Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота аўтара.
Пачынаючы з канца ліпеня дэлегацыі з прадстаўнікоў раённай улады, раённага аб’яднання прафсаюзаў, райкама грамадскага аб’яднання “БРСМ” і рэдакцыі “СП” наведваліся ў розныя гаспадаркі Жабінкаўшчыны, каб ушанаваць перадавых камбайнераў і вадзіцеляў-тысячнікаў. На мінулым тыдні надарылася чарговая нагода для паездкі. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Лысенка і выконваючая абавязкі першага сакратара РК ГА “БРСМ” Валерыя Маркоўская завіталі ў ААТ “Жабінкаўскі” і павіншавалі з узятым тысячным рубяжом на перавозцы збожжа ад камбайнаў маладых вадзіцеляў Дзмітрыя Шаламая і Уладзіміра Угляніцу.
Дзмітрый стаў тысячнікам упершыню за чатыры гады працы ў “Жабінкаўскім”. Ён рупіцца ў гаспадарцы на трактары МТЗ-82, а гэтым летам часова перасеў за руль МАЗа 551605 – і дасягнуў такога высокага выніку. Малады чалавек не хаваў сваёй радасці і гонару, прымаючы віншаванні, грамату і каштоўныя падарункі ад райкама БРСМ і раённага аб’яднання прафсаюзаў. Прыемна стаць героем дня і трапіць на старонкі раённай газеты!
Дзмітрый расказаў, што поспехам сваім падзеліцца з жонкай Таццянай і двума дзеткамі – сынам і дачкой. Маладая сям’я жыве ў Курпічах у прэзідэнцкім доміку, вы-дзеленым роднай гаспадаркай. Умовамі жылля і працы Дзмітрый Шаламай задаволены, а нам паабяцаў у наступным годзе “ўзяць” новую тысячу.
Яшчэ адзін герой дня чакаў нас у Вялікіх Якаўчыцах. Для маладога вадзіцеля Уладзіміра Угляніцы гэта далёка не першая тысячная планка. Як прызнаўся малады чалавек, дзякуючы руплівай працы і старанню амаль кожны год яму пакараецца запаветны рубеж.
Галоўнае своечасова адрамантаваць тэхніку да пачатку ўборкі, берагчы свайго вернага “жалезнага каня”, шчыра працаваць – і тысяча тон на тваім рахунку (і адпаведна грашовая прэмія ў кішэні), –
раскрывае сакрэт поспеху малады вадзіцель-перадавік.
З дасягненнем высокіх паказчыкаў Уладзіміра павіншавалі Ніна Калыбская, Святлана Лысенка і Валерыя Маркоўская і ўручылі грамату і традыцыйныя падарункі.
У размове малады вадзіцель падзяліўся, што пяць гадоў рупіцца ў ААТ “Жабінкаўскі”. На сваім аўтамабілі МАЗ-551605 сёлета перавёз 1107,6 тоны. Пасля працоўнага дня дома Уладзіміра чакаюць жонка Вера, дзве дачкі і сын. Старэйшая дачка штогод наладжвае з бацькам своеасаблівае спаборніцтва па колькасці атрыманых грамат: у яе іх таксама шмат за перамогі ў розных школьных конкурсах і спаборніцтвах.
Дзецям Дзмітрыя Шаламая і Уладзіміра Угляніцы сапраўды ёсць на каго раўняцца і з каго браць прыклад. Так трымаць, хлопцы!

