Гэтая справа цягнулася доўгі час. І кропку ў ёй змог паставіць толькі суд. У сваёй заяве ісцец Андрэй Г. указаў, што яшчэ 26 снежня 2024 года паміж ім і таварыствам з абмежаванай адказнасцю, якое займаецца аказаннем гандлёвых паслуг, быў заключаны дагавор куплі-продажу мабільнага тэлефона. Гэты тэлефон быў дастаўлены яму кур’ерам разам з касавым чэкам аб уплаце грошай і гарантыйным талонам. Андрэй перадаў мабільнік для карыстання дачцэ.
Аднак тыдні праз два ў тэлефоне выявіўся дэфект франтальнай камеры: пры яе ўключэнні з’яўлялася фіялетавае адценне. Андрэй Г. звярнуўся у сэрвісны цэнтр, які выдаваў гарантыйны талон, і атрымаў прапанову даслаць купленую рэч для правядзення дыягностыкі.
Праз некалькі дзён яму паведамілі вынікі дыягностыкі: тэлефон мае вытворчы брак, і прапаноўвалася правесці рамонт, але ад рамонту Андрэй адмовіўся, запатрабаваў усё-такі замяніць мабільны тэлефон, бо, у адпаведнасці з гарантыйным талонам, грамадзянін на працягу трыццаці дзён з моманту пакупкі меў такое права.
Урэшце Андрэю Г. паведамілі: калі ён хоча замяніць тэлефон, то павінен даплаціць грошы за замену корпуса, бо на ранейшым нібыта выяўлены драпіны. Пакупнік адмовіўся ад уплаты, а запатрабаў прыслаць новы тэлефон.
Пройдзе час, перш чым мужчына пачуе, што тэлефон яму высылаюць. Андрэй папярэдзіў, што мабільнік павінен быць абавязкова новы, ні ў якім разе не былы ва ўжыванні, бо, атрымаўшы, звернецца ў сертыфіцыраваную арганізацыю і правядзе праверку.
Хаця Андрэй меў поўнае вуснае запэўненне, што пасылаецца зусім новы тэлефон, аднак, як аказалася, тая праверка не была лішняй: нечакана ён даведаўся, што каробка не з’яўлялася арыгінальнай, а сам тэлефон першы раз быў прададзены… яшчэ ў лістападзе 2021 года.
У той жа дзень тэлефон быў адасланы назад на адрас таварыства з абмежаванай адказнасцю, а на электронную пошту гэтай фірмы – пісьмо з патрабаваннем вярнуць грошы, заплачаныя за пакупку. Аднак Андрэеў зварот пакінулі без адказу, а грошы так і не былі вернуты.
Таму ў маі 2025 года Андрэй Г. накіраваў у адрас адказчыка прэтэнзію, што азначае прапановы па дасудовым урэгуляванні спрэчкі, з наступнымі патрабаваннямі: скасаваць пагадненні бакоў куплі-продажу, што адбылася напрыканцы 2024 года; вярнуць грошы, патрачаныя за тэлефон; кампенсаваць нанесеную маральную шкоду і гэтак далей, а таксама пісьмова паведаміць аб выніках разгляду прэтэнзіі.
Аднак і гэтая просьба ў таварыстве з абмежаванай адказнасцю засталася без задавальнення, а таму Андрэй Г., выступаючы ў судзе, прасіў спагнаць з фірмы на яго карысць няўстойку.
Выслухаўшы довады істца, вывучыўшы матэрылы гэтай справы, суд прыйшоў да высновы, што іск падлягае задавальненню згодна з артыкуламі 2, 18, 20, 25 і 26 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў”.
Такім чынам, быў скасаваны дагавор куплі-продажу ад 26 снежня 2024 года, а з таварыства з абмежаванай адказнасцю на карысць Андрэя Г. спагнана значная сума, а яшчэ – пошліна ў даход дзяржавы.
Не адзіная падобная справа разбіралася ў раённым судзе, але і яна хай будзе ўрокам для арганізацый і таварыстваў, хто працуе з заказчыкамі. Тут трэба быць асабліва ўважлівымі, якасна і строга ў тэрмін выконваць узятыя на сябе абавязацельствы.
Віктар НОВІК, суддзя суда Жабінкаўскага раёна; Анатоль БЕНЗЯРУК
