Там рай, дзе хлебны край

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Аграгарадок Ракітніца ў мінулую пятніцу сабраў лепшых рупліўцаў палёў і фермаў Жабінкаўшчыны на свята, прысвечанае Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.
У фае мясцовага Дома культуры гасцей святочнай імпрэзы сустракала багатая, з фантазіяй аформленая выстава. Свае творчыя таленты прадэманстравалі вучні, настаўнікі і выхаванцы Ракітніцкай, трэцяй гарадской школы, РЦТДіМ, гарадскіх, Ракітніцкага і Ленінскага дзіцячых садоў у выглядзе малюнкаў, цацак, самаробак. Усіх гасцей літаральна паланіла творчасць настаўнікаў трэцяй школы Вольгі Карпук, Алены Дзяр-дзюк, Марыны Паўлюкавец, Алены Кузьміч, Тамары Куцішка, Алены Іванюк, Іны Тарановіч, Людмілы Валетавай, Ірыны Сакольчык, Святланы Пракопчык і Вольгі Завяржэнец, повара Наталлі Макарук і адной з матуль Вольгі Гваздзелка, якія з восеньскіх дароў: гарбузоў, перцаў, цыбулі, буракоў, цытрусавых — з дапамогай ножыкаў для карвінгу падрыхтавалі незвычайныя кампазіцыі. Бібліятэкары аформілі кніжную выставу “Славім родную зямлю” з фотаздымкамі сейбітаў і аратых. Свае таленты дэманстравалі разьбяры па дрэве Віталь Граб і сямейная пара Надзеі і Паўла Шадрыных, якія ствараюць карціны на драўляных спілах.
Асноўнае ж свята ладзілася ва ўтульнай і светлай зале Дома культуры. Адкрыў яго духмяны і прыгожы каравай — уладар свята. Ён заняў сваё пачэснае месца на стале.
Першым на сцэну з віншавальным словам падняўся кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі.
— Для нашай Жабінкаўшчыны сельская гаспадарка з’яўляецца не толькі важнейшай галіной эканомікі, але і жыццёвым укладам значнай часткі яе жыхароў, — гаварыў Дзмітрый Мікалаевіч. — Ад поспехаў аграрыяў і працаўнікоў перапрацоўчай прамысловасці ў многім залежыць дынамічнае развіццё раёна, дабрабыт нашых землякоў. Таму сёння мы сабраліся тут, каб ушанаваць лепшых рупліўцаў 2018 года, тых, хто сваёй нялёгкай працай і прафесіяналізмам уносіць немалы ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі і прамысловасці.
Сёлетні год быў няпростым для працаўнікоў вёскі. Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я вясной і летам, дзякуючы зладжанай рабоце калектываў палявыя работы завяршыліся на два тыдні раней звычайных тэрмінаў.
Пры ўраджайнасці 31 цэнтнер з гектара (а гэта на два цэнтнеры вышэй за сярэднеабласны паказчык) намалочана амаль 35 тысяч тон. Гэта менш, чым летась, на 13 тысяч тон, або на 30 %. Самая высокая ўраджайнасць зерневых — больш за 50 ц/га — атрымана ў ААТ “Вазнясенскі”. Лідарам па валавым зборы збожжа стала ААТ “Жабінкаўскі” — звыш 6,5 тысячы тон пры ўраджайнасці 40 ц/га (ці 19 % ад валавога збору раёна).
Дзмітрый Мікалаевіч шчыра падзякаваў за працу ўсім, хто вырошчваў і ўбіраў хлеб. На ўборцы сёлета рупіліся 62 экіпажы камбайнераў, з іх тры сталі “тысячнікамі”.
Недабор каласавых зерневых часткова кампенсаваны зернем кукурузы, якой сабралі 16 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці 90 цэнтнераў з гектара (139 ц/га — у ААТ “Вазнясенскі” і звыш 100 ц/га — у ААТ “Жабінкаўскі”).
Дзмітрый Гарадзецкі назваў лідараў сёлетняга жніва. Так, на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур (без кукурузы) сёлета сярод сельгасарганізацый першае месца заняло ААТ “Вазнясенскі” (дырэктар Надзея Кандрацюк), на другім — ААТ “Жабінкаўскі” (дырэктар Міхаіл Вячорка), завяршыла тройку лідараў ААТ “Мацеевічы” (дырэктар Мікалай Кавальчык).
Сярод камбайнераў, што намалацілі звыш 1100 тон збожжа, у перадавіках Валерый і Дзмітрый Дзямідчыкі з ААТ “Вазнясенскі”. Сярод маладых камбайнераў найлепшы вынік у экіпажа Алега і Сяргея Сколдаў з ААТ “Ракітніца”.
Лепшыя вадзіцелі — Мікалай Марыніч з ААТ “Хмелева” (ён перавёз звыш 2100 тон збожжа) і Максім Кавальчык з ААТ “Мацеевічы” (на яго рахунку каля 900 умоўных тон збожжа).
Сярод пераможцаў на абласным фестывалі “Дажынкі-2018” шанавалі вадзіцеляў Аляксандра Шлягу з ААТ “Арэпічы” (2 месца), Дзмітрыя Савосіна з ААТ “Вазнясенскі” (3 месца), моладзевы экіпаж у складзе Алега Дзенісовіча і Андрэя Харковіча (1 месца), а таксама аператараў СК з ААТ “Вазнясенскі” — Васіля Пілінкевіча і Мікалая Садоўнічыка.
Сёлета сабралі неблагі ўраджай цукровых буракоў — звыш 70 тысяч тон. Тут у перадавіках ААТ “Вазнясенскі” (дзе накапалі 830 цэнтнераў з кожнага гектара і адправілі на мясцовы завод звыш 13 тысяч тон салодкіх каранёў) і ААТ “Жабінкаўскі” (валавы збор 18 тысяч тон пры ўраджайнасці звыш 680 ц/га). Свой уклад у “салодкую” вытворчасць унеслі і фермерскія гаспадаркі “Бярозка” і “Аляўціна-Бел”. Яны накіравалі на перапрацоўку 10 тысяч тон салодкіх каранёў, ці 12,5 % раённага аб’ёму паставак.
У жывёлагадоўчай галіне амаль 70 % таварнай прадукцыі фарміруецца ад рэалізацыі малака і мяса. З пачатку года на фермах раёна атрымана 55 тысяч тон малака, што на 4,5 % вышэй, чым летась. Лепшыя вынікі за 10 месяцаў у ААТ “Рагазнянскі”, дзе сярэдні надой на карову склаў 7380 кг, а таксама ААТ “Вазнясенскі” — 6960 кг. Пераможцамі ў раённым спаборніцтве па вытворчасці малака прызнана ААТ “Рагазнянскі”, сярод фермаў — “Бусні-1000” гэтай жа гаспадаркі, а таксама звяно аператараў машыннага даення: Надзея Сідарук, Валянціна Салей і Святлана Язерская.
Разам з вытворцамі сельгас-прадукцыі прафесійнае свята адзначаюць і працаўнікі перапрацоўчай прамысловасці — цукровага і камбікормавага заводаў.
Дзмітрый Мікалаевіч павіншаваў усіх, хто без адпачынку здабываў ураджай і расціў жывёлу, перарабляў сельгаспрадукцыю, кіраваў сельгасарганізацыямі адказна, добрасумленна. Затым ён уручыў заслужаныя ўзнагароды — граматы і лісты падзякі райвыканкама некаторым працаўнікам.
Дэпутат Палаты прад-стаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка, якая прысутнічала на свяце, цёпла павіншавала рупліўцаў і ўручыла начальніку аддзялення № 2 “Якаўчыцы” ААТ “Жабінкаўскі” Віталю Дадычанку Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Яшчэ адзін госць — старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Лабадзінскі — таксама выканаў прыемную місію — узнагародзіў лепшых рупліўцаў ферм і палёў. Напрыклад, Падзяку Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь з яго рук атрымала аператар машыннага даення ААТ “Рагазнянскі” Валянціна Салей; Грамату Брэсцкага аблвыканкама — ветурач ААТ “Рагазнянскі” Аляксандр Мікуц; Лісты падзякі аблвыканкама — аператар па штучным асемяненні ААТ “Жабінкаўскі” Пётр Пашкевіч; Ганаровую грамату і Ліст падзякі Брэсцкага аблвыканкама — брыгадзір жывёлаводства ААТ “Жабінкаўскі” Андрэй Марчук і інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка ААТ “Вазнясенскі” Андрэй Галавейка.
Да мікрафона падыходзілі са шчырымі словамі віншаванняў да віноўнікаў свята і ўручалі ўзнагароды таксама былы першы намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Токар, старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Кучынскі, старшыня Жабінкаўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталля Карпук, старшыня раённага аграпрамысловага саюза Павел Шыдловіч, в. а. першага сакратара РК ГА “БРСМ” Валерыя Маркоўская.
Паднімаліся на сцэну маладыя людзі, якія сёлета пачалі сваю працоўную біяграфію на Жабінкаўшчыне. Заатэхнікі, ветфельчары, аграномы, электраманцёры, слесары-рамонтнікі, рабочыя будаўнічай брыгады і іншыя (усяго 24 чалавекі) папоўнілі гаспадаркі і прадпрыемствы Жабінкаўшчыны. Іх, маладых, таленавітых, прыгожых і мэтанакіраваных, якім яшчэ належыць уносіць свой уклад у далейшае развіццё і росквіт нашага краю, павіншаваў з чарговым этапам жыцця і даў парады дырэктар ААТ “Рагазнянскі” Аляксандр Семянюк.
А вось намеснік старшыні райвыканкама Максім Антанюк выканаў крыху іншую місію.
Ён расказаў, што на прадпрыемствах працуюць руплівыя, шчырыя людзі, якія штодня клапоцяцца аб дабрабыце краіны. А яшчэ яны смелыя і самаадданыя, гатовыя ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу іншым. Сапраўдны герой — дырэктар ААТ “Ракітніца” Рыгор Панасюк. Ён выратаваў з палаючай хаты ў вёсцы Стрыганец пажылую жанчыну, перадаў яе брыгадзе “хуткай дапамогі”, а сам адправіўся працаваць далей, ніяк не афішыруючы свой подзвіг.
Максім Антанюк уручыў Рыгору Панасюку грамату Брэсцкага абласнога ўпраўлення Міністэрства надзвычайных сітуацый за праяўленую мужнасць, самаадданасць і правільныя дзеянні ў сітуацыі, звязанай з рызыкай для жыцця пры выратаванні чалавека на пажары.
…Кветкі, узнагароды, цёплыя словы віншаванняў і, канечне ж, дзе свята — там і песні, і танцы! Музычныя нумары рупліўцам ферм і палёў ад усёй душы дарылі ўзорны ансамбль народнага танца “Каруначкі”, народны хор “Скарбніца”, калектыў клуба ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” “Раздолле”, народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”, міні-тэатр песні і гумару “Спявай, душа!”, народны вакальны ансамбль “Каларыт” і эстрадная група “Аляксандр- парк”.
Дзякуй вам, працаўнікі, за водар цёплага хлеба на нашым стале, за малако і мяса, за тое, што, не зважаючы на стому, забяспечваеце прадуктамі харчавання краіну! Нізкі вам паклон!