У Брэсцкай вобласці стартавала кампанія вакцынацыі супраць грыпу

У верасні ў Брэсцкай вобласці стартавала кампанія вакцынацыі супраць грыпу. У арганізацыі аховы здароўя паступіла прышчэпка для імунізацыі людзей з высокай рызыкай неспрыяльных наступстваў захворвання, а таксама дзяцей і персаналу ўстаноў адукацыі.
Нагадваем, бясплатную вакцыну могуць атрымаць дзеці ва ўзросце ад шасці месяцаў да трох гадоў; дзеці ва ўзросце ад трох гадоў і дарослыя з хранічнымі захворваннямі; людзі з імунадэфіцытам; пажылыя, якім больш за 65 гадоў, і цяжарныя.
Па дадзеных на 28 верасня ўжо прышчэплена больш за 66 тысяч чалавек, якія адносяцца да вышэйпералічаных груп, або 4,9 % ад колькасці насельніцтва вобласці.
На мінулым тыдні пачалася масавая вакцынацыя супраць грыпу школьнікаў і работнікаў устаноў адукацыі.
У амбулаторна-паліклінічныя арганізацыі аховы здароўя паступіла вакцына “Грыпол Плюс” вытворчасці Расійскай Федэрацыі для аказання платных паслуг насельніцтву і вакцынацыі працуючых за кошт сродкаў прадпрыемстваў.
Найбольш актыўна кампанія вакцынацыі супраць грыпу праводзіцца ў Ганцавіцкім, Івацэвіцкім, Камянецкім, Ляхавіцкім, Маларыцкім, Пружанскім раёнах і ў Пінскім рэгіёне.
Што тычыцца Жабінкаўшчыны, то колькасць пры-шчэпленых на 29 верасня за кошт рэспубліканскага бюджэту складае амаль 1300 чалавек, мясцовага бюджэту — пакуль 19. Ахоп насельніцтва вакцынацыяй складае 5,4 працэнта.
Паклапаціцеся пра сябе! Зрабіце прышчэпку супраць грыпу — гэта залог вашага здароўя.