У адных задача — уцяпляць, у другіх — асвятляць

Энергетыкі нясуць цяпло або святло ў дамы спажыўцоў, а журналісты — у сэрцы чытачоў. На мінулым тыдні яны сустрэліся на базе філіяла “Брэсцкія цеплавыя сеткі” РУП “Брэстэнерга”, дзе прайшла калегія галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама.

Месца правядзення было выбрана невыпадкова: для энергетыкаў сёлетні год юбілейны — беларуская энергасістэма святкуе сваё 90-годдзе. Начальнік Брэсцкай ЦЭЦ Дзмітрый Смусянок пазнаёміў удзельнікаў калегіі з гісторыяй, сучасным станам спраў на найстарэйшым аб’екце энергасістэмы вобласці і спецыфікай працы на прадпрыемстве. Кіраўнікі аддзелаў па ідэалагічнай рабоце раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў і галоўныя рэдактары сродкаў масавай інфармацыі Брэстчыны мелі магчымасць зазірнуць за “кулісы” цеплаэлектрацэнтралі і ўбачыць увачавідкі яе “сэрца” — турбіну, якая сагравае берасцейцаў. Улічваючы, што ЦЭЦ — аб’ект рэжымны, большасць прысутных пабывалі тут упершыню.
Пасля цікавай змястоўнай экскурсіі пачалася афіцыйная частка, якая ладзілася ў актавай зале. Вяла пасяджэнне старшыня калегіі, начальнік галоўнага ўпраў-лення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Гагакава.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся генеральны дырэктар РУП “Брэстэнерга” Сяргей Шабека. Ён расказаў пра структуру энергетычнага комплексу Берасцейшчыны, акрэсліў кола задач, якія стаяць перад шматтысячным калектывам, падзяліўся планамі і перспектывамі развіцця прадпрыемства. Ацэньваючы эфектыўнасць ідэалагічнай работы ў калектывах энергетычнай галіны, Сяргей Мікалаевіч падкрэсліў: “У працы з людзьмі дробязяў не бывае. І тут вельмі важна, каб яны бачылі стаўленне кіраўніка да мерапрыемстваў, якія праводзяцца на прадпрыемстве. Мы ў “Брэстэнерга” прытрымліваемся такой пазіцыі: разам працуем, разам адпачываем. Прысутнасць кіраўнікоў на суботніку ці на свяце абавязковая. Толькі так можна развіваць дух карпаратыўнага адзінства”.
З гонарам гаварыў Сяргей Шабека і пра дзяржаўны сцяг на трубе ЦЭЦ, які добра бачны і з Брэсцкай крэпасці, ды з іншых куткоў горада. “Нацыянальныя сімвалы непарушныя, іх трэба берагчы”, — сказаў ён у заключэнне.
Намеснік генеральнага дырэктара па агульных пытаннях Ірына Хмялеўская распавяла пра асноўныя накірункі ідэалагічнай работы, якая праводзіцца на прадпрыемстве. Яе выступленне выклікала жывы водгук у зале. Атрымаўся дыялог з абменам мерка-ваннямі ды ідэямі.
З дакладам пра інфармацыйнае і ідэалагічнае суправаджэнне мерапрыемстваў выступіў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення Вадзім Ляўковіч. Ён акцэнтаваў увагу на больш актыўным асвятленні надзённых тэм, што хвалююць не толькі гараджан, але й вяскоўцаў, на своечасовасці вынясення праблем на абмеркаванне для больш хуткага іх вырашэння. Вадзім Мікалаевіч звярнуў увагу і на напаўняльнасць сайтаў перыядычных выданняў, прасоўванне рэгіянальных СМІ ў сацыяльных сетках і месенджарах. Бо зносіны праз інтэрнэт з кожным днём становяцца ўсё больш запатрабаванымі, і гэты фармат журналісты павінны выкарыстоўваць актыўней.
Тэму падтрымаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пінскага райвыканкама Юрый Бушык. Ён прадставіў прэзентацыю і падрабязна расказаў пра развіццё інфармацыйнага кантэнту мясцовых органаў улады ў сацыяльных сетках і месенджарах на прыкладзе Піншчыны.
На завяршэнне генеральны дырэктар РУП “Брэстэнерга” правёў гасцей па “Алеі энергетыкаў”, якая месціцца ў Гарадскім садзе побач з Брэсцкай цеплаэлектрацэнтраллю.
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара