Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Не сакрэт, што добрую малочную карову можна вырасціць са здаровага цяляці. А для гэтага трэба для самых юных рагуль стварыць адпаведныя ўмовы. Радуе, што жывёлаводы Жабінкаўшчыны з разуменнем ставяцца да вырошчвання маладняку – будуюць прафілакторыі і боксы для цялят. Справа нятанная, аднак вельмі патрэбная. Выдатныя ўмовы для вырошчвання самых юных насельнікаў малочнатаварных ферм створаны ў ААТ “Ракітніца”, “Вазнясенскі”, “Арэпічы”, “Хмелева”. А зусім нядаўна прафілакторый для цялят адкрыўся і ў ААТ “Азяты АГРА”. Карэспандэнт “Сельскай праўды” пабывала якраз у дзень наваселля – у клеткі-“пакойчыкі” акурат расстаўлялі маладняк.
“Ну, мілая, шпарчэй, там цябе аднапакаёвыя “апартаменты” чакаюць”, – лагодна ўгаворвае трохтыднёвую пярэстую цялушку заатэхнік-селекцыянер Таццяна Даманская.
Аднак малая з чорнай плямай на лбе ўпёрлася ўсімі чатырма капытцамі (ну, не цялятка – асляня ўпартае!), матляе галавой. “Ну, не хочаш ісці сама, паедзеш, як паненка!” Праз хвіліну ўпартае цялятка ўжо разгублена азіралася па баках, разглядаючы пейзаж вакол фермы з… тачкі. Жывёлаводы акуратна даставілі “паненку” ў прафілакторый і запусцілі ў асобную клетку. Малое хутка асвоілася ў сваім “пакойчыку”, заўважыла на дзверцах прымацаванае вядзерца з соскай-паілкай, хуценька высмактала “абед” і, сытае, уляглося на салому. Прыкладна па такім жа сцэнарыі абжываліся ў сваіх клетках і астатнія цяляткі.
– Ідэя пабудаваць прафілакторый для маладняку з’явілася больш за год таму, – каменціруе, назіраючы за ходам “наваселля”, кіраўнік ААТ “Азяты АГРА” Аляксандр Лукашэвіч. – Задача, скажам, не з танных: абыходзіцца прыкладна ў 100 тысяч рублёў. Аднак у нас былі праблемы з размяшчэннем маладняку, дый тэхналогію вырошчвання яго захоўваць трэба.
Восенню мінулага года за спонсарскія грошы на МТФ № 1 “Азяты” залілі бетонную пляцоўку, устанавілі так званыя “клюшкі” і першы рад даху. Бягучай вясной работы былі працягнуты: накрылі дах, узвялі бакавыя сцены, шторы на вокнах, жывёлаводчыя памяшканні, зманціравалі клеткі для індывідуальнага ўтрымання.
Прафілакторый разлічаны на 260 цялятак. Яны будуць знаходзіцца тут да трохмесячнага ўзросту.
– Перш чым будаваць прафілакторый, я аб’ездзіў нямала ферм у суседніх раёнах, – расказвае дырэктар ААТ “Азяты АГРА”. – Цікавіўся, як зроблена ў суседзяў. Найбольш спадабалася ў маларытчукоў – у іх індывідуальныя клетачкі зроблены з полікарбанату, аналагічна змайстравана ў суседзяў-ракітчукоў. Адзінае, мы ўдасканалілі іх ідэю: выкарыстоўвалі перагародкі таўшчынёй у 1 см, а не 0,4, як у суседзяў, бо цялятка, калі падрастае, можа гэты матэрыял проста пабіць. На дзверцах спецыяльныя абцугі-кручкі, на якія можна павесіць па тры вядзерцы – з камбікормам, вадой і малаком. Цяляты за кошт полікарбанату не кантактуюць адно з адным, што дазваляе ўзмацніць імунітэт і звесці рызыку інфекцый да мінімуму. На подсціл – салома. Для абслугоўвання прафілакторыя дастаткова ўсяго два чалавекі. Няма скучанасці, скразняку, ападкаў – і гэта таксама вялікі плюс для цялят. Дадзены прафілакторый, думаю, стане яшчэ адным узмоцненым звяном у малочным ланцужку.
На здымку: Таццяна ДАМАНСКАЯ з першым навасёлам прафілакторыя для цялят ААТ “Азяты АГРА”.
