У цэнтры ўвагі — гісторыя адукацыі раёна

Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.

На мінулым тыдні ў госці да ліцэістаў завітала старшыня раённага савета ветэранаў сістэмы адукацыі Тамара Барысюк. Тамара Дзмітрыеўна расказала аб гісторыі адукацыі на Жабінкаўшчыне, пазнаёміла з заслужанымі педагогамі нашага краю, ветэранамі галіны, вядомымі педагагічнымі дынастыямі, удзельнікамі конкурсаў прафесійнага майстэрства. Свой аповед госця суправаджала цікавай відэапрэзентацыяй “Гісторыя адукацыі: факты, падзеі, людзі”, прысвечанай 75-годдзю нашага раёна. Тамара Барысюк была запрошана не выпадкова: другі год у ліцэі ідзе работа над праектам “Гісторыя адукацыі Жабінкаўшчыны”. Разам з яго кіраўнікамі — настаўнікам гісторыі Элінай Чарнецкай і педагогам-арганізатарам Жаннай Падрубнай — ліцэісты збіраюць звесткі і цікавыя факты аб ветэранах педагагічнай працы, заслужаных настаўніках і выдатніках адукацыі, а таксама аб гісторыі ўстаноў. У скарбонцы сабраных матэрыялаў — фотаздымкі, дакументы, узнагароды. Сустрэча з Тамарай Дзмітрыеўна стала для ліцэістаў яшчэ адной добрай магчымасцю ўзбагаціцца новымі ведамі і дапоўніць праект малавядомымі звесткамі.