У БЕЛАРУСІ ЗАСТАЛОСЯ ЎБРАЦЬ 12,1 ПРАЦЭНТА ПЛОШЧАЎ ЗБОЖЖАВЫХ

У Беларусі засталося ўбраць 12,1 працэнта плошчаў збожжавых і зернебабовых культур (акрамя кукурузы, грэчкі і проса), паведамляе БЕЛТА са спасылкай на аператыўную інфармацыю Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Паводле даных на 18 жніўня, гэтыя культуры ўбраны з 1,93 млн. га, што складае 87,9 працэнта запланаванай плошчы. Па тэмпах работ лідзіруе Брэсцкая вобласць: там убрана 98,5 працэнта плошчаў (332,4 тыс. га). У Гродзенскай вобласці ўбрана 97,1 працэнта плошчаў ад плана (309,4 тыс. га), у Гомельскай — 95 працэнтаў (323,2 тыс. га), Мінскай — 94,1 працэнта (456,5 тыс. га), Магілёўскай — 75,9 працэнтаў (255,5 тыс. га), Віцебскай — 67,2 працэнта (253,8 тыс. га).

Усяго па краіне намалочана 7,236 млн т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 37,5 ц/га (у 2019 годзе ўраджайнасць на аналагічную дату складала 31,7 ц/га). У Мінскай вобласці сабралі больш за 1,8 млн т збожжа, у Гродзенскай — звыш 1,4 млн т, Брэсцкай — больш за 1,3 млн т.

Лён выцераблены на 43,1 тыс. га (88,6 працэнта ўборачнай плошчы). Абгортванне стужак лёну праведзена на 16,1 тыс. га (37,4 працэнта да выцерабленага). Ільнотраста паднята з 1,92 тыс. га, нарыхтавана 5,55 тыс. т.

Акрамя таго, у Беларусі нарыхтавана 752,1 тыс. т сена (74,5 працэнта ад плана), 12,618 млн т сенажу (100,1 працэнта) і 642,2 тыс. т сіласу (3,35 працэнта). Усяго ў бягучым годзе плануецца атрымаць 9,3 млн т адзінак травяных кармоў, прычым найбольшая доля прыпадзе на Мінскую і Брэсцкую вобласці. Да гэтага часу нарыхтавана 43,5 працэнта ад плана.

БелТА