Да выбараў кіраўніка нашай дзяржавы засталіся ўсяго чатыры дні. Ужо ў нядзелю будзе вядома, хто з пяці кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь зойме гэты пост. Учора ў нашай краіне пачалося датэрміновае галасаванне. Многія грамадзяне паспяшаліся на свае выбарчыя ўчасткі, каб аддаць голас за кандыдата.
— Я прагаласавала датэрмінова, бо ў нядзелю, у дзень выбараў, запланавалі сабрацца ўсёй сям’ёй адпачыць, — кажа Ірына Ярашчук.
— Уважліва чытала пра кожнага кандыдата, параўноўвала іх выступленні і зрабіла для сябе пэўныя высновы. Мне хочацца бачыць краіну сацыяльна развітай, эканамічна моцнай і квітнеючай. Няхай нашы дзеці і ўнукі не ведаюць ваенных канфліктаў і беднасці. Я свой выбар зрабіла. Спадзяюся, што ўсе жабінкаўцы прыйдуць на ўчасткі для галасавання і выканаюць свой грамадзянскі абавязак. Ад нашага сумеснага рашэння залежыць, якой будзе Беларусь пасля 9 жніўня.
Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара
