Тэрапеўтычнае аддзяленне працуе ў напружаным рэжыме

У тэрапеўтычным аддзяленні Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы склалася сапраўдная каманда прафесіяналаў, дружная, згуртаваная агульнымі ідэямі і прынцыпамі. Тут рупяцца вопытныя тэрапеўты Анатоль Лаўрукевіч, Леанід Карповіч, Ганна Бурак. Загадчык тэрапеўтычнага аддзялення Віталь Вялько, дзе працуюць 26 чалавек, расказвае:
— Калектыў медыцынскіх сясцёр малады, сярэдні ўзрост супрацоўніц — сорак гадоў. Усе адукаваныя спецыялісты, маюць першую кваліфікаваную катэгорыю. Пастаянна павышаюць кваліфікацыю, уносяць у сваю работу сучасныя прыёмы і тэхналогіі.
У аддзяленні працуюць 11 медсясцёр. Таццяна Гоць, напрыклад, мае велізарны вопыт работы, яна незаменны памочнік медсёстрам, прыклад для маладых. Шмат цёплых водгукаў ад пацыентаў атрымліваюць працэдурныя медсёстры Вольга Анікіна, Ірына Гарбачова. Калектыў вельмі цэніць Ірыну Мартэн, якая 23 гады рупілася паставой медсястрой аддзялення, а апошнія два — старшай. Яна актыўная ўдзельніца конкурсаў прафесійнага майстэрства, што ладзяцца ў бальніцы. Актывісткі аддзялення — паставыя медсёстры Наталля Прыступа і Наталля Андрасюк.Прызёрамі конкурсаў прафесійнага майстэрства станавіліся Ганна Хлус, Іна Капусціна. Гэта высокакваліфікаваныя спецыялісты, з усімі пацыентамі намагаюцца знайсці агульную мову.
— Добры медык яшчэ павінен быць і добрым псіхолагам, — лічыць Іна Капусціна.— Таму я люблю чытаць кнігі па псіхалогіі — гэта дапамагае мне ў рабоце.
Дочкі Іны Пятроўны Настасся і Ганна таксама абралі медыцынскі шлях, зараз вучацца ў Гродзенскім медуніверсітэце.
Родная сястра Ганны Хлус Таццяна Міхайлеўская таксама працуе ў бальніцы. У асноўным усе медсёстры тэрапеўтычнага аддзялення атрымалі спецыяльнасць у Брэсцкім медвучылішчы (зараз — каледж). А вось расіянка Вольга Анікіна скончыла Старааскольскі медкаледж у Белгарадскай вобласці. З выбарам прафесіі дапамагла бабуля — таксама медработнік. Вольга Яўгенаўна не толькі прафесіянал: абслугоўвае ў змену да паўсотні хворых (і ін’екцыю зробіць без болю, і кроў з вены возьме хутка), але і шматгранны талент: грае на баяне, вяжа, шые, захапляецца кветкаводствам.
Разам вучыліся ў Брэсцкім мед-вучылішчы і поплеч працуюць Святлана Брэнько і Наталля Андрасюк. З 1995 года ў цэнтральнай раённай бальніцы рупяцца медсёстры Іна Капусціна, Галіна Лагота, Людміла Цупа, якія практычна адначасова прыйшлі ў тэрапію.
Па словах загадчыка аддзялення Віталя Вялько, медсёстры з душою і разуменнем адносяцца да кожнага пацыента. Усе дзяўчаты — выдатныя памочнікі ўрачоў, з паўслова, паўпозірку разумеюць адзін аднаго.
Ва ўсіх кабінетах і палатах тэра-
пеўтычнага аддзялення падтрым-ліваецца ўзорны парадак. І ў гэтым вялікая заслуга гаспадарчай службы, малодшага медперсанала-12 санітарак, што добрасумленна выконваюць свае абавязкі.
Супрацоўнікі аддзялення паважаюць і памятаюць тых, хто працаваў тут раней: Мальвіну Смалюк, Паліну Цупу, Марыю Мартынюк, Марыю Уроніч, Галіну Канючка і многіх іншых.
Нельга не сказаць і пра творчы патэнцыял былых і сённяшніх медработнікаў аддзялення. Яны прыгожа дэкламуюць вершы, танцуюць, выпякаюць смакату, плаваюць у басейне, падарожнічаюць на веласіпедах.
— У нас няма выпадковых лю-дзей, усе медыкі па прызванні, для якіх тэрапеўтычнае аддзяленне стала другім домам. Мы дзелімся адзін з адным радаснымі навінамі, падтрымліваем у цяжкую хвіліну, суперажываем — дадае старшая медсястра Ірына Мартэн. — Зараз з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі па каранавірусе наш калектыў працуе ў напружаным рытме. Некаторыя медсёстры дапамагаюць калегам у інфекцыйным аддзяленні.
Вельмі цёпла пра калектыў адгукаецца паставая медсястра Наталля Андрасюк:
— Мы — згуртаваная каманда, у якой пануюць карпаратыўны дух і цёплыя адносіны сярод калег. Я працую з задавальненнем, бо тут цудоўны мікраклімат, атмасфера чалавечнасці і добразычлівасці, дый загадчык аддзялення Віталь Генадзьевіч — выдатны кіраўнік.
Заўжды знаходзяцца і пацыенты, якія выказваюць людзям у белых халатах глыбокую ўдзячнасць:
— Пра работнікаў аддзялення магу сказаць толькі самае добрае, — кажа Людміла Кузнец.— За некалькі гадоў я неаднойчы пабывала тут на бальнічным ложку і не магу ўзгадаць ніводнага выпадку, калі б мяне абдзялілі ўвагай ці клопатам. Медработнікі — прафесіяналы, і атмасфера добразычлівая.
А Ніна Шабацько дадае:
— Вялікі дзякуй хочацца сказаць Віталю Вялько, медсястрычкам і санітарачкам. Няхай ім хопіць сіл і здароўя змагацца з вірусам, які пануе на ўсёй планеце.
Лідзія ІВАНІХІНА
Фота Святланы БЯЛЯК
На здымку: злева направа Людміла ЦУПА, Настасся ГАРОШКА, Таццяна ГОЦЬ, Віталь ВЯЛЬКО, Ірына МАРТЭН, Таццяна НАКАНЕЧНАЯ.