У Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці адбыўся конкурс юных майстроў “Усё ў тваіх руках”

У Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці падчас правядзення выставы “Берасцейшчына: традыцыі і святы” адбыўся конкурс юных майстроў “Усё ў тваіх руках”.
У ім прынялі ўдзел і прадстаўніцы нашага раёна, якія займаюцца ў Жабінкаўскім раённым цэнтры творчасці для дзяцей і моладзі. Соф’я Лобік, Кацярына Юзафовіч і Арына Шыманская, нягледзячы на хваляванне, на выдатна справіліся з заданнямі і праявілі свае лепшыя якасці як творчых натур, так і таленавітых майстрых.
— Шчыра кажучы, заданні былі няпростыя, — дзеліцца ўражаннямі педагог аб’яднання па інтарэсах “Майстэрня флордызайну” Святлана Постнікава. — Мае дзяўчынкі Соф’я і Кацярына выступалі ў намінацыі “Сучасныя накірункі: квілінг, арыгамі, скрапбукінг”. Ім трэба было ўсяго за дзве гадзіны падрыхтаваць конкурсную работу на тэму “Святы”. Раскрывалі тэму самастойна ў прысутнасці журы. На сталах перад удзельніцамі былі толькі фон, эскіз і некаторыя элементы. Кацярына ўзялася за карціну “Купалле” (здымак 1), а Соф’я стварала купальскі вянок (здымак 2). Першая працавала ў тэхніцы квілінгу, другая — арыгамі. Уявіце сабе: тонкія папяровыя стужкі рознага колеру, згорнутыя ў кропелькі, кружочкі, лісцікі і іншыя формы, трэба злучыць з асновай вельмі акуратна і дакладна. У Кацярыны на карціне тры дзяўчыны ў нацыянальных строях пускаюць на ваду вяночкі, а Соф’я вельмі творча падышла да выкладвання купальскага вяночка ў стылі арыгамі. Потым юныя канкурсанткі “абаранялі” свае творы перад журы. Абедзве работы атрымалі выдатныя водгукі і заслужаныя дыпломы І і ІІ ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.
12-гадовая Арына Шыманская, якая займаецца ў педагога Вольгі Кіслай у аб’яднанні “Чароўная пацерка”, прадставіла работу ў стылі “Беларуская традыцыйная выцінанка”. Яе творчая ідэя (здымак 3) была адзначана дыпломам ІІІ ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама. Як здорава, што ў нашым маленькім і ўтульным гарадку многа таленавітых дзетак, якія ў вольны час раскрываюць свае таленты і вырастаюць у сапраўдных майстроў!
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара