Жабінкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – гэта тэрыторыя дабра і дапамогі, клопату і міласэрнасці. Тут працуюць неабыякавыя да чужой бяды людзі пад кіраўніцтвам Наталлі Адзінец. Наталля Уладзіміраўна расказала, што выпадковых людзей у сацыяльнай службе не бывае. А калі часам і трапляюцца, то доўга не затрымліваюцца. Вельмі няпроста быць адначасова і выдатным спецыялістам сваёй справы, і тонкім псіхолагам, і проста добрым, чулым чалавекам.
Сёння ў тэрытарыяльным цэнтры дзейнічаюць чатыры структурныя падраздзяленні. Пазнаёмімся бліжэй з кожным з іх.
Падтрымаюць і словам, і справай
Аддзяленне сацыяльнай дапамогі дома ўзначальвае Алена Бойка. Алена Міхайлаўна вопытны спецыяліст, укараняе новыя формы работы, намагаецца знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага. На сённяшні дзень на надомным абслугоўванні знаходзяцца 256 пажылых людзей і інвалідаў, паслугі якім аказваюць 37 сацыяльных работнікаў. Яны купляюць і дастаўляюць сваім падапечным прадукты харчавання і медыкаменты, дапамагаюць прыгатаваць ежу, прыбрацца ў доме ці кватэры, памыць вокны, пачысціць дарожкі ад снегу… Акрамя таго, і выслухаюць сваіх падшэфных, і навінамі падзеляцца, і падтрымаюць добрым словам.
Працу сацыяльных работнікаў, сядзелак і нянь аддзялення каардынуе інспектар Вераніка Назарук.
– Яна рупіцца ў нашым цэнтры ўсяго год, – кажа дырэктар установы, – але ўжо зарэкамендавала сябе пісьменным адказным спецыялістам. Таксама слоў падзякі заслугоўваюць сацыяльныя работнікі Алена Макасюк, Галіна Ундзярук, Святлана Андрайчук, Ірына Клочка, Галіна Бенедзісюк, Алена Яльчык і Ірына Гамола, сядзелкі Галіна Саўчук, Рыгор Бараноўскі, Святлана Корань ды ўрэшце ўсе нашы работнікі.
Дарэчы, паслугі сядзелкі даволі запатрабаваныя. З пачатку года дапамогу атрымалі 37 чалавек, на сённяшні дзень працуе 26 сядзелак. Яны дапамагаюць сваім падапечным у кармленні, у выкананні гігіенічных працэдур, прыёме лекавых сродкаў і інш. У аддзяленні рэалізуецца і новая форма сацыяльнага абслугоўвання “дзённы нагляд”. Гэтай паслугай скарысталіся дзесяць чалавек.
Наталля Адзінец расказала, што ў тэрытарыяльным цэнтры ўкаранёныя і функцыянуюць новыя формы работы: “дом зімоўкі”, “гасцявая сям’я”, “патранатная сям’я”, “замяшчальная сям’я”, “прыёмная сям’я”, дом сумеснага пражывання “Разам лягчэй”. Летась у красавіку адчыніў свае дзверы яшчэ і дом сумеснага самастойнага пражывання.
– Спецыялісты аддзялення віншуюць сваіх падапечных з рэлігійнымі святамі, Днём пажылых людзей, Днём маці, Днём інваліда і юбілейнымі датамі, – дзеліцца Наталля Уладзіміраўна. – Традыцыйна напярэдадні Вялікадня адзінокіх бабуль і дзядуляў, што знаходзяцца на абслугоўванні нашага аддзялення, мы радуем велікоднымі кулічамі, якія асвячаюць святары Свята-Пакроўскага храма.
Каму патрэбна дапамога?
Аддзяленнем пярвічнага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання кіруе Таццяна Мацвяюк. Яна вядзе ўлік тых, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю, выяўляе, якія сацыяльныя паслугі запатрабаваны сярод жабінкаўцаў. Аддзяленнем ажыццяўляюцца кансультацыйна-інфармацыйныя, сацыяльна-пасрэдніцкія ды іншыя паслугі. Спецыяліст па сацыяльнай рабоце Кацярына Пацяйчук з загадчыкам аддзялення праводзіць абследаванне матэрыяльна-бытавых умоў пражывання непрацаздольных пажылых грамадзян і інвалідаў. Аддзяленне працуе ў цесным супрацоўніцтве з сельсаветамі, раённымі аддзеламі па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў, Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бальніцай.
Не зламацца ад жыццёвых цяжкасцяў
дапамогуць у аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, якое ўзначальвае Вольга Рэбякеўша – вопытная, мэтанакiраваная, iдэйная. Адказна адносiцца да сваёй справы. На чале з загадчыкам спецыялісты па сацыяльнай рабоце Іна Шыбут, Алеся Крупко і Кацярына Кузьмук арганізуюць працу Міжведамаснага савета па аказанні дапамогі ахвярам дамашняга насілля, аказваюць паслугі часовага прытулку ў “крызісным пакоі” пацярпелым ад гвалту, тэрарыстычных актаў, тэхнагенных катастроф і стыхійных бедстваў, дзецям-сіротам і дзецям, пакінутым без апекі бацькоў, прапануюць паслугі пункта пракату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі і многае іншае. Тым, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю, тут акажуць гуманітарную дапамогу.
Работнікі аддзялення фарміруюць спісы сем’яў, збіраюць дакументы для рэалізацыі выплаты аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да навучальнага года шматдзетным сем’ям на кожнае дзіця-школьніка. Таксама як самыя сапраўдныя масавікі-забаўнікі спецыялісты арганізуюць прафілактычныя акцыі, культурна-масавыя мерапрыемствы, святы, конкурсы.
Прамень дабра для наведвальнікаў
У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту на абслугоўванні знаходзяцца 19 інвалідаў першай і другой груп і два дзіцяці-інваліды. Загадчык Ганна Барысюк, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Кацярына Буян, кіраўнікі гурткоў Ірына Шостыр ды Іна Бакун клапоцяцца, каб наведвальнікам іх адзялення было камфортна, цікава, пазнавальна і займальна. Для сацыяльнай і працоўнай рэабілітацыі ў аддзяленні функцыянуюць швейная і керамічная майстэрні, гурткі па інтарэсах “Глінка”, “Творчы дворык”, “Чароўная нітка”, “Ядзім смачна”, “Мілыя лапкі”, “Дзіўная пацерка”, “Пазнай сябе”, “Астравок шыцця”. У майстэрні па рабоце з глінай вырабляецца сувенірная керамічная прадукцыя, якая рэалізуецца на выставах ды кірмашах. У швейнай майстэрні аказваецца паслуга “дробны рамонт швейных вырабаў”.
Наталля Адзінец расказала, што з сакавіка мінулага года ў тэрытарыяльным цэнтры ўведзена новая паслуга — гуртковая праца ў форме сацыяльнага надомнага абслугоўвання.
Запатрабавана і паслуга асістэнта для адзінокіх і адзінока пражываючых інвалідаў першай і другой груп з разумовымі парушэннямі і паслуга памочніка па суправаджэнні.
У цэнтры стараюцца стварыць даступнае асяроддзе для грамадзян з інваліднасцю і фізічна аслабленых асоб.
Аддзяленне наведваюць 37 людзей “сярэбранага ўзросту”, якія займаюцца ў гуртках “Энергія” і “Чароўнае сваімі рукамі”, наведваюць клубы “Аптыміст” і “Прамень дабра”.
Вялікі дзякуй і нізкі паклон
– Ужо зараз мы актыўна рыхтуемся да 20-гадовага юбілею нашага цэнтра, які адзначым у наступным годзе, – падзялілася кіраўнік установы. – Словы падзякі за пастаянную дапамогу і падтрымку хачу выказаць намесніку старшыні Жабінкаўскага райвыканкама Іне Тарасевіч, начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Таццяне Марыніч. Без іх удзелу нашы планы не ажыццявіліся б. Дзякуй усім святарам раёна за сумесную працу і супрацоўніцтва. Вялікая ўзячнасць і нашым спонсарам, дзякуючы якім мы радуем сваіх падапечных. Нізкі паклон за цярпенне, міласэрнасць і спагаду нашым сацыяльным работнікам, сядзелкам і няням. Віншую вас з навагоднімі і каляднымі святамі, Днём работнiкаў сацыяльнай службы, жадаю здароўя, даўгалецця, цярпення, мірнага неба, спакою, паразумення і мудрасці! Сямейнага цяпла, добрых людзей на вашым жыццёвым шляху!
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара
