У Белаазёрску адбылося ўрачыстае ўганараванне пераможцаў і прызёраў спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі

У Белаазёрску адбылося ўрачыстае ўганараванне звыш сотні пераможцаў і прызёраў штогадовага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі за 2020 год.
— Гэта першае такое грандыёзнае свята, — падкрэсліў Аляксандр Саланевіч, старшыня Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК. — Шмат жывёлаводаў паднімаліся на сцэну па ўзнагароды. І яны гэтага вартыя, бо дзякуючы іх руплівай працы якасная і запатрабаваная прадукцыя з’яўляецца на прылаўках краіны і сталах беларусаў.
Падводзячы вынікі работы за мінулы год, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка адзначыў: больш за трэць вырабляемай прадукцыі жывёлагадоўлі займае вытворчасць мяса. Штогадовы прырост забяспечваецца за кошт прыбаўлення ў вазе статка — сярэдні паказчык за мінулы год склаў 680 грамаў. Таксама рэгіён займае лідзіруючыя пазіцыі па вытворчасці малака — яна вырасла за апошнюю пяцігодку на 31 %. Каласальныя дасягненні ў “Моладава-агра” Іванаўскага раёна — 11835 кілаграмаў на ўмоўную галаву — яны лідары не толькі ў вобласці, але і ў краіне. Таксама ў малочных перадавіках сярод сельгаспрадпрыемстваў Брэстчыны ААТ “Савушкава пушча” Камянецкага, ААТ “Ставоцкае” Пінскага і “Дарапеевічы” Маларыцкага раёнаў.
У цэлым па вобласці надой склаў 6453 кілаграмы пры сярэднім па краіне 5314. У бліжэйшую пяцігодку плануецца давесці пагалоўе дойнага статка да 300 тысяч галоў, каб ад кожнай рагулі надойваць не менш за 7 тысяч кілаграмаў малака ў год.
Што тычыцца вырошчвання ялавічыны, то сярод лідараў Баранавіцкі, Столінскі і Іванаўскі раёны. У гэтай жа намінацыі сярод сельгаспрадпрыемстваў лепшыя вынікі ў працаўнікоў СУП “Хаціслаўскі” Маларыцкага, СВК “Асавецкі” Драгічынскага і ААТ “Ракітніца” Жабінкаўскага раёнаў.
Высокія вынікі ў жывёлагадоўлі ў многім звязаны з работай, што праводзіцца ў рэгіёне па развіцці і мадэрнізацыі галіны. Толькі летась на Брэстчыне з’явіліся 47 новых фермаў, яшчэ 607 пераведзены на сучасны тэхналагічны ўзровень.
— Сёння працаўнікі Брэсцкай вобласці заслугоўваюць асаблівых слоў удзячнасці, бо сваёй працай і прафесіяналізмам падымаюць эканоміку краіны, — адзначыў першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло. — Лічбы гавораць самі за сябе: фактычна з 5,8 мільярда долараў ЗША (на такую суму паставілі прадукцыі ў 116 рэгіёнаў свету) на Брэстчыну прыпадае чацвёртая частка экспартнага каравая. Так што можна ганарыцца нашымі стваральнікамі харчовай бяспекі краіны!
На свяце ўзнагароды ад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання атрымалі і жабінкаўцы: нагрудны знак адзнакі “За заслугі ў сельскай гаспадарцы” — кіраўнік раёна Віталь Кулак, Ганаровую грамату — яго першы намеснік Аляксандр Кучынскі, юбілейны медаль “100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем” — дырэктар ААТ “Вазнясенскі” Надзея Кандрацюк, Падзяку міністра сельскай гаспадаркі і харчавання — аператар абслугоўвання БРЖ ААТ “Ракітніца” Уладзімір Тунчык.
Святлана КІСЛАЯ
На здымку: на сцэну па ўзнагароду паднімаўся і кіраўнік Жабінкаўскага раёна Віталь КУЛАК.
Фота Паўла БОГУША