СЁННЯ СВЯТА НА “ЭКВАТАРЫ”!

Ленінскі сельсавет размешчаны на бойкім месцы. Яго падзяляе на дзве часткі галоўная дарога краіны Брэст — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі, якую часам завуць “беларускім экватарам”.
Сёння ў жыхароў сельсавета вялікае свята, на якое яны паклікалі шматлікіх гасцей.
Чым не нагода ў такі дзень прыгадаць асаблівасці і адметнасці мясцін, размешчаных у самым сэрцы раёна? Тым больш, што Ленінскі сельсавет надзвычай багаты сваімі таленавітымі і працавітымі людзьмі, цікавай гісторыяй, цудоўнымі прыроднымі краявідамі.

В І З І Т О Ў К А

Назва — Ленінскі сельсавет Жабінкаўскага раёна (у Беларусі існуюць яшчэ чатыры аднайменныя сельсаветы).
Час заснавання і перайменавання — утвораны 12 кастрычніка 1940 года як Рагазнянскі сельсавет, са студзеня 1971 года быў перайменаваны ў Ленінскі з пераносам цэнтра ў аднайменны пасёлак.
Адміністрацыя — старшыня Мікалай Лугаўскі, кіраўнік спраў Ірына Ефімовіч.
Сельсавет на карце — на ўсходзе ён мяжуе з Кобрынскім раёнам, на захадзе — з Ракітніцкім, на поўначы — з Жабінкаўскім, на поўдні — з Азяцкім сельсаветамі Жабінкаўскага раёна.
Насельніцтва — 2436 чалавек (самая вялікая колькаць жыхароў сярод сельсаветаў Жабінкаўшчыны).
Населеныя пункты — аграгарадок Ленінскі і 10 вёсак.
Прамысловая арганізацыя — торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі”.
Сельгасарганізацыя — ААТ “Рагазнянскі”.
Сацыяльныя ўстановы — сярэдняя школа і яслі-сад у аграгарадку, Ленінскі сельскі Дом культуры, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі.
Месцы адпачынку і аздараўлення — санаторыі “Буг” і “Надзея”, аздараўляльны цэнтр “Арляня”.

Рагазнянскі, ён жа Ленінскі

Сваім узнікненнем Рагазнянскі (сённяшні Ленінскі) сельсавет абавязаны ўз’яднанню Заходняй Беларусі з БССР. 22 верасня 1939 года мясцовыя жыхары аднымі з першых каля Хадасоў віталі прыход Чырвонай Арміі. А праз год на гэтых землях узнік сельсавет.
Паступовае развіццё хутка перарвала вайна. Тутэйшыя змагаліся з ворагам у партызанскіх атрадах і на франтах. Дасюль у цэнтры аграгарадка месціцца абеліск з імёнамі землякоў, якія загінулі ў полымі ліхалецця.
Пасля вызвалення край пачаў імкліва аднаўляцца, пачалася меліярацыя, узнікалі новыя вытворчасці. У 1964 годзе быў арганізаваны саўгас “Рагазнянскі”, у лютым 1969-га першую прадукцыю даў торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі”.
Развіваўся і сам Рагазнянскі сельсавет. Найбольшае пашырэнне адбылося ў пачатку 1961 года, калі да яго былі далучаны адразу 15 населеных пунктаў.
З 1966 года літаральна ў чыстым полі, насупраць вёскі Ацячызна, пачаў расці пасёлак Ленінскі. У поўнай меры яго заснавальнікам можна назваць дырэктара саўгаса “Рагазнянскі”, ардэнаносца, Ганаровага грамадзяніна Жабінкаўскага раёна Мікалая Прасмыцкага. Яго настойлівасць, дзелавітасць у многім прыносілі плён. Гаспадарка стала перадавой. Нездарма частым госцем у “рагазнянцаў” бываў Пётр Машэраў, наведваліся ў пасёлак на “экватары” і шматлікія айчынныя ды замежныя дэлегацыі. Прыязджалі па вопыт сблізу і здалёк.
У лютым 1967 года на свет з’явілася Наталля Макарук — першая жыхарка пасёлка, у пасведчанні якой месцам нара-джэння быў пазначаны Ленінскі. У лістападзе шэсцьдзесят восьмага з’явіліся першыя двайняты — Таня і Ігар Несцерукі. Усяго за першыя тры гады нарадзілася больш за два дзясяткі “юных ленінцаў”. Таму не дзіўна, што хутка развівалася не толькі сельгасвытворчасць — як грыбы пасля дажджу ўзводзіліся дамы для саўгаснікаў і завадчан, школа, клуб, іншыя сацыяльныя аб’екты. Малады пасёлак напаўняўся “птушынымі” галасамі.
Штогод у краіне праводзіліся выбары розных узроўняў, і кожны раз ствараўся Ленінскі выбарчы ўчастак. Вось толькі назва, якая ўжо была і на слыху, і ў шматлікіх дакументах, патрабавала свайго зацверджання на самым высокім узроўні. Гэта адбылося 21 снежня 1970 года, калі выйшаў адпаведны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР.
А роўна праз месяц, 21 студзеня ўжо новага 1971 года, цэнтр сельсавета перанеслі з Рагозна ў Ленінскі, быў перайменаваны і сельсавет.

Заслужаныя ўзнагароды

У сёлетнім снежні будзе 30 гадоў, як знік з карты Савецкі Саюз. У 1972-м адзначалася зусім іншая юбілейная дата: 50-я ўгодкі з дня ўтварэння гэтай дзяржавы.
Земляробаў і жывёлаводаў чакала тады прыемная навіна. 14 снежня іх гаспадарка ў ліку нямногіх атрымала Юбілейны знак і ганаровае найменаванне: саўгас “Рагазнянскі” імя 50-годдзя СССР.
Штодня “рагазнянцы” стараліся пацвердзіць, што здольныя працаваць на выдатна. І за тое мелі павагу ды шматлікія ўганараванні. Найвышэйшая ўзнагарода Савецкай краіны — ордэн Леніна — упрыгожыла грудзі дырэктара Мікалая Прасмыцкага і даяркі Соф’і Сяргеевай. Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі атрымалі трактарысты Мікалай Бурачук і Уладзімір Новік, даярка Марыя Вавуліна, слесар Фёдар Карпук і брыгадзір Іван Раўноў. Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга былі ўзнагароджаны трактарыст Іван Буневіч, даярка Марыя Карпінчык, брыгадзір Ціхан Грыцук, рабочыя саўгаса Лідзія Дзмітрук і Ганна Ігнацюк.
Гэты пачын, закладзены у ХХ стагоддзі, прадоўжылі і ў стагоддзі ХХІ-м, калі гаспадарку ўзначаліў яшчэ адзін Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага раёна Аляксандр Семянюк, які, на жаль, пайшоў заўчасна з жыцця.
Памятаю, як пры адной сустрэчы ён дзяліўся поглядамі на жыццё. Аляксандр Васільевіч разважліва тлумачыў сваё разуменне таго, як павінны працаваць аграрыі: “Не сакрэт, у апошнія гады дзяржава ўкладвае ў сельскую гаспадарку вялізныя сродкі. Таму цяпер надзвычай важна, каб прадпрыемствы не выступалі ў ролі папрашаек, а сваімі сіламі маглі сеяць і жаць. Гэта магчыма толькі тады, калі будзем зарабляць значна больш, чым траціць”.
Як сапраўдны гаспадар, Семянюк заўсёды з гонарам дэманстраваў здабыткі гаспадаркі, асабліва пабудаваную ў 2009 годзе і абсталяваную нямецкімі спецыялістамі “па апошнім піску тэхнікі” малочнатаварную ферму “Бусні 1000”. Ён жыў працай і гэтым быў прыемны людзям, заўсёды паўтараў:
— Так, я — калгаснік! У лепшым сэнсе гэтага слова.
Выдатна, што ў яго ёсць прадаўжальнікі. Сёлета хлебаробы з “Рагазнянскага” ў вельмі няпростых умовах першымі ў раёне завяршылі жніво. Віншуем іх з поспехам.

Замест пасляслоўя

Так, землі саўгасныя і сельса-вецкія сапраўды ў вельмі бойкім месцы, паблізу хуткаснай між-народнай шашы — таго самага “экватара”, што цягнецца ад Масквы да самага Парыжа.
Тут працуюць не толькі на зямлі, але і ў яе глыбінях, прынамсі, на торфабрыкетным заводзе “Гатча-Осаўскі”. Ленінцы паўсюль намагаюцца быць лідарамі. Вось і аграгарадок у іх узнік самым першым у раёне.
І гасцей тут любяць, як родных. Бо ў Ленінскім сельсавеце ёсць“і жытніца, і здраўніца”: ва ўрочышчы Сасновы Бор больш за паўвека працуе курортна-аздараўляльная зона, дзе месцяцца санаторыі “Буг” і “Надзея”.
Ленінскі — край, прыцягальны для турыстаў. На яго абшарах адбывалася шмат гістарычных падзей, у тым ліку знакамітая Крупчыцкая бітва.
Тут мінулае выдатна спалучаецца з сённяшнім днём. І гэта ўсё выключна на карысць будучыні.
Анатоль БЕНЗЯРУК