У АГНЯВЫМ ДРАМЛЁВЕ

Наступны год пройдзе пад знакам памяці па ахвярах драмлёўскай трагедыі. Тое, што ўтварылі амаль 80 гадоў таму з мірнай палескай вёскай карнікі, не ўкладваецца ў разуменне. Драмлёва — крыніца заўсёднай болі многіх пакаленняў жабінкаўцаў, рана, якая ніколі не загоіцца.

Трэцяга лістапада ў мемарыяльны комплекс “Драмлёва” завітала здымачная група тэлекампаніі “Буг ТV”. Яны рыхтуюць відэафільм, прысвечаны нашай вогненнай вёсцы, якую нездарма называюць сястрой Хатыні.
У вядомым ва ўсім свеце мемарыяле пад Мінскам існуе ўнікальны Могільнік вёсак. У ім беражліва захоўваюцца зямля і попел, прывезеныя са 185 населеных пунктаў Беларусі. Іх аб’ядноўваюць агульныя лёсы: усе яны, як і Хатынь, былі знішчаны акупантамі разам з жыхарамі ды ніколі больш не адрадзіліся. Сярод тых пахаванняў можна прачытаць і назву Драмлёва, увекавечаную ў хатынскім мемарыяле летам 1969 года (памятны знак па былой жабінкаўскай вёсцы месціцца з правага боку: гэта — трэцяе пселішча ў дзявятым радзе).
Яшчэ раней, вясной шэсцьдзясят сёмага, на месцы аднаго з хлявоў, дзе палілі драмлёўцаў, людзі насыпалі рукатворны курган, а восенню 1982-га быў урачыста адкрыты мемарыяльны комплекс, створаны скульптарам Уладзімірам Вараб’ёвым і архітэктарам Юрыем Казаковым.
Сюды, між іншым, сёння прыйшлі вучні другой гарадской школы. Яны таксама паўдзельнічалі ў здымках відэасюжэта. Для юных жабінкаўцаў наведванне месца, палітага крывёю бязвінных людзей, без перабольшвання стала сапраўдным урокам патрыятызму. Трэба было бачыць, як крануў хлопчыкаў і дзяўчынак расповед пра падзеі 11 верасня 1942 года, асабліва згадкі пра тое, што большасць забітых былі ва ўзросце да трыццаці гадоў, а пяць дзяўчынак — Людачка Антанюк, Надзейка Алізарка, Жэнечка Ляўчук, Надзя і Аня Юрасікі — на час расправы не паспелі адсвяткаваць нават першы год свайго нараджэння…
Цяпер вядомы многія падра-бязнасці таго, што адбылося ў Драмлёве на свята Усячэння галавы Іаана Хрысціцеля, якое ў народзе завуць Галавасекам, Калінавікам, Крываўнікам або Галаварэзам.
Драмлёва, нібыта чалавек, мае даты жыцця. Народжаная 27 мая 1529 года, вёска загінула ў тым попельным верасні, калі сюды завітала 10-я рота ІІІ батальёна 15-га паліцэйскага ахоўнага палка пад кіраўніцтвам гаўтмана Заўэра і обер-лейтэнанта Мюлера. Разам з вёскай полымя ўнесла з сабой 183 чалавекі.
У дзень жорсткай расправы выжылі ўсяго чацвёра раненых падлеткаў: Коля Ярмашук і Міша Данілюк, Міця Юрасік і Віталь Чахлоў. Пашчасціла ўратавацца таксама тым, хто адсутнічаў у вёсцы. Іх шматлікія ўспаміны і архіўныя дакументы дазваляюць падрабязна рэканструяваць падзеі жахлівага Галавасека.
Здымкі відэафільма — толькі першы крок на шляху падрыхтоўкі да 80-годдзя трагедыі ў Драмлёве. Рыхтуюцца матэрыялы, прысвечаныя вогненнай вёсцы, для “Вікіпедыі”. Неўзабаве пройдуць работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі мемарыяльнага комплекса і пахаванняў драмлёўцаў, якія знайшлі свой апошні спачын на сцяпанкаўскіх могілках. У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, размешчаным у вёсцы Малыя Сяхновічы, павінна аднавіцца экспазіцыя, прысвечаная падзеям 11 верасня 1942 года. Да высакароднай справы зберажэння памяці будзе неабходна арганізаваць тэматычныя выставы, вечарыны, конкурсы ў школах, бібліятэках і клубных установах. І гэта далёка не вычарпальны спіс мерапрыемстваў, якімі бу-дзе напоўнена наша памяць пра Драмлёва.
Вянцом стане юбілейны мітынг-рэквіем, прыўрочаны да 80-годдзя трагедыі і 40-х угодкаў стварэння на месцы спаленай вёскі мемарыяльнага комплекса “Драмлёва”.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымку: танец “Званы Хатыні” ў выкананні ўзорнага дзіцячага калектыву “Каруначкі” ля кургана ў Драмлёве, 11 верасня 2017 года.