Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.
Няпростымі бываюць шляхі да гістарычнай праўды. Яскравай ілюстрацыяй да гэтага сцвярджэння могуць стаць лёсы людзей, загінулых восенню 1943-га ў колішнім фальварку Янопаль Рагазнянскага (цяпер Ленінскага) сельсавета.
ДНЯМІ Ў РЭДАКЦЫЮ “Сельскай праўды” завітаў ліст ад галоўнага рэдактара рэспубліканскай газеты “Голас Радзімы” Івана Ждановіча. “Шаноўныя калегі, добры дзень! — пісаў Іван Іванавіч. — З нашай газетай супрацоўнічае Павел Сідарук з Нальчыка (Кабардзіна-Балкарыя), родам ён з Жабінкаўскага раёна, заканчваў, ведаю, Азяцкую СШ. Нядаўна спадар Павел паведаміў, што напісаў пісьмо дырэктару мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, аднак адказу ад яго не атрымаў. То, можа, вы чым зможаце дапамагчы. Калі ласка, напішыце, што вам вядома пра трагедыю ваеннага часу? Можа, сапраўды пра тое варта больш расказаць чытачам?” У сваім лісце Павел Сідарук, насамрэч, просіць хоць нешта распавесці аб забойстве мірных жыхароў у былым фальварку Янопаль, пра якое чуў ад старажылаў, калі быў яшчэ падлеткам. Зараз Павел Фёдаравіч — на журналісцкай працы, быў дэпутатам мясцовага парламента, саветнікам прэзідэнта Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікі, неаднойчы сустракаўся і з кіраўніком нашай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам падчас традыцыйных прэс-тураў у Беларусь. А яшчэ наш зямляк — шматгадовы старшыня савета грамадскага руху “Сябры”, што аб’ядноўвае беларусаў Кабардзіна-Балкарыі, а таму вельмі цікавіцца тым, што было, ёсць і будзе на гістарычнай Радзіме.
Пра Янопальскую трагедыю вядома дастаткова шмат, каб задаволіць гэтую цікавасць.
Падзея адбылася 30 верасня 1943 года. Жабінкаўская раённая кніга “Памяць” даводзіць, што было знішчана дзевяць чалавек (і разам з тым пайменна называе 11!).
У Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці дасюль захоўваецца “Спісак грама-дзян СССР, што пражывалі ў Рагазнянскім сельсавеце, якія расстраляны, замучаны і вывезены нямецкімі фашыстамі ў Айчынную вайну ў Германію”. Рукапісны дакумент складзены ў двух экзэмплярах рознымі почыркамі 30 студзеня 1945 года ў мястэчку Жабінка.
У ім сапраўды пералічваецца 11 асоб, расстраляных у Янопалі, у наступным парадку: Васіль МІЛЕШКА (1919–1943), Марыя МІЛЕШКА (1920–1943), Марыя Васільеўна МІЛЕШКА (1939–1943), Зінаіда Васільеўна МІЛЕШКА (1941–1943), Марыя КУРАТОВІЧ (1917–1943), Кацярына КУРАТОВІЧ (1941–1943), Антаніна ФІЛАНЮК (1922–1943), Пётр ЛІСКОВІЧ (1894–1943), Васіль ЛІСКОВІЧ (1929–1943), Міхаіл БОКВА(?) (?–1943), БОКВА(?) (1880–1943).
Асобна патрэбна сказаць пра двух апошніх. У “Памяці” іх прозвішча перадаецца ў форме “Боня”, аднак дакумент 1945 года гэтаму супярэчыць. У абодвух экзэмплярах яно напісана так, што ніяк нельга трактаваць як “Боня”. Але ж і форма, напісаная намі, застаецца пад пытаннем. У дачыненні да апошняй ахвяры пазначана літаральна наступнае: “цешча яго (Міхаіла), імя і прозвішча невядомыя”. На помніку, усталяваным у лесе, на Чыжэўшчынскіх могілках, акрамя пераліку забітых “фашысцкімі катамі ў маёнтку Янопаль 30.ІХ.1943 г.”, ёсць і фотаздымак жанчыны ва ўзросце. Відавочна, што сярод пералічаных гэта можа быць партрэт толькі Міхайлавай цешчы.
Пра абставіны трагедыі некалі расказаў старажыл вёскі Чыжэўшчына Фама Сірацюк (на жаль, ужо даўно нежывы): “Іх забілі за сувязь з партызанамі, а хутар спалілі. Няма ўжо таго Янопаля”.
