Некалі, дзякуючы Музам — ахоўніцам мастацтва і культурнай спадчыны — у наша жыццё ўвайшлі два важныя словы: “музыка” і “музей”. Цяжка ўявіць сябе без цудоўных мелодый, якія кожны дзень здольныя зрабіць святочным. А сёння асаблівы дзень і для супрацоўнікаў Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Установа святкуе першую круглую дату: роўна 10 гадоў таму яна расчыніла свае дзверы перад наведвальнікамі.
Музей на вуліцы Касцюшкі ў Малых Сяхновічах узнік не на пустым месцы. Ідэя стварыць асяродак, дзе будуць захоўвацца рэчы і дакументы, здольныя паказаць багатае мінулае краю, літаральна вітала ў паветры з канца 90-х. Першым крокам было стварэнне ў Сяхновіцкай школе мастаком Міхаілам Карнеевым у 1994 годзе некалькіх стэндаў, прысвечаных генералу Тадэвушу Касцюшку і 200-м угодкам яго паўстання. 3 лютага 2003 года ў гонар слыннага нараджэнца Сяхновічаў адчыніўся ўжо цэлы мемарыяльны пакой. Аднак неўзабаве школа спыніла сваё існаванне і свет пабачыла адпаведнае рашэнне райвыканкама пра заснаванне ў ёй краязнаўчага музея. Першым яго дырэктарам стаў Валерый Ананьеў, а за ім гэту своеасаблівую культурную ўстанову ўзначальвалі Сяргей Дзямідаў, Жанна Падрубная, Дзіяна Дубіна.
У 2010-2011 гадах за кошт раённага і абласнога бюджэтаў абнаўляліся не толькі сцены былой школы, збіраліся памяткі старыны для будучых экспазіцый, з дапамогай прафесіянальных музейшчыкаў з Брэста і сталіцы стваралася канцэпцыя гэтай сапраўды ўнікальнай установы. Нарэшце ў цудоўны цёплы дзень 19 мая 2011 года раённы музей быў урачыста адкрыты. Першым яго экспанатам па праве стаў бюст Тадэвуша Касцюшкі, створаны ў 1932 годзе выдатнай скульптаркай Бальбінай Свіціч-Відацкай. А неўзабаве фонды папоўніліся сотнямі арыгінальных рэчаў, што расказваюць пра мінулае Жабінкі і наваколляў.
Сёння ў музеі чатыры залы. Першая, куды адразу трапляюць наведвальнікі, — этнаграфічная. У ёй узноўлены інтэр’еры сялянскай хаты памежжа ХIХ і ХХ стагоддзяў, прадстаўлены ганчарныя і ткацкія вырабы таго часу, маюцца такія незвычайныя экспанаты, як драўляная каўбасніца або самаробныя дзіцячыя цацкі ці плойка для завіўкі валасоў.
Сама вялікая зала — Касцюш-каўскі мемарыял, у якім госці могуць даведацца пра гісторыю старадаўняга роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх і яго самага пра-слаўленага прадстаўніка. Бія-графія Тадэвуша Касцюшкі нераз-рыўна звязана з Сяхновічамі. Тут ён прыйшоў на свет, жыў пасля вандровак па Амерыцы, пра сяхновіцкіх сялян думаў перад смерцю, даруючы ім у 1817 годзе вольную.
Пасля знаёмства з Касцюшкавай спадчынай можна дакрануцца да падзей Вялікай Айчыннай вайны. У зале баявой славы — дакументы і рэчы ўдзельнікаў тых падзей, спісы загінулых, штык-нажы, каробкі для кулямётнай ленты, гільзы снарадаў, крэсла савецкага лётчыка, ветэранскія медалі ды многае-многае іншае.
Чацвёртая музейная зала прысвечана гісторыі раёна ад першабытнасці да нашых дзён. Асобныя стэнды і цікавыя старадаўнія рэчы ўводзяць наведвальнікаў у свет мінулага, калі Жабінка была яшчэ толькі невялікім мястэчкам, моцна знітаваным з чыгуначнымі шляхамі. Аднак турысты могуць даведацца не толькі пра развіццё прамысловасці і чыгункі, якая прайшла праз наш горад восенню 1871 года. Іх чакае знаёмства з гісторыяй медыцыны і адукацыі, культуры і спорту, яны могуць пачуць пра першыя калгасы і машынна-трактарныя станцыі, узбагаціцца ведамі пра духоўную спадчыну нашага краю і слынных таленавітых людзей, якіх падаравала свету жабінкаўская зямля.
Нашы музейшчыкі, якіх узначальвае сённяшні дырэктар Святлана Царук, праводзяць таксама шырокую даследчую і асветніцкую дзейнасць з дарослымі і школьнікамі, дэманструюць свае экспанаты на раённых святах, падтрымліваюць сувязі з іншымі музеямі. Перыядычна ў залах музея ладзяцца выставы. Да слова, самыя буйныя міжнародныя праекты, цэнтрам якіх станавіліся Малыя Сяхновічы, — “Вёска, якая не павінна знікнуць” і супрацоўніцтва з ня-мецкімі валанцёрамі, якія аказвалі дапамогу былым вязням фашызму, што пражываюць на Жабінкаўшчыне.
У Доме Муз заўжды рады наведвальнікам. Заўсёды на бачным месцы ў музеі — Кніга ганаровых гасцей. Геаграфія тых, хто пераступаў парог дома на вуліцы Касцюшкі ў Малых Сяхновічах, — самая шырокая. Сваю ўдзячнасць спецыялістам музейнай справы выказвалі не толькі жыхары раёна і ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Сярод наведвальнікаў лёгка адшукаць аўтографы, пакінутыя гасцямі з Польшчы і Расіі, Злучаных Штатаў і Швейцарыі, Германіі і Францыі, многіх іншых куткоў планеты, якім цікавы наш край.
Два дні запар у жабінкаўскіх музейшчыкаў святы: учора — Міжнародны дзень музеяў, сёння — уласны юбілей. Шчыра віншуем іх, зычым здароўя і поспехаў у карыснай працы, якая пашырае нашы веды пра мінулае.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымках: удзельнікі праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць”; у Касцюшкаўскай зале музея.

