Творчасць, асветленая верай і любоўю

Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.

Год таму ў Таццяны Рыгораўны Курыга з Хадасоў з’явілася новае захапленне: яна вышывае бісерам іконы і карціны. Як прызналася ў размове, ад любімага занятку атрымлівае вялікую асалоду.
Неяк у Свята-Уладзімірскай царкве, што ў вёсцы Чыжэўшчына, якую наведвае Таццяна Рыгораўна, яна ўбачыла вышытую бісерам ікону Божай Маці. Яе прыгажосць і тэхніка выканання ўразілі жанчыну, і яна вырашыла сама паспрабаваць сябе ў такой вышыўцы. Бласлаўленне на гэтую справу атрымала ў настаяцеля храма айца Анатолія.
Першай, каго вышыла Таццяна Рыгораўна, была святая пакутніца Таццяна.
— Вырашыла пачаць са сваёй святой, у гонар якой мяне назвалі, — кажа жанчына. — Да яе, заступніцы і памочніцы маёй, часта звяртаюся ў сваіх малітвах і адчуваю яе дапамогу.
Справа гэтая захапіла жанчыну, і яна пачала вышываць імянныя іконы ў падарунак дзецям і ўнукам з выявай іх святога заступніка. Сыну вышыла святога прападобнага Сергія Раданежскага, дачцэ — святую пакутніцу Алу Готфскую, нявестцы — святую праведную Іаанну Міраносіцу, унуку — святога благавернага князя Аляксандра Неўскага, унучцы — святую прападобную Ангеліну Сербскую.
Для стварэння ікон і карцін Таццяна Рыгораўна купляе спецыяльныя нарыхтоўкі ў наборы з бісерам. Карпатлівая праца патрабуе ўседлівасці і пільнай увагі, каб рухацца дакладна па схеме. Гатовыя работы жанчына змяшчае ў рамку пад шкло, іконы асвячае ў храме.
Пытаюся ў майстрыхі, колькі часу патрэбна, каб вышыць адну?
— Дзесьці да двух тыдняў, — дзеліцца суразмоўніца. — Вышываю толькі вечарамі, днём завіхаюся па гаспадарцы, займаюся хатнімі справамі, а іх, як вядома, у кожнай жанчыны шмат. Вышыўка захоплівае, магу засядзецца за любімай справай да дзвюх гадзін ночы. Час ляціць непрыкметна, калі занятак па душы і дорыць супакаенне, хвіліны радасці і вялікага задавальнення. У бліжэйшых планах вышыць ікону свяціцеля Мікалая і падарыць яе свайму храму.
У ліку работ Таццяны Курыга вылучаюцца карціны “Анёлы” і “Макі”. На апошняй яе любімыя кветкі нібы жывыя: здаецца, дакранешся да пялёсткаў і адчуеш іх пяшчоту ды водар.
Зараз Таццяна Рыгораўна вышывае бісерам ручнік для маладажонаў. На ім — сімвалы кахання і вернасці: шлюбныя пярсцёнкі, пара белакрылых лебедзяў, вакол якіх расквітнелі ружы. Стануць на яго маладыя, і з гэтага ручніка, вышытага з любоўю ўмелымі рукамі майстрыхі, пачнецца іх доўгае і шчаслівае сумеснае жыццё.