СЁННЯ — ДЗЕНЬ ЯДНАННЯ БЕЛАРУСІ І РАСІІ

ЖЫЦЬ ПА-СУСЕДСКУ, У МІРЫ, СЯБРОЎСТВЕ

Свята яднання ўжо чвэрць стагоддзя адзначаюць народы краін-суседак.

Амаль адразу пасля таго, як спыніў сваё існаванне Савецкі Саюз і на яго абшарах утварылася Садружнасць Незалежных Дзяржаў, пачаўся пошук аднаўлення парушаных сувязяў паміж рэспублікамі. Найбольш значны шлях у яднанні прайшлі Беларусь і Расія. Прэзідэнты гэтых краін 2 красавіка 1997 года падпісалі Саюзны дагавор. З тых часоў гэтая дата адзначаецца як Дзень яднання двух славянскіх народаў.
Наступны важны крок быў зроблены 8 снежня 1999 года, калі ўтварылася Саюзная дзяржава. Сёння ў яе паўнамоцтвы ўваходзяць знешняя палітыка, абарона і бяспека, бюджэтная, грашова-крэдытная і падатковая сістэмы, энергетычныя і мытныя пытанні, транспарт і сувязь. Пры гэтым кожная дзяржава захоўвае суверэнітэт, раўнапраўе і міжнародную правасуб’ектнасць, сваю тэрытарыяльную цэласнасць, дзяржаўны лад, Канстытуцыю і дзяржаўныя сімвалы.
Паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй год ад году мацнеюць сувязі. І наша Жабінкаўшчына не стаіць ад іх убаку. Гэтае яднанне закладзена гістарычна, даўно прарасло праз чалавечыя лёсы.
Летась наш край наведаў былы кіраўнік канцэрна “Кубаньнафтагазбуд” Уладзімір АНДРЭЙЧАЎ. Праз тысячы вёрстаў ён прыехаў, каб схіліць калені перад магілай маці, пахаванай каля Хмелеўскай царквы. У вайну падлеткам Уладзімір Барысавіч з матуляй і малодшай сястрой цудам пазбеглі расстрэлу ў Жабінцы. Мы падарожнічалі па мясцінах, дзе ў саракавыя агнявыя масава знішчалі мірных людзей, і я раптоўна прыпыніў свой расказ, які вёў па-беларуску:
— Выбачайце, можа, мне перайсці на рускую?
Але 90-гадовы нашчадак кубанскага казацкага роду на тое запярэчыў:
— Нет-нет, продолжайте, пожалуйста. Мне всё понятно, у вас чудесный язык. И вообще, какое я имею право гнушаться языка, на котором говорили люди, спасавшие нас от расправы?..
Яшчэ адна памятка ліхалецця — у самым цэнтры Жабінкі. Да гэтага месца мы часта прыходзім на ўрачыстасці і жалобы. Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, якія вызвалялі наш край у ліпені сорак чацвёртага… Сярод прозвішчаў, пазначаных на мармуровых плітах, — больш за сотню байцоў, прызваных у Чырвоную Армію расійскімі ваенкаматамі. Яны змагаліся за нашу волю і тут знайшлі апошні свой спачын.
Летась у памятныя чэрвеньскія дні ладзіўся міжнародны патрыятычны форум “Наша агульная Перамога”, які наведаў дэпутат Курскай абласной думы Аляксандр ТРУБНІКАЎ. Па яго запрашэнні праз лічаныя месяцы берасцейцы наведалі расійскую зямлю, палітую крывёю ў гады вайны. У складзе дэлегацыі быў старшыня Ленінскага сельвыканкама Мікалай ЛУГАЎСКІ. А як прыемна было пачуць у Дзень беларускага пісьменства прывітанне і верш на роднай мове, прамоўленыя з касмічыных вяршыняў беларусам, Героем Расіі Алегам НАВІЦКІМ!
Так, краіны і народы яднае не толькі агульнае мінулае. Нашы прадпрыемствы (найперш цукровы і камбікормавы заводы) радуюць сваёй прадукцыяй расіян у многіх канцах іх неабсяжнай дзяржавы. Таму мацнеюць сяброўскія сувязі паміж Жабінкай і рэгіёнамі шматнацыянальнай краіны-суседкі. Праз свае эканамічныя і культурныя здабыткі жабінкаўцы надзейна ладзяць мост сяброўства. Напрыканцы мінулага года адразу з двума расійскімі рэгіёнамі кіраўнік Жабінкаўскага раёна Вадзім КРАЎЧУК падпісаў пагадненні аб супрацоўніцтве. 7 снежня ў гэтым накірунку быў зроблены першы крок у напрамку Іглінскага раёна Рэспублікі Башкартастан, а праз два тыдні кіраўніцтва Жабінкаўшчыны наладзіла пабрацімскія адносіны з Задонскім раёнам Ліпецкай вобласці.
Падчас сустрэч намечаны напрамкі супрацоўніцтва, у тым ліку развіццё паміж рэгіёнамі эканамічнага патэнцыялу, абмену ў турыстычнай, спартыўнай і культурнай сферах. Гэткім чынам, вялікія адлегласці не перашкода для збліжэння тых, хто зацікаўлены, каб жыць па-суседску, у міры і сяброўстве.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Святланы КІСЛАЙ