У гарадскім Доме культуры ў Жабінцы адбыўся канцэрт, прысвечаны Дню жанчын

У гарадскім Доме культуры ў Жабінцы адбыўся канцэрт, прысвечаны Дню жанчын

У гарадскім Доме культуры ў Жабінцы адбыўся канцэрт, прысвечаны Дню жанчын, назва якога “Жанчына – музыка, жанчына – святло” сапраўды адлюстроўвала сутнасць святочнай імпрэзы.

Атмасфера свята адчувалася ўжо ў холе гарадскога Дома культуры: тэматычныя выставы кніг і карцін, гукі жывой музыкі настройвалі гасцей на лірычны лад. Не пуставала і святочная фотазона, якая вабіла сваёй крэатыўнасцю.

Насычаную канцэртную праграму адкрыў народны аркестр народных інструментаў настаўнікаў Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў, які задаў высокую ноту ўсяму вечару. Эстафету падхапілі творчыя калектывы раёна, што падарылі прысутным жанчынам сапраўдны калейдаскоп эмоцый. Музычныя віншаванні-падарункі прадстаўніцы прыгожага полу прымалі ад Валерыя Няменьшага і Ганны Макавецкай, Наталлі Лосевай і Аксаны Пракошынай, Яўгена Скарыны і Софы Ражалоўскай, Яўгена Назаранкі і Ліліі Дашкевіч, Веранікі Серады і Анастасіі Прудзялюк, вакальных калектываў “Каларыт”, “Аляксандр-парк”, “Мара” і “Смайл”, міні-тэатра песні і гумару “Спявай, душа!”. А якія яркія нумары падарылі гледачам удзельнікі ўзорнага ансамбля народнага танца “Каруначкі”!

Ад імя ўсіх мужчын раёна з кранальным віншаваннем да жанчын у зале звярнуўся старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Андрэй Кузьміч. Андрэй Мікалаевіч падзякаваў прадстаўніцам прыгожага полу за іх працу, уклад у развіццё Жабінкаўшчыны, клопат аб сем’ях і выхаванні дзяцей, пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту і шчасця.

Цёплыя словы віншаванняў са святам 8 Сакавіка прагучалі і ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Андрэя Юруця. Ён адзначыў важную ролю жанчын у грамадскім жыцці і развіцці раёна і падкрэсліў, што менавіта жанчына застаецца захавальніцай хатняга агменю і натхняльніцай на добрыя справы.

Яркім завяршэннем канцэртнай праграмы, сапраўдным сюрпрызам стаў выхад на сцэну ўсіх мужчын-артыстаў, што выканалі папуры папулярных песень пра жанчын і для жанчын.

Святочны канцэрт стаў яшчэ адной нагодай сказаць словы падзякі жыхаркам Жабінкаўскага раёна за іх працу, мудрасць, дабрыню і цеплыню, якую яны дораць тым, хто побач. Кожны музычны нумар гучаў як гімн жанчыне – крыніцы натхнення, святла і неўвядальнай прыгажосці.

Наталля ВАЛОШКА

Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ

Больше фото