СВЯТЛАНА СКАЛІНА І КНІЖНЫ СВЕТ
Ёсць у Мацеевічах бібліятэка. Яе гаспадыню Святлану СКАЛІНУ цудоўна ведаюць не толькі чытачы. Адукаваная, тактоўная, душэўная Святлана Васільеўна стварыла вакол сябе асаблівы свет. У ім галоўнае месца займае слова, здольнае шчыра размаўляць са старонак кніг.
Іх чароўны пах заварожваў і вабіў з дзяцінства. Ужо тады ў дзяўчынкі нарадзілася мара стаць бібліятэкарам. Але дарога ў любімую прафесію аказалася вельмі доўгай, хоць з кніжным светам Света сябравала заўжды. Прагу да чытання падтрымлівала мама Людміла Іванаўна Баярчук, якая прывіла Святлане і яе сястры Таццяне любоў да роднага краю. А дзе можна пачэрпнуць больш ведаў і пачуццяў да сваёй зямлі, чым у мудрых кнігах?
Гады ішлі і набліжалі да мары. Вучоба прывяла Святлану ў расійскую сталіцу, затым у Ліпецк. Гэты горад дасюль для Святланы Васільеўны — адзін з лепшых на зямлі, а колішнія экскурсіі па маскоўскіх музеях і храмах і цяпер дапамагаюць у працы.
30 гадоў таму паклікала малая радзіма, і Святлана Васільеўна вярнулася з дачкой Таняй у Жабінку. Пераломным у лёсе стаў 2010 год, калі жаданне быць разам з кнігай і Словам (як разумее яго глыбока веруючы чалавек) стала неадольным. У час пошуку сябе і жыццёвых нягод гаючым стала духоўная блізкасць да айца Алексія Петрусевіча. Пры Свята-Мікалаеўскім храме ў Вялікіх Сяхновічах яны разам арганізавалі прыходскую бібліятэку, патрэбную для духоўнай асветы, чысціні і веры.
Гэты крок стаў першым. А затым узнікла жаданне мець і свецкую бібліятэчную адукацыю. Такім чынам да дыплома эканаміста ў Святланы Скалінай дадалася вучоба ў Інстытуце культуры і праца ў Цукразавадской бібліятэцы. У канцы 2015 года Святлана Васільеўна стала бібліятэкарам у Маце-евічах. Кніжнае жыццё ў аграгарадку прыкметна ажывілася, яно стала рознабаковым, ахоплівае тое, што так любіць жанчына: духоўнасць, эстэтыку, папулярызацыю літаратуры і сямейных каштоўнасцяў. Сёння ў бібліятэкара 285 добрых сяброў — менавіта столькі чытачоў наведваюць “кніжны дом” у Мацеевічах. Самыя ўдзячныя і цікаўныя — дзеці.
— Я іх вельмі люблю, — прызнаецца Святлана Васільеўна, — разам чаёў-нічаем, абмяркоўваем выданні, падарожнічаем па старонках кніг і родным краі. Дзецям гэта вельмі падабаецца. Нарыклад, прачыталі раман Барыса Васільева “У спісках не значыўся” і паехалі ў Брэсцкую крэпасць, дзе прайшлі слядамі героя кнігі Мікалая Плужнікава, наведалі музей, паставілі свечкі аб спачыне абаронцаў Цытадэлі. Дзеці павінны памятаць і маліцца за іх — гэта ж наша гісторыя. Абмеркавалі “Маленькага прынца” — і рушылі ў драмтэатр на пастаноўку цудоўнай кнігі Антуана дэ Сент-Экзюперы.
Асобны клопат Святланы Васільеўны — аматарскае аб’яднанне для дзяцей і падлеткаў “Дабравест”, якому сёлета дзесяць гадоў. Яго ўдзельнікі адзначаюць усе вялікія царкоўныя святы, наведвалі шматлікія святыя мясціны Беларусі: Жыровічы і Сынкавічы, Грушку і Лукава, Вяжное і Хаціслаў, выдатны заасад “Эдэм” на месцы маёнтка Салтанаў паблізу Жыровіцкага манастыра.
Бібліятэка ў Мацеевічах стала сапраўдным асяродкам культуры, і справы Святланы Скалінай не маглі застацца незаўважанымі. У 2017 годзе яна атрымала дыплом ІІ ступені за арганізацыю летніх чытанняў, у 2018-м — грамату аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі, а сёлета — дыплом за духоўна-маральнае выхаванне падрастаючага пакалення ўпраўлення культуры аблвыканкама. Гэта — вынік удзелу мацеевіцкага бібліятэкара ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”.
Нарэшце, сёння да Дня работнікаў культуры асабістая скарбонка ўзнагарод Святланы Васільеўны папоўнілася Лістом падзякі раённага выканаўчага камітэта. Шчыра віншуем яе з узнагародай!
— Я ўвогуле шчаслівы чалавек, — прызнаецца наша гераіня. — Бо здольная бачыць прыгажосць. Для гэтага, бывае, дастаткова спыніцца сярод хуткаплыннага часу, палюбавацца гэтым светам або пачуць павевы ветру. Так, я рамантык, мне гэта дапамагае ў жыцці. Праз кнігі і размовы перадаю ўсім настрой. І радуюся, як бачу, што людзям робіцца лягчэй.
Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымку: Святлана СКАЛІНА з актыўным чытачом Алёшам КАЛЬМАНАМ.
