“Сёння ў нашай хаце свята!”


Хто не памятае гэтых слоў, з якіх пачынаецца гарэзлівая песня ў выкананні ансамбля “Сябры”?! Калі да вас прыходзіць вялікае свята, найчасцей сустракаеце сваіх шматлікіх гасцей ў самым вялікім, чыста прыбраным пакоі. Прыкладна тое ж адбываецца і ў горадзе: людзі збіраюцца на цэнтральнай плошчы, каб адзначыць нейкую важную дату: юбілей, імяніны, чырвоны дзень календара.

 

На здымках, што перад вамі, фатографы занатавалі менавіта такія моманты. Першы пераносіць нас больш чым на тры дзясяткі гадоў назад, на другім – сённяшні дзень.

Ці можна ўдакладніць дату старога фота? Аказваецца, можна: картка сама сведчыць за сябе. На транспаранце, размешчаным злева ад трыбуны, чытаецца фраза: “Ключевая задача ХІІ пятилетки – ускорение”. Паскарэнне – гэта не проста слова, а лозунг і палітычны курс, абвешчаны 23 красавіка 1985 года генсекам Міхаілам Гарбачовым. Свае рэформы, якія праводзіліся напрыканцы 80-х, Міхаіл Сяргеевіч акрэсліў надзвычай ёміста ўсяго трыма словамі: “галоснасць – перабудова – паскарэнне”, таму і час сталі зваць перабудовачным.

На здымку жабінкаўцы прыйшлі на нейкае вялікае свята. Найважнейшых, на якія збіраліся настолькі масава і арганізавана, у СССР было ўсяго два: Першамай і 7 лістапада, якое ў народзе называлі “кастрычніцкім святам”. Людзі на картцы апрануты яўна па-вясенняму. На двары – 1987 год. Гэта дазваляе ўдакладніць вежавы кран, які ўзводзіць шматпавярховы дом паблізу будынку “Беларусбанку”.

Цікава, але гістарычнае фота можна не толькі пабачыць, але й… “пачуць”. На пярэднім плане – міліцыянер у параднай форме, які прыклаў руку да фуражкі і стаіць па стойцы “смірна”. Відавочна, гучыць гімн тагачаснай краіны – Саюза Савецкіх Сацыялістыных Рэспублік.

Сянажная плітка і металічныя канструкцыі, вырабленыя ў выглядзе чырвоных сцягоў праіснавалі на плошчы ажно да абласных “Дажынак” 2007 года. Яшчэ раней знікла вялікая шыльда з надпісам “СССР оплот МИРА”. Натуральна, гэта адбылося на памежжы 1991 і 1992 гадоў, пасля ліквідацыі Саюза ССР і абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Здымак, які ніжэй, зроблены літаральна восем дзён таму – 25 ліпеня гэтага года, калі жабінкаўцы святкавалі чарговы Дзень свайго горада.

Тут каментарыі, як гаворыцца, залішнія. Мы ўсе відавочцы тых перамен, што адбываюцца ў Жабінцы і наваколлях апошнімі часамі. Многія з нас у згаданы святочны дзень самастойна і разам з сябрамі, сем’ямі пабывалі на галоўнай гарадской плошчы, дзе раздзялілі агульны прыемны настрой і пакінулі на памяць шматлікія фотаздымкі, якія вельмі хутка таксама стануць гістарычнымі.

Анатоль БЕНЗЯРУК