РАБОТЫ ШМАТ – ЯНА Ў РАДАСЦЬ
Паштовыя паслугі — гэта тое, без чаго нельга ўявіць наша жыццё. Мы афармляем падпіску на газеты і часопісы, адпраўляем і атрымліваем лісты, пасылкі, аплочваем камунальныя паслугі.
Паштовая галіна развіваецца і ўдасканальваецца сямімільнымі крокамі: здаецца, толькі нядаўна з’явілася паслуга “Мабільны паштальён” і прапаноўвалі яе адзінкавыя “печкіны”, а ўжо з верасня бягучага года з дапамогай яе працуюць усе шэсць паштальёнаў і чатыры вадзіцелі мотадастаўкі першага аддзялення паштовай сувязі ў Жабінцы.
Работай паштальёнаў, сарціроўкай карэспандэнцыі тут кіруе аператар сувязі 6 разраду Галіна ГІНЬ. Яна з заплюшчанымі вачыма можа выконваць усе свае абавязкі, таму што мае за плячыма 17 гадоў паштовага працоўнага стажу.
Пачынала Галіна Міхайлаўна рупіцца кладаўшчыком у аддзеле маркетынгу пры начальніку Аляксандру Клімчуку. Ужо праз год ёй прапанавалі пасаду аператара сувязі першага аддзялення, а затым другога. Удзячна Галіна Гінь за парады і дапамогу сваім былым кіраўнікам Людміле Саўчук ды Марыне Мілашэўскай і сённяшняму начальніку Брэсцкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Святлане Якухна.
Менавіта Святлана Іосіфаўна ў 2018 годзе прапанавала Галіне Міхайлаўне перайсці працаваць у аддзяленне паштовай сувязі Брэст-4, дзе наша гераіня набыла неацэнны вопыт і спрыт у рабоце: усё ж такі не параўнаць аб’ёмы карэспандэнцыі ў абласным цэнтры і раённым. Калі вярнулася ў Жабінку ў роднае першае аддзяленне, то нашмат хутчэй стала спраўляцца з пастаўленымі задачамі. А гэта прыём пошты разам з начальнікам аддзялення Жабінка-1 Ірынай Прыступай, размеркаванне карэспандэнцыі па маршрутах паштальёнаў і мотадастаўкі, каб яны як мага хутчэй накіраваліся да адрасатаў. У другой палове дня яна фарміруе карэспандэнцыі і пасылкі, прынятыя на першым аддзяленні паштовай сувязі да 15.00, на адпраўку па ўсёй рэспубліцы. Прычым, паскораная, заказная, страхавая і іншая пошта фарміруюцца асобна. Зараз таксама шмат пасылак з інтэрнэт-магазіна “Ozon”, ён карыстаецца вялікай папулярнасцю.
— Кручуся, як вавёрка ў коле: работы ў нас заўжды даволі, — кажа Галіна Міхайлаўна. — Самыя напружаныя дні — аўторак і пятніца. Яно і зразумела: працы прыбаўляецца пасля нядзелі і панядзелка, калі адсутнічае паштовы абмен, і напрыканцы тыдня.
Цесна супрацоўнічае аператар сувязі з кур’ерамі, якім трэба спяшацца па патрэбных адрасах.
— Намагаемся, каб усё дастаўлялася нашым кліентам своечасова. Асаблівая ўвага — аддаленым вёскам, дзе адсутнічаюць паштовыя аддзяленні, а таму населеныя пункты абслугоўваюцца перасоўнымі “поштамі на колах” або з дапамогай мотадастаўкі, — дзеліцца Галіна Гінь.
Начальнік паштовага аддзялення Жабінка-1 Ірына ПРЫСТУПА хваліць Галіну Міхайлаўну, сцвярджае, што яна прыветлівая, з павагай адносіцца да сваіх падначаленых, працуе без нараканняў, заўсёды прымае ўдзел у Днях падпісчыка.
А сама Галіна Гінь сцвярджае, што яна шчаслівая жанчына, бо мае любімую работу, каханага мужа Аляксандра Мікалаевіча, харошых дзяцей — сына Яўгена і дачку Марыну — і чацвярых цудоўных унукаў.
— Цімафей, Павел, Уладзіслаў і Данііл — гэта мая ўцеха і радасць, — з цеплынёй у голасе кажа Галіна Міхайлаўна. — З задавальненнем вяжу, гатую для сваіх родных, выпякаю розную смакату.
Смачны пірог наша гераіня плануе спячы і на прафесійнае свята ды пачаставаць калег. Прызнаецца, што дружны калектыў першага гарадскога паштовага аддзялення даўно стаў для яе родным. Тут пануе ўзаемадапамога і паразуменне.
Галіна Міхайлаўна віншуе калег з прафесійным святам, жадае здароўя, дабрабыту, поспехаў у працы, задаволеных і ўдзячных кліентаў, стабільнай бесперабойнай работы, добрых заробкаў!
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара
