Тон задаюць маркетолагі

Выконваючая абавязкі начальніка аддзела маркетынгу ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Святлана Данільчанка сумесна з калегамі задае тон пры пашырэнні наменклатуры прадукцыі завода.
На прадпрыемстве яна працуе звыш 20 гадоў, спрабавала свае сілы на розных пасадах. Цяпер узначальвае аддзел экспартных продажаў і выконвае абавязкі начальніка аддзела маркетынгу завода. За гэты час дасканала вывучыла спектр прадукцыі прадпрыемства, рынкі збыту, канкурэнтаў.
— У асноўным насычаем выпускаемай прадукцыяй спажыўцоў у Беларусі, — тлумачыць Святлана Анатольеўна. — У нас адчынена 56 магазінаў, ёсць фірменны ў сталіцы. У нашай краіне вялікая колькасць кампаній-канкурэнтаў, якія працуюць у аналагічных накірунках. Гэта Бярозаўскі, Пінскі, Баранавіцкі камбікормавы заводы. Таму задача № 1 — “быць у тэме”, пастаянна адсочваць любыя хістанні попыту-прапаноў. Своечасова знаходзіць прадукцыю, якая найбольш запатрабавана, і прапаноўваць яе для распрацоўкі і засваення, бо без навінак няма будучыні. Тым болей, асноўныя канкурэнты таксама пастаянна ўдасканальваюцца, развіваюцца. У многім дзякуючы маркетолагам, за апошнія 10 гадоў
асвоена вытворчасць кармоў для хатніх жывёл, рыб, грызуноў, катоў і сабак, і яны пастаўляюцца ў гандлёвую сетку. Асноўнымі спажыўцамі прадукцыі камбікормавага завода па-ранейшаму застаюцца вяскоўцы і прадпрыемствы АПК, таму супрацоўнікаў аддзела маркетынгу нярэдка можна ўбачыць у вёсках і райцэнтрах. Будучыня прадпрыемства ў многім залежыць ад маркетынгавай службы. Не дзіўна, што кожны з сямі спецыялістаў аддзела адчувае сваю адказнасць за агульную справу. Нягледзячы на тое, што маркетолагі бываюць у камандзіроўках, на выставах, семінарах, вядуць перамовы па тэлефоне, зносіны па інтэрнэце таксама займаюць значную частку працоўнага часу. У інтэрнэце перадаецца патрэбная інфармацыя спецыялістам, нала-джваюцца кантакты з патэнцыяльнымі партнёрамі, адсочваюцца навіны канкурэнтаў.
Аддзел маркетынгу цесна супра-цоўнічае з аддзелам экспартных продажаў, які займаецца пастаўкай прадукцыі завода ў Расію, Украіну, Ліван, Азербайджан, вядуцца перамовы з Іранам.
Сакрэт прадукцыйнай работы аддзела маркетынгу — ва ўзаемаразуменні і падтрымцы. На гэтых двух падмурках у многім трымаецца працоўны саюз Святланы Данільчанка і спецыялістаў аддзела. Як прызнаецца Святлана Анатольеўна, сваю работу яна любіць, бо маркетынг забяспечвае асабістае развіццё, шмат зносін. “Калі ёсць зацікаўленасць, будзе і вынік”, — падводзіць рысу пад размовай Святлана Данільчанка.
Лідзія ПЕНДЗІКОЎСКАЯ.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.