Такія розныя матулі, адзіныя ў любові да дзяцей

4 гадзіны раніцы. Даярка збіраецца на працу. Яна паправіла коўдру ў сына і пакінула на стале запіску пад талеркай з блінамі: «Варэнне на палічцы. Пагрэй бліны». Ідзе на працу, уся ў клопатах, а ў 7 звоніць малому, ці ўжо прачнуўся, ці знайшоў варэнне, ці добра паеў. Жадае добрага дня. Яна ў гэтым месяцы не купіць сабе новыя чаравікі, бо ў сына хутка дзень нараджэння — трэба купіць падарунак. Так, невялікі, але абавязкова трэба. І старэйшаму сыну дапамагчы, што паехаў вучыцца.

    Начная змена. Урач хуткай дапамогі дзяжурыць. Ёсць 10 хвілін паміж выклікамі, каб заплюшчыць вочы. Але не спіцца: дома хворая дачка. Кожныя дзесяць хвілін яна тэлефануе мужу спытаць, ці памераў тэмпературу, ці даў лекі, ці спіць дзіця. Не выпускае тэлефона з рук, нават калі едзе па выкліку. Думае пра дачушку, калі ратуе чалавека. Хутчэй бы раніца…

    Звініць званок. Апошні, сёмы, урок закончыўся. Настаўніца ідзе дадому. Крышку баліць галава: стамілася сёння. Нясе ў сумцы цэлы стос сшыткаў, якія трэба праверыць да заўтра. Але перш дапамагчы з урокамі дачцэ. Яна ўжо чакае. А як хочацца хоць на паўгадзіны прылегчы, адпачыць пасля працоўнага дня. Няма калі. Чакае выхадных.

    Маці затрымалася на дзяжурстве да вечара наступнага дня. Яна следчы. Вочы заплюшчваюцца, не можа стаяць на нагах, а дома трэба пакласці дзяцей спаць. На дапамогу прыходзіць муж, але дзеці засумавалі па маме, так і туляцца да яе. І чытае матуля казку, седзячы ля дзіцячага ложка, як бы ні хацелася спаць. Бо любіць сваіх дзетак, па-сапраўднаму любіць.

    А гэтая маці не ходзіць на працу. У яе ў калысцы грудное дзіця. Сёння яно паспала толькі 15 хвілін: цэлы дзень плача, бо рэжуцца зубкі. Цэлы дзень яна то з ім на руках, то гушкае калыску, агукае малому, каб суцешыць дзіця. І толькі вечарам, калі прыйдзе з працы муж, у яе ёсць крыху часу для сябе і каб зрабіць хатнія справы. Але ці надоўга: пакуль дзіця не зойдзецца ад плачу.

    Ідуць па парку маці і 4-5-гадовы сынок. Малы так і свеціцца ад шчасця, бо ідуць яны на каруселі. Сёння ён добра павесяліцца. А маці правярае кашалёк: грошы ўзяла. Колькі тых грошай… Але яна паабяцала, а абяцанні трэба выконваць. Хто ж, як не яна, парадуе сыночка?! Яны жывуць без бацькі.

    А жыццё гэтай маці крута змянілася пасля нараджэння дзіцяці. Яе дзіця нарадзілася хворым. Але яна знайшла моц, узяла сябе ў рукі і стала абаронцам і вернай апорай для яго. Яна гатова зрабіць усё, што ў яе магчымасцях, каб жыццё дзіцяці было крыху святлейшым. Яна нястомна ездзіць па бальніцах, па аптэках. Цешыць дзіця ўсё новымі цацкамі, каб яно забыла хоць на хвілінку пра боль. Толькі і жадае, каб яно ўсміхалася, каб не бачыць ягоных слёзак. 

    Раніца. Сядзіць на ложку маці, расчэсвае сівыя валасы. Як заўсёды, умываецца, завязвае хустку. Як заўсёды, ідзе да тэлефона і націскае на кнопку з надпісам «Дачушка». Доўга цягнуцца гудкі, а дачка не бярэ трубку. Другі раз набірае — таксама адны гудкі. Трэці, чацвёрты… Неспакойна робіцца на сэрцы ў маці: сёння не як заўсёды. Звычайна дачка адразу адказвае. Разгубленая жанчына ідзе снедаць. Вось яйкі ўжо смажацца на патэльні. Як тут — тэлефонны званок. Амаль пабегла маці ў пакой да апарата, памчалася так хутка, як ніколі не хадзіла: «Аёй, дачушка, дзе ж ты была?» — «Тэлефон у сумцы ляжаў, не чула. Мама! А што ж гэта Вы яшчэ не адамкнуліся?» Думае маці, чаго ж гэта голас нібы дваіцца. Глянула ў акно, а на парозе — дачушка! Кінула трубку, хутка зняла з пліты згарэлыя ўжо яйкі і пабегла адчыняць дзверы. Скінула зашчапку — перад ёй родны чалавечак, з кветкамі і дзіцячым малюнкам з надпісам «Для любімай бабулі» ў руках, з пакетамі гасцінцаў. Колькі радасці ў гэтых акружаных маршчынкамі вачах! «Дачушка, ці ж ты сёння не працуеш?» — «Праца працаю, а маму наведаць — у першую чаргу!»

    Быць матуляй нялёгка. Але нічога не перашкодзіць сапраўднай маці любіць сваіх дзяцей проста за тое, што яны ёсць, такіх, якія яны ёсць. Матчына любоў не залежыць ні ад занятасці, ні ад фінансавага становішча. Маці аддае дзецям усю сябе, наколькі гэта магчыма. 
Вольга ДРУШЧЫЦ