У гонар добрых спраў

На мінулым тыдні адчыніў свае дзверы будынак Жабінкаўскага раённага Следчага камітэта

На ўрачыстым адкрыцці абноўленага пасля капітальнага рамонту будынка прысутнічалі госці — старшыня Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь генерал-маёр юстыцыі Дзмітрый Гара і начальнік упраўлення Следчага камітэта краіны па Брэсцкай вобласці генерал-маёр юстыцыі Дзмітрый Канаплянік, а таксама прадстаўнікі раённай выканаўчай улады, кіраўнік пракуратуры, сілавых і праваахоўных структур, будаўнічых арганізацый.
Першым да мікрафона падышоў Дзмітрый Гара:
— Вельмі прыемна прысутнічаць на такім мерапрыемстве ў Жабінцы напярэдадні юбілейнай даты — 10–годдзя ўтварэння Следчага камітэта і Дня супрацоўніка органаў папярэдняга следства.
Дзмітрый Юр’евіч адзначыў: зроблены камфортныя ўмовы для тых, хто займаецца аховай правоў і інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы. Госць шчыра падзякаваў за падтрымку з боку мясцовых улад, выказаў удзячнасць будаўнікам і праекціроўшчыкам, што якасна выканалі рамонтныя работы.
Другі госць, Дзмітрый Канаплянік, таксама высока ацаніў створаныя ўмовы для працы і ўзнагародзіў людзей, якія ў прамым сэнсе прыклалі да гэтага працавітыя рукі. Граматы і Лісты падзякі Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці атрымалі начальнік Брэсцкага гарадскога рамонтна-будаўнічага ўпраўлення № 2 Мікалай Гук, вытворца работ і муляр гэтай арганізацыі Мікалай Вярэніч і Уладзімір Міневіч; дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Жабінкаўскага раёна Ігар Касянкоў; загадчык гаспадаркі Жабінкаўскага РАСК Сяргей Кузьміч.
Новыя гаспадары атрымалі сімвалічны ключ ад будынка. Яго ўручылі начальніку раённага аддзела Следчага камітэта Юрыю Юркевічу. Праз хвіліну настаў доўгачаканы і хвалюючы момант: Юрый Юркевіч, Дзмітрый Гара разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Анатолем Шалтанюком перарэзалі чырвоную стужку і адкрылі абноўленае памяшканне раённага Следчага камітэта.
Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара