У спалучэнні прыгожага і мужнага нараджаецца сям’я і сапраўднае шчасце, калі ў ёй уладараць згода ды каханне. Гэта залежыць і ад Яго, і ад Яе. Мы ўжо даўно прызвычаіліся на Пакровы адзначаць Дзень маці, а з сёлетняга года да яго дадаўся і Дзень бацькі, які ўпершыню святкаваўся ў Беларусі ўчора, 21 кастрычніка. Такім чынам утварыўся своеасаблівы тыдзень сям’і, фундаментам якога з’яўляецца бацька, а мацуючым цэментам — ласкавая матуля.
Памятаеце дзіцячую песеньку, дзе рэфрэнам паўтараюцца радкі: “Тата можа, тата можа быць кім заўгодна. Толькі мамай, толькі мамай не можа быць”. І сапраўды, разам яны сіла, разам — адзінае цэлае, здольнае падараваць свету новае жыццё і даць свайму дзіцяці сапраўднае шчасце, пяшчоту, прыклад павагі і адвагі, кахання, цёплых і мудрых чалавечых адносін.
Дык што можа тата? На пытанне дазваляюць адказаць здымкі, на якіх занатаваны розныя жыццёвыя моманты, дзе нашы землякі і суайчыннікі паказваюць прыклады іншым, як жыць у радасці.
“Мой тата — абаронца”, — з поўным правам можа сказаць дачушка Аляксея ПЯТРОВА, які шмат гадоў прысвяціў беларускай арміі. І ўвесь гэты час Аляксей Анатольевіч даказваў, што ён сапраўдны абаронца роднай зямлі, роднай сям’і і нашай Радзімы.
Працаўнік ААТ “Жабінкаўскі” Віктар ВАЛАСЮК асвойвае адказную прафесію “вадзіцеля” дзіцячай каляскі, упрыгожанай каляровымі шарыкамі.
А вось для сям’і настаўніка фізічнай культуры і здароўя Сяргея КАРПУКА вельмі актуальны лозунг “Мама, тата, я — спартыўная сям’я”.
А як прыемна маленькай дачцэ, калі першы раз у першы клас цябе вядзе тата! Гэта выдатна разумее Павел АСТАПОВІЧ.
Сапраўдная цеплыня адчуваецца на здымку, дзе ўсміхаюцца сямейнаму шчасцю Яўген і Святлана ЦАРУКІ, якія гадуюць сваю дзяўчынку-сонейка Соф’ю.
Нездарма гавораць: “Спыніся, імгненне, ты прыгожае!” У гэтым ўпэўніваешся, калі пазіраеш, як кахаюць адзін аднаго Марына АСІНСКАЯ і Іван САРОКА. На фота бачна: маладая жанчына чакае дзіця. Неўзабаве яно прыйшо ў свет, стала шостым па ліку і зрабіла матулю маці-гераіняй.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Святланы КІСЛАЙ

