Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Чарговая чацвярговая раніца выдалася яснай. Сонечныя праменьчыкі гарэзліва скакалі па вершалінах дрэў, дахах будынкаў, зазіралі ў вокны. І, калі большасць гараджан яшчэ даглядалі свае ранішнія каляровыя сны, на мехдвор ужо збіраліся рупліўцы — пешшу, на роварах, машынах.
Хутка мехдвор “ажыў”: зашамацелі пуцявыя лісты вадзіцеляў, затупацелі боты па асфальтавай пляцоўцы. Сям-там камбайнеры аглядалі сваіх “жалезных” коней, ачышчалі жняяркі ад учарашняй саломы — рыхтаваліся да чарговага дня ўборкі і нягучна абмяркоўвалі, ці паспрыяе ім сёння надвор’е.
Нарэшце ўсе атрымалі заданні, і, калі крыху спала раса, мехдвор апусцеў.
Зусім хутка на палях загудзела тэхніка. Спелыя каласы паслухмяна кланяюцца жняяркам. Некалькі абаротаў барабана — і ўжо абмалочаныя зярняты жоўтым патокам сыплюцца ў бункер. А загарыцца яркая лямпачка на кабіне камбайна — тут ужо, вадзіцель, не пазяхай, падстаўляй кузаў і прымай цёплы, аблашчаны сонейкам і ветрыкам новенькі ўраджай! А як сыплецца шумным струменем збожжа са шнэка — любата! Здаецца, глядзеў бы і глядзеў… Камбайнерам, праўда, не да лірыкі — вызвалілі нутро сваіх “коней” ад збожжа і айда новую загонку біць. Толькі і перакур, калі выгрузка ідзе. Або дожджык пасваволіць, калоссе намочыць. Ці, крый Божа, паломка якая. Гэта зусім бяда. Прастаіш на рамонце — што заробіш?
Міхаіл Вячорка, дырэктар ААТ “Жабінкаўскі”, на ўборцы з самага ранку. Раз-пораз паглядае на неба: сонейка то жартаўліва схаваецца за кучаравыя аблокі, то зноў аслепіць. Між іншым, на захадзе неба зацягнула ліловая, шчыльная хмара. “Каб хоць вытрымала, хай бы дожджык да ночы пацярпеў, паболей убраць хочацца”, — мільганула думка. Вільгацеметр паказаў 12,7 % вільготнасці збожжа — значыць, дасушваць яго не трэба, дастаткова ачысціць ад прымесяў.
Міхаіл Мікалаевіч пагрузіўся ў свае думкі і не адразу заўважыў, як да яго падышла надзейны памочнік, яго “правая рука” — намеснік па вытворчасці Ганна Плытнік.
— Ну што, да дажджу паспеем гэты клін дабіць?
— Хацелася б. Будзем спа-дзявацца, што дожджык сёння патрывае. Хаця, кукуруза і буракі не адмовіліся б смагу наталіць… Надвор’е — бадай, адзінае, на што мы ўплываць не можам. Ну, нічога. Як у той песні пяецца, “У природы нет плохой погоды. Всякая погода — благодать…” Нічога, Міхаіл Мікалаевіч, прарвёмся.
Яшчэ раз праверыў салому (ці добра вымалочваюцца зярняты?), пагаманіў з камбайнерамі, усміхнуўся Ганне на развітанне, сеў у машыну і накіраваўся на суседняе поле, дзе ўбіралася ў гэты час салома.
***
Сонца ўжо збіралася на адпачынак, асцярожна ніжнім краем кранаючы лінію гарызонту. Яго аранжавыя промні афарбоўвалі палі ў неверагодныя насычаныя колеры. Ганна Іванаўна спрытна выкручвае руль “усюдыхода” “Нівы”, і пад коламі стужкай звіваецца то раўнюткая асфальтавая дарога, то запыленая палявая сцяжынка, заезджаная коламі магутнай тэхнікі. Нарэшце першы прыпынак — поле за вёскай Навасады. Тут апошнія загонкі “б’юць” два камбайны. Ганна Іванаўна на хаду расказвае, што тут сеялі трыцікале і гэта — насенны ўчастак. “Таму ўбіраць яго трэба акуратна і якасна. Збожжа выдатна выспела, абмалочваецца лёгка. Яшчэ крыху — пачне асыпацца. Хлопцы малайцы: жнуць акуратна, на сумленне”.
Спыняем на хвілінку камбайны, каб зрабіць фота. Рупліўцы, нягледзячы на стомленасць, з усмешкамі на тварах пакідаюць кабіны. Адзначыла пра сябе, што і з дысцыплінай у “Жабінкаўскім” усё ў парадку — хапіла ўсяго некалькі жэстаў, каб мужчыны сталі так, як мне трэба для здымка.
Аляксей Буцько, Пётр Цалюк, Вячаслаў Пясецкі і Уладзімір Казусік не першы год убіраюць збожжа. Станавіліся яны і пераможцамі раённага конкурсу на жніве. Летась у “Жабінкаўскім” было ажно пяць экіпажаў камбайнераў і чатыры — вадзіцеляў-тысячнікаў. Сёлета, улічваючы, што ўраджайнасць лепшая, чым летась, мо, і герояў жніва будзе больш?
Далей рушым на поле побач з вёскай Рачкі. Тут спрытна снуюць, ажно пыл слупом (значыцца, збожжа спелае, сухое!), чатыры экіпажы камбайнераў.
Сабраць іх для фота аказалася так жа проста. Стомленыя, запыленыя і… такія ж усмешлівыя. Свеціцца душа сапраўднага хлебароба!
За вёскай Курпічы прэсаваў салому Андрэй Кузнец. Яго нязменны жалезны памочнік “Джон Дзір” вось ужо 13-ы год паслухмяна служыць гаспадару. Андрэй паспявае расказаць, што “пасябраваў” з тэхнікай яшчэ ў школе. Убіраў хлеб на “Доне”, “Лідзе” і сучасных камбайнах, сеяў цукровыя буракі.
— А цяпер вось салому прэсую. Ужо звыш 3,5 тысячы штук “цаглінак” выдаў, — пляснуў далонню па саламяным прамавугольніку. — Потым іх звязуць у сховішча. Сюды прыйдуць трактары з плугамі, сеялкамі… І зноўку гэтае поле будзе лашчыць вока сакавітымі пабегамі. У гэтай кругаверці — наша жыццё…
На зернетаку, нягледзячы на вечар, ажыўлена. Ліловая хмара, якая гразілася праліцца дажджом, накіравалася-такі ў бок Камянца. Таму сухое збожжа трэба толькі ачысціць ад прымесяў. Два аператары зернесушыльных комплексаў Павел Пятручык і Аляксей Гацкевіч увішна спраўляюцца з гэтай задачай. Павел Сяргеевіч, напрыклад, зараз у працоўным адпачынку. Ён мог бы, канечне, загараць дзе-небудзь на берагах Турцыі ці Егіпта, аднак другі год запар спяшаецца на зерняток “Жабінкаўскага”. І дапамога гаспадарцы, і падзарабіць можна. Аляксей Гацкевіч, яго напарнік, — студэнт. Мог бы таксама “завісаць” у ноўтбуку (дарэчы, купіў летась за ўласна заробленыя грошы), ды канікулы, лічыць, не для адпачынку, а для працы. Ён, дарэчы, тут з 14 год рупіцца, таму ведае кошт уласнага рубліка! Яго не напалохаць дажджом, мазалямі ад рыдлёўкі, пылам і асцякамі, якіх багата ляціць пры выгрузцы збожжа. Вось такія хлопцы, правераныя на практыцы, змогуць прыйсці на змену аксакалам у любімую сельгасарганізацыю.
…У той дзень хлебаробы добра пастараліся, 116 гектараў убралі, 550 тон збожжа намалацілі. З такімі тэмпамі (7,7 % прыросту) уборкі на 5-6 дзён засталося. Калі, канечне, яго вялікасць надвор’е не ўмяшаецца і тэмпы не спыніць. А жніво ў “Жабінкаўскім”, між іншым, перасягнула экватар.




На здымках:
Аляксей Буцько, Міхаіл Вячорка, Пётр Цалюк, Вячаслаў Пясецкі і Уладзімір Казусік;
Мікалай Канючка;
Андрэй Кузнец;
Ганна Плытнік, Аляксей Гацкевіч і Павел Пятручык;
Ігар ФІЛІПОВІЧ, Таісія КУЛІК, Уладзімір Гурын, Аляксей САЎЧУК,
Андрэй ПЕШКА, Павел Бохан, Аляксей КАЗУСІК.
