Сёння адзначаюцца 275-я ўгодкі з дня нараджэння выдатнага сына нашай зямлі генерала Тадэвуша Касцюшкі

Два палескія паселішчы — Малыя Сяхновічы паблізу Жабінкі і Мерачоўшчына ля Косава — дасюль падзяляюць славу звацца малой радзімай Героя Двух Кантынентаў. Нам, услед за сучаснікамі славутага генерала, прыемней лічыць, што Касцюшка наш зямляк.

У Сяхновічах — яго вытокі

Дакладная дата яго нараджэння невядомая, з канца ХІХ стагоддзя прынята лічыць, што адбылося гэта 4 лютага 1746 года.
Поўнае імя героя — Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка-Сяхновіцкі. Яно паказвае роднасць са спадчыннымі Сяхновічамі, дзе, пачынаючы з 1509 года, жылі 12 пакаленняў шляхецкай сям’і.
Жыццё не песціла героя. Пасля раптоўнай бацькавай смерці ў Здзітаве ўлетку 1758 года Тадэвуш разам з маці, братам і сёстрамі жыў у Сяхновічах. Тут атрымаў пачатковае выхаванне, а затым паступіў у калегіум на Валыні.
Маці хацела, каб малодшы сын стаў ваенным. Калі ў свой Каранёўскі замак пад Крыўлянамі наведаўся князь Чартарыйскі, яна папрасіла пратэкцыі для Тадэвуша. Гэтак юнак апынуўся ў ліку кадэтаў Варшаўскага каралеўскага корпуса, а затым у Францыі, дзе ўдасканальваў веды ў інжынерыі, матэматыцы і маляванні. Узброены новымі навукамі і ідэямі Касцюшка вярнуўся на Радзіму.
Хацеў служыць, аднак у той час адбывалася скарачэнне ўзброеных сіл, таму не атрымаў пасады ў войску і згадзіўся стаць хатнім настаўнікам дачок ваяводы Сасноўскага. Шматлікія біёграфы Касцюшкі распавядаюць пра палкае каханне Тадэвуша са старэйшай Людвікай. Аднак шлюб, які лічыўся мезальянсам, не адбыўся, і Тадэвуш зноў выправіўся ў Францыю, каб улетку 1776 года валанцёрам накіравацца ў Паўночную Амерыку, дзе разгаралася вайна за незалежнасць.

За незалежнасць ЗША

У амерыканскім войску палкоўнік Касцюшка заслужыў высокую ацэнку ад генерала і першага прэзідэнта ЗША Джорджа Вашынгтона. Шляхціц з Сяхновічаў актыўна ўдзельнічаў у бітвах пад Цікандэрогаю і Саратогаю, Хобкірс Хілам і Чарлстанам, кіраваў умацаваннем берагоў Гудзона, будаўніцтвам крэпасці Уэст-Пойнт, абаронай Філадэльфіі, тагачаснай сталіцы Злучаных Штатаў.
Восенню 1783 года Касцюшка стаў брыгадным генералам. Прыняты ў “Таварыства Цынцыната”, з рук Вашынгтона ён атрымаў ордэн, упрыгожаны дэвізам “Усё аддаў дзеля выратавання Рэспублікі”. Амерыканцы з пашанаю назвалі Касцюшку сваім народным героем.

“Справа сэрца”

Пасля вяртання з Амерыкі на працягу пяці гадоў баявы генерал вымушаны быў займацца звычайнымі клопатамі вясковага жыхара ў радавых Сяхновічах.
Гэты перыяд ягонага жыцця гісторыкі вобразна называюць “сяхновіцкай ідыліяй”, “сялянкай” і адносяць да “спраў сэрца” баявога генерала, якія “больш належаць асабістаму жыццю, а не сусветнай гісторыі”.
І ўсё ж гады, праведзеныя ў вёсцы, наклалі не меншы адбітак на Касцюшкаў характар, чым падарожжы за акіян або па заходнееўрапейскіх краінах.
Зрэдку пакідаючы Сяхновічы, куды амаль не даляталі грымоты войнаў і рэвалюцый, пан Тадэвуш беспаспяхова марыў завесці сям’ю, ліставаўся са сваімі таварышамі па зброі ды суседзямі, найперш адвакатам Міхалам Залескім, які жыў у Вялікіх Сяхновічах.
Пра частку Сяхновіцкага маёнтка, што належала Касцюшкам, распавядае старадаўні інвентар: “Двор месціўся паблізу капліцы з дамавінамі Касцюшкаў, ад якой вяла да сядзібнай брамы алея з дрэваў. Для пешых былі прадугледжаны веснічкі. Па правым баку знаходзіўся жылы дом з ганкам, а з сяней вёў сталовы пакой з чатырма вокнамі, з камінам і зялёнай кафлевай печчу”.
Малымі Сяхновічамі кіраваў старэйшы брат Юзаф, побач з ім пасля вяртання з Амерыкі і пасяліўся Тадэвуш. Найбольш цёплыя адносіны ён падтрымліваў з сястрой Ганнай і яе мужам Пятром Эсткам. З лістоў генерала бачна, як высока ён цаніў любоў Эсткаў, шчыра клапаціўся пра здароўе Ганны. Увесну 1787 года Тадэвуш даслаў сястры глыбокія спачуванні з нагоды раптоўнай смерці мужа, якога не стала падчас падарожжа ў Вінніцу. Ад звычайнага жартаўлівага тону ранейшых допісаў тут няма і следу. Смерць дарагога чалавека Касцюшка вельмі чуйна падпусціў да сэрца, ад чаго і мова яго паслання надзвычай стрыманая ды засмучаная.
З сям’ёю другой сястры Кацярыны Жулкоўскай склаліся больш складаныя адносіны. Калі Тадэвуш ад’язджаў у Амерыку, ён пазычыў у Жулкоўскіх 200 дукатаў. Гэты доўг быў вернуты толькі ў 1782 годзе пасля судовых спрэчак.
Касцюшкаў сучаснік Ежы Сарока лічыў, што генерал быў выдатным гаспадаром, нават у сваіх адносінах да зямлі і сялян шмат у чым мог быць прыкладам для навакольнай шляхты. Ён скараціў паншчыну, зменшыў падаткі, забараніў зганяць сялян прымусова на прыгонную працу, зусім вызваліў ад яе жанчын.
Аднак “справы сэрца” павінны былі раней ці пазней скончыцца. Быў неспакойны час, і ён шукаў сваіх герояў.

За вольнасць Айчыны

У самым пачатку 1790 года ў Сяхновічы прыляцела вестка: просьба Касцюшкі быць залічаным на службу, падтрыманая дэпутатамі з Брэстчыны, задаволена сеймам і каралём. Пан Тадэвуш атрымаў чын генерал-маёра ў каронным войску. Ён выдатна праявіў сябе ў расійска-польскай вайне 1792 года, вызначыўся ў баях пад Зелянцамі, Уладзімірам-Валынскім, Дубенкаю. За гэтую кампанію быў узнагароджаны ордэнам “Віртуці Мілітары” і атрымаў званне генерал-лейтэнанта.
Аднак нязгодны з пазіцыяй караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага Тадэвуш Касцюшка ў ліку многіх афіцэраў звольніўся з арміі і накіраваўся ў эміграцыю. Паколькі не ведаў, ці вернецца болей дамоў, перад ад’ездам у Германію Касцюшка перадаў правы на Сяхновічы сястры Ганне.
Аднак вяртанне адбылося вельмі хутка — вясной 1794 года, калі на Радзіме выбухнула нацыянальна-вызваленчае паўстанне, якое атрымала яго імя. Прыняўшы прысягу ў Кракаве, Тадэвуш Касцюшка быў абвешчаны найвышэйшым Начальнікам узброеных сіл Рэчы Паспалітай, якія вялі барацьбу супраць інтэрвенцыі Расіі, Прусіі і Аўстрыі.
Першую перамогу касцюшкаўцы святкавалі ўжо ў кастрычніку пад Рацлавіцамі. У час паўстання буйная бітва адбылася і на жабінкаўскіх землях — на Вялікім Крупчыцкім полі ў сённяшняй вёсцы Чыжэўшчына. Тут схіснуліся ў супрацьстаянні паўстанцкі корпус Караля Серакоўскага і дывізія Аляксандра Суворава. Сам Касцюшка спяшаўся з польскай сталіцы на дапамогу сваім байцам, але не паспеў да іх далучыцца.
Вырашальны бой адбыўся пад Мацяёвіцамі, на паўднёвым усходзе ад Варшавы. Паўстанцкія войскі былі разбіты, а іх кіраўнік трапіў у расійскі палон. Параненага генерала патаемна перавезлі ў Пецярбург.

Праз два гады новы імператар Павел І

вызваліў яго з вязніцы, прапанаваў генералу нават прыгонных у Беларусі. Аднак ад такога падарунка чалавек, што паслядоўна змагаўся за волю народа, катэгарычна адмовіўся. Ён з’ехаў за мяжу, дзе яго як героя віталі ў Швецыі, Англіі, ЗША. Апошнія гады жыцця генерал правёў у Францыі і Швейцарыі. Перад вайной 1812 года ён адмовіўся падтрымаць Напалеона І у барацьбе супраць Расіі, шчыра клапаціўся пра адраджэнне незалежнасці сваёй Радзімы. Смерць напаткала Касцюшку 15 кастрычніка 1817 года ў гарадку Салюр, размешчаным сярод цудоўных швейцарскіх гор. Аднак да самага апошняга імгнення ён памятаў і клапаціўся аб сваёй малой радзіме. Нездарма за паўгода да смерці з-пад Касцюшкавага пяра выйшаў вядомы Сяхновіцкі запавет. У ім генерал загадваў сваім нашчадкам вызваліць сялян ад прыгону, паклапаціцца пра іх адукацыю і дабрабыт.

Радзіма яго памятае

Імя Касцюшкі шырока вядомае ва ўсім свеце. У гонар героя ўзведзены сотні помнікаў, пра яго справы напісаны тысячы кніг, нават найвышэйшая вяршыня ў далёкай Аўстраліі названа пікам Касцюшкі.
Пакрысе вяртаецца памяць пра Героя Двух Кантынентаў і на Беларусь. Ёсць на Магілёўшчыне вёска Касцюшкава, у Брэсце і Гродне, Бярозе і Косаве, Жабінцы і Малых Сяхновічах у яго гонар названы вуліцы. У Мерачоўшчыне адроджана сядзіба Касцюшкі, паблізу якой вясной 2018-га паўстаў помнік генералу.
На Жабінкаўшчыне касцюшкаўскія традыцыі пачаліся яшчэ пры яго жыцці — з мясцовых паданняў, што перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Сяхновіцкія старажылы расказваюць і пра дрэўцы, уласнаручна пасаджаныя генералам у Касцюшкаўскім парку.
Сёння належным чынам увекавечана Крупчыцкая бітва, якая адбылася 17 верасня 1794 года. У Чыжэўшчыне ў напамін пра яе месцяцца Свята-Уладзімірскі храм-помнік, абеліск на месцы пахавання сувораўскіх воінаў, мемарыяльная капліца, асвечаная восенню 2004 года.
На вуліцы Касцюшкі ў родных яму Сяхновічах стаіць бюст героя, выраблены скульптарам Бальбінай Відацкай-Свіціч амаль 85 гадоў таму. А побач свае дзверы перад наведвальнікамі вясной 2011-га расчыніў Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, дзе ў самай прасторнай зале ўсялякі зможа даведацца пра жыццё славутага Касцюшкі і ягоны род, які вякамі жыў на нашай зямлі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымку: генерал Тадэвуш КАСЦЮШКА.