі на азотныя ўгнаенні, фунгіцыдную апрацоўку. І не памыліліся – у спякотнае лета некаторыя палі пры абмалоце не могуць не радаваць. Скажам, азімых на адным з участкаў атрымалі 72 цэнтнеры на круг. Пшаніцы таксама мелі 44 і 66 цэнтнераў з гектара – у залежнасці ад таго, як затрымлівалася вільгаць. Памятаеце, якая мокрая была восень? На некаторых палях з-за “вымачак” карнявая сістэма раслін не змагла атрымаць усё неабходнае, што мы ўнеслі.
Сёння хочацца мець больш, бо хлеб – гэта не толькі харчовая бяспека дзяржавы, але і забеспячэнне жывёлагадоўчай галіны кармамі, канцэнтратамі. Думаецца, дзяржзаказ на збожжа “Вазнясенскі” выканае без цяжкасцяў. Дый увогуле ўпэўнена: збяром хлеба не меньш, чым летась. Калі паспрыяе надвор’е, 1163 гектары нашы шэсць экіпажаў камбайнераў змогуць убраць за два тыдні.
Дырэктар гаспадаркі з задавальненнем расказала пра галоўных герояў жніва, сярод якіх – тры сямейныя экіпажы. Гэта Валерый і Дзмітрый Дзямідчыкі, Мікалай і Аляксандр Вайтовічы, Рыгор і Мікалай Буяны, а таксама Дзмітрый Мандра і Аляксандр Міхайлоўскі, Васіль Альшанец і Мікалай Стоцік, Сяргей Дзенісовіч і Юрый Вайтовіч. Ад іх камбайнаў адвозяць збожжа Сцяпан Кандрацюк, Дзмітрый Савосін, Юрый Члек, Уладзімір Дземідовіч. Кожны год у “Вазнясенскім” ушаноўваюць тысячнікаў-камбайнераў і вадзіцеляў, якія неаднойчы станавіліся пераможцамі не толькі раённага спаборніцтва на жніве, але і абласнога ўзроўню. І на сёлетняе жніво хлопцы настроены рашуча.
…А пакуль – працоўныя будні, нягледзячы на спёку ці раптоўны дождж. Абмалочваючы “загонку”, камбайнеры ў канцы дня атрымліваюць талоны якасці – як школьнік адзнаку ў дзённіку. Высокая адзнака – значыць і аплата суадносная. Ну, а калі “адзінка” – не зарплата, а сорам. Праўда, такога камбайнеры тут не дапускаюць. У “Вазнясенскім” не прынята працаваць спусціўшы рукавы.