У ААТ “Вазнясенскі” правялі старадаўні земляробчы абрад “Зажынкі”

Калі звярнуцца да гісторыі, то ў гэты дзень нашы продкі ладзілі прыгожае свята, каб забяспечыць добры збор ураджаю. Дакладнай даты ў зажынак не было, усё залежала ад надвор’я. Гаспадар выходзіў у поле, аглядаў каласы і, калі бачыў, што збожжа паспела, налілося, клікаў жанчын ды абвяшчаў аб пачатку жніва. У зажынкавых абрадах і звычаях мы бачым вялікую павагу селяніна да хлеба. У першы выхад на ніву нажыналі невялікі сноп, які называлі “гаспадаром”. Яго ўпрыгожвалі яркімі стужкамі і ставілі ў хаце ў чырвоны кут пад абраз. Збожжа з гэтага снапа замешвалі ў асобныя стравы і напоі, бераглі ўвесь год, каб першым кінуць у глебу ў наступны пасяўны сезон. А яшчэ яно выкарыстоўвалася, калі пяклі святочны каравай у гонар новага ўраджаю.
У абрадзе першага хлеба “Зажынкі”, які ладзіўся на адным з палёў “Вазнясенскага”, прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК, раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы, кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, земляробы ААТ “Вазнясенскі”, народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”.
Па народным звычаі на пачатку жніва аддалі даніну павагі зямлі-матухне і падзякавалі Усявышняму за шчодры ўраджай. Абрад асвячэння хлебнай нівы здзейсніў настаяцель храма Узнясення Гасподняга вёскі Агароднікі айцец Уладзімір.
Пад зажыначную песню да спелых каласоў накіравалася ўдзельніца “Хмелеўскіх валацуг” Людміла Іванюк. У яе ўмелых руках серп хадзіў хутка і спрытна. І вось першы сноп новага ўраджаю гатовы. Яго ўручылі гаспадыні гэтага поля і таварыства — дырэктару “Вазнясенскага” Надзеі Кандрацюк. Яна прыняла падарунак з радасцю і хваляваннем, прамовіла словы ўдзячнасці ў адрас зямлі-карміцелькі за сёлетні ўраджай. Па традыцыі Надзея Рыгораўна перадала першы сноп кіраўніку раёна Віталю Кулаку, які, у сваю чаргу, уручыў жанчыне вялікі букет з валошкаў і рамонкаў — кветак, якія сваімі сіне-жоўтымі фарбамі ўпрыгожваюць хлебныя палі.
Віталь Уладзіміравіч адзначыў, што зажынкі — гэта не толькі даніна памяці продкам, захаванне нашых традыцый, але й важны дзень у жыцці земляробаў, бо менавіта ён абвяшчае аб пачатку ўборачнай кампаніі ў раёне. Доўгі шлях прайшлі гаспадаркі да моманту, калі жніво нарэшце стартавала. За той ураджай, які сёння на палях, Віталь Кулак дзякаваў і працоўным калектывам сельгаспрадпрыемстваў, і прыродзе. Ён выказаў спадзяванне, што і далей надвор’е будзе спрыяць земляробам і мы будзем мець добры вынік агульнага хлебнага каравая. Кіраўнік раёна пажадаў аграрыям поспехаў на жніве, каб хапіла здароўя, сіл і энергіі годна завяршыць яго.
Па традыцыі камбайнераў пачаставалі хлебам мінулагодняга ўраджаю, каб сёлетні каравай быў яшчэ багацейшым. Падсілкаваўшыся, яны накіраваліся да сваіх машын. Іх праводзілі словамі: “Пачынайце жаць, а мы будзем любавацца вамі”. А яшчэ песняй “Ой, пайду я, выйду ў тое поле”, якую падарылі “Хмелеўскія валацугі”.
Загулі маторы камбайнаў, і яны, нібы тыя караблі, паплылі па шырокай хлебнай ніве. Уборачная кампанія–2020 на Жабінкаўшчыне стартавала! Любіце зямлю, беражыце яе, на ёй нам і сеяць, і жаць, яна — наша маці-карміцелька.
Алёна НІКАНЧУК
Фота аўтара