Сям’я – найлепшы падарунак

Восьмага ліпеня праваслаўная царква ўшаноўвае святых Пятра і Фяўронню Мурамскіх. Яны былі парай-узорам сямейных адносін, любві і вернасці, павагі і цярпення, мужна пераносілі ўсе выпрабаванні, што выпалі на іх долю. Паводле легенды, на схіле гадоў Пётр і Фяўроння прынялі манаскі пострыг і адначасова пакінулі гэты свет.

У дзень памяці гэтых святых ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшло традыцыйнае мерапрыемства. Яно атрымалася па-сямейнаму цёплым, шчырым, душэўным.

Дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі, настаяцель Свята-Пакроўскага храма ў Жабінцы, протаіерэй Сергій ПЕТРУСЕВІЧ павіншаваў усіх прысутных з Днём сям’і, любві і вернасці, пажадаў цярпення, узаемапавагі ў сямейных адносінах, вернасці і моцы кахання.

З віншаваннямі і пажаданнямі міру і дабра кожнай сям’і звярнулася і дырэктар цэнтра Наталля АДЗІНЕЦ.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел сем шматдзетных жабінкаўскіх сем’яў: Вабішчэвічаў, Бакуноў, Алесюкоў, Ігнатовічаў, Ляўковічаў, Будзяркевічаў і Міхайлеўскіх. Цудоўная сямёрка каманд спаборнічала ў розных конкурсах і гульнях, арганізаваных прадстаўнікамі маладзёжнага брацтва.

Бацькі разам з дзеткамі адкрывалі сакрэты, хто ў доме гаспадар, хто гатуе, хто рамантуе, хто ўрокі з дзецьмі рыхтуе: мама або тата. А яшчэ – хто рамантыку стварае, а хто смецце прыбірае…

Сыночкі і дачушкі прадэманстравалі, наколькі яны добрыя памочнікі бацькам, а тыя ў сваю чаргу даказалі, што разумеюць сваіх дзяцей без лішніх слоў.

Усе сем’і паказалі, наколькі яны дружныя, гатовыя дапамагчы адзін аднаму, падтрымаць словам і справай. “Рамантаваць – разам, адпачываць – разам, дзяцей гадаваць – таксама разам!” – такі дэвіз большасці з іх.

На памяць аб сустрэчы айцец Сергій уручыў сем’ям іконы святых Пятра і Фяўронні, якія сімвалізуюць шлюбны саюз, блаславёны Госпадам, і салодкія падарункі. Ад тэрытарыяльнага цэнтра дзеткі атрымалі мяккія цацкі, а матулі – прыемныя сувеніры. Галоўнае – усе прысутныя пацвердзілі, што найлепшы падарунак – гэта сям’я, дзе пануюць згода ды каханне.

Скончылася мерапрыемства ўзаемнымі віншаваннямі і фатаграфаваннем.

Наталля ВАЛОШКА

Фота аўтара