Пра тое, наколькі значныя і рэалістычныя задачы пастаўлены на бліжэйшую пяцігодку ў Праграме развіцця краіны, што будуць абмяркоўваць дэлегаты VI Усебеларускага народнага сходу, разважае галоўны спецыяліст райвыканкама Аляксандр КІРЫЛЮК, які курыруе турыстычную сферу на Жабінкаўшчыне.
— Вельмі цешыць, што ў праекце Праграмы яе стваральнікі не абышлі бокам развіццё турызму ў Беларусі. Лічу, для нашай краіны, размешчанай у самым сэрцы Еўропы, праз якое праходзяць важныя транспартныя артэрыі, што злучаюць Захад з Усходам і Поўдзень з Поўначчу, гэта надзвычай важная сфера — крыніца не толькі пазнання нашага краю, але й папаўнення бюджэту.
Адзначаецца, што асновай для развіцця ўязнога і ўнутранага турызму стане павышэнне канку-рэнтаздольнасці ў гэтым напрамку, прасоўванне нацыянальных турыстычных брэндаў. Галоўны вектар дзейнасці — фарміраванне культуры адпачынку ў сваёй краіне, намаганні будуць скіраваны на аздараўленне нашых грамадзян і падарожжы ўнутры Беларусі. Жабінкаўшчыне ў гэтым плане ёсць што прапанаваць. Край багаты на гістарычныя помнікі, радуе дзівосамі сваёй прыроды, непасрэдна план экспарту турыстычных паслуг ажыццяўляюць санаторый “Буг” і парк-гатэль “Лясная гавань”. Аднак мінулы год у гэтым плане з-за няпростых санітарна-эпідэміялагічных умоў нельга назваць паспяховым, таму тут ёсць куды рухацца. Узорным можна лічыць 2019-ы, калі экспарт па раёне ад турызму склаў амаль 1310 тысяч долараў.
Для развіцця турызму на Жабін-каўшчыне рэалізуем, на мой погляд, цікавыя праекты “Жабінка гістарычная” і “Жабінка сучасная”, здымаем два прэзентатыўныя відэаролікі аб нашым турыстычным патэнцыяле і прыдарожным сэрвісе. Важным тураб’ектам вызначаны раённы гісторыка-краязнаўчы музей у Малых Сяхновічах, у якім існуюць экскурсіі для мэтавых груп турыстаў, распрацоўваецца праект для стварэння вясковага падворка. Зацверджана праграма развіцця музея да 2027 года ўключна. Гэта адпавядае той частцы праекта Праграмы, у якой сказана, што турыстычная індустрыя ў краіне павінна арыентавацца на розныя ўзроставыя і сацыяльныя групы, іх індывідуальныя патрэбы.
Акрамя таго, далейшае развіццё атрымаюць культурна-пазнавальныя і аздараўляльныя туры, аграэкатурызм. Дарэчы, на Жабінкаўшчыне ўжо працуюць 18 сядзіб, у якіх гаспадары з радасцю прымаюць турыстаў.
Асаблівае задавальненне выклікае плануемае ў Праграме пашырэнне так званых турыстычных сцяжынак з улікам прыроднага ландшафту і культурна-гістарычных асаблівасцяў усіх рэгіёнаў Беларусі. Брэст нездарма завуць “заходнімі варотамі краіны”, і наша Жабінка — афіцыйны яго горад-спадарожнік — таксама яшчэ больш будзе далучацца да гэтай справы. Новымі кропкамі росту стане развіццё дзелавога турызму, распрацоўка інавацыйных экскурсій, пры гэтым будуць улічвацца патрабаванні “зялёнай” эканомікі.
Важнай таксама лічу задачу, агучаную ў праекце Праграмы: сфарміраваць у бліжэйшыя гады сучасную інфраструктуру гасціннасці, стварыць у кожнай вобласці турыстычныя інфармацыйныя цэнтры. Галоўным вынікам стане рост экспарту турпаслуг, павелічэнне ў паўтара раза за пяцігодку колькасці арганізаваных экскурсантаў — грамадзян Беларусі, якія будуць накіроўвацца па турыстычных маршрутах у межах краіны.
Запісаў Анатоль БЕНЗЯРУК
Главные новости
