Сям’я — каштоўная ячэйка. Яе патрэбна берагчы

Пляцоўкай для шчырай размовы 18 мая стаў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Падчас адкрытага дыялогу госці, якія завіталі на форум “Беларуская сям’я: учора, сёння, заўтра”, атрымалі не толькі інфармацыю пра сістэму дзяржаўнай падтрымкі сем’ям, але і адказы на свае актуальныя пытанні.
Зачынам гэтага своеасаблівага круглага стала сталі прыветныя словы дырэктара ўстановы Наталлі Адзінец, якая павіншавала ўсіх з нядаўнім Днём сям’і, пажадала здароўя, шчасця і радасці, поспеху ў працы форуму.
На яго завіталі спецыялісты, якія клапоцяцца пра розныя бакі сацыяльнай абароны так званых ячэек грамадства. Гаворка ішла ў асноўным пра гарантыі і льготы, якімі могуць скарыстацца найперш шматдзетныя сем’і і сем’і, што выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. І гэта невыпадкова: яны найбольш патрабуюць падтрымкі і атрымліваюць яе з боку дзяржавы.
Раённы педыятр Жабінкаўскай ЦРБ Наталля Бялых нагадала, што медустановы даюць права такім сем’ям купляць лекі па льготных коштах, садзейнічаюць у санаторна-курортным аздараўленні і набыцці тэхнічных сродкаў рэабілітацыі. Таму, хто зацікаўлены, Наталля Мікалаеўна параіла звяртацца да інтэрнэт-рэсурсаў, дзе можна знайсці падрабязныя спісы бяс-платных прэпаратаў. Да таго ж, усяго пару тыдняў таму выйшаў вельмі важны загад Міністэрства аховы здароўя, які тычыцца правядзення ЭКА. Ён дазваляе сем’ям, што мараць мець свой працяг у дзіцяці, але па нейкіх прычынах не могуць яго зачаць, бясплатна атрымаць адну спробу нарадзіць сваю крывіначку.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Таццяна Марыніч, са свайго боку, падкрэсліла, што сямейная палітыка ў нашай краіне ахоплівае ўсю сацыяльную сферу. Таму меры падтрымкі надзвычай шырокія і тычацца ўсіх без выключэння сем’яў, у тым ліку пытанняў мацярынства і дзяцінства. Адзін з напрамкаў — так званы мацярынскі капітал.
Больш падрабязна на гэтым спынілася загадчык аддзялення тэрытарыяльнага цэнтра Вольга Рэбякеўша. Яна нагадала, што летась гэта праграма была прадоўжана на наступную пяцігодку. Што важна: цяпер сем’і з беларускім грамадзянствам могуць скарыстацца сродкамі датэрмінова, калі ўзнікае патрэба палепшыць жыллёвыя ўмовы, атрымаць адукацыю ў дзяржаўных установах (прычым, вучыцца на платнай аснове могуць цяпер не толькі дзеці, але і бацькі) альбо паправіць сваё здароўе ў мед-установах. Вольга Аляксандраўна таксама засяродзілася на адраснай дапамозе сем’ям і на тых паслугах, якія аказвае тэрытарыяльны цэнтр. Вось толькі невялікі пералік добрых спраў: сацыяльны патранат, бясплатны часовы прытулак (у тым ліку для пацярпелых ад дамашняга гвалту), дапамога-кансультацыя псіхолага і іншых спецыялістаў праз гарачую лінію і на асабістым прыёме, садзейнічанне ў сацыяльных выплатах, афармленні льгот і паслуг, праца з інвалідамі, забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, удзел у шматлікіх культмасавых мерапрыемствах.
Размову прадоўжыла галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Алеся Крупко, якая падрабязна распавяла пра субсідыі на будаўніцтва і ўвогуле паляпшэнне жыллёвых умоў для шматдзетных сем’яў. Дапамога сапраўды істотная. Нездарма сваё выступленне Алеся Міхайлаўна завяршыла заклікам: “Чакаем вас, усё патлумачым, падкажам. Прыходзьце да нас!”
Вядома не застаюцца ў баку ад дапамогі шматдзетным і сем’ям, у якіх гадуюць дзяцей-інвалідаў, школы і дзіцячыя сады. Пра тое расказала інспектар аддзела па адукацыі райвыканкама Ганна Букса. Льготы тычацца ў асноўным аплаты за харчаванне і падручнікі.
Са свайго боку, аб падатковых прэферэнцыях для сем’яў, дзе гадуюць трох і больш непаўнагадовых дзяцей, распавяла дзяржаўны падатковы галоўны інспектар Ларыса Макарэвіч. Магчыма, тым дарослым, якія маюць, прыкладам, намер стаць індывідуальнымі прадпрымальнікамі, ёсць неабходнасць скарыстацца пасведчаннем шматдзетнай сям’і. У гэтай “корачкі” — вялікая сіла!
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара
На здымку: удзельнікі форуму “Беларуская сям’я: учора, сёння, заўтра”.