Сяброўскія сувязі будуць мацнець

Наш раён 14 мая наведалі прадстаўнікі Плоўдзіўскай і Старазагорскай абласцей. Гасцей з сонечнай Балгарыі, якія зацікаўлены ў развіцці эканамічных, турыстычных, культурных сувязяў, на жабінкаўскай зямлі чакаў не толькі сардэчны прыём і рознабаковая пазнавальная экскурсія, але й падпісанне дзелавых пагадненняў. Гэта, бясспрэчна, стане падмуркам для далейшага міжнароднага супрацоўніцтва і сяброўства.

Уражаныя жабінкаўскім краем

Насычаны дзень для дэлегацыі, якую ўзначальваў сустаршыня “Міжнароднай Асацыяцыі Рэгіянальнага Супрацоўніцтва” Янка Тапалаў, распачаўся ў гора-дзе над Бугам. У Брэсце кміт (мэр) горада Садова Дзмітрый Здраўкаў, яго намеснік Пётр Георгіеў, кміт муніцыпалітэта Опан Генча Колеў і дырэктар Дэпартамента культуры, музеяў, турызму горада Чырпан Тодар Іваноў правялі афіцыйную сустрэчу з двума былымі кіраўнікамі Жабінкаўскага раёна — сённяшнім намеснікам старшыні аблвыканкама Дзмітрыем Гарадзецкім і Фёдарам Каланчуком, які ўзначальвае адміністрацыю СЭЗ “Брэст”.
Пасля гэтых перамоў гасцей чакаў жабінкаўскі край. Тут дэлегацыю па добрай традыцыі сустрэлі хлебам-соллю і запрасілі ў канферэнц-залу санаторыя “Надзея”. Кіраўнік раёна Віталь Кулак расказаў гасцям пра рэгіён, прывабны для вядзення бізнесу, падмацоўваючы свой аповед яскравымі відэафільмамі. Віталь Уладзіміравіч падкрэсліў:
— Мы маем рознабаковую інфраструктуру для адпачынку і турызму. Гэта асабліва актуальна з улікам магчымасці бязвізавага ўезду на тэрыторыю Жабінкаўскага раёна. Мы гатовыя да перамоў аб рэалізацыі сумесных ініцыятыў і забяспечым поўнае суправаджэнне пры афармленні дакументаў па бязвізавым уездзе.
Старшыня райвыканкама прапанаваў у рамках сустрэчы падпісаць пагадненні аб устанаўленні партнёрскіх адносін паміж Жабінкаўскім раёнам і абшчынай Садова Плоўдзіўскай вобласці. Забягаючы наперад, скажам, што, уражаныя жабінкаўскім краем, балгары вырашылі заключыць яшчэ два пагадненні — з абшчынамі Чырпан і Опан, а таксама запрасілі жабінкаўцаў у балгарскі сонечны край у верасні на міжнародны эканамічны форум. Падчас сустрэчы балгарская дэлегацыя мела магчымасць азнаёміцца з прамысловасцю рэгіёна. Так, госці найперш пабывалі ў санаторыі “Надзея”, былі ўражаны абсталяваннем і медыцынскімі паслугамі для адпачываючых. На цукровым заводзе з цікавасцю прасачылі за працэсам затарвання ў папяровыя пакеты салодкіх крышталікаў. Спадабалася дэлегацыі на тэрыторыі фермы “Бусні-1000” ААТ “Рагазнянскі”, а таксама ў парку-атэлі “Лясная гавань”. На камбікормавым заводзе госці адзначылі шырокі выбар прадукцыі для сельгасжывёл, птушак і рыб і выказалі меркаванне набываць корм для высакародных рыб (на дадзены момант купляюць яго ў суседняй Румыніі і плануюць набываць у Францыі).

Дырэктар прадпрыемства Ігар Лабада ўразіў, калі звярнуўся да ўдзельнікаў на балгарскай мове. Хаця, як аказалася, балгары выдатна разумеюць рускую і даволі добра на ёй размаўляюць.

Мінулае нас яднае

Хутка высветлілася: у нас не толькі блізкія мовы, але існуюць і моцныя гістарычныя ды культурныя повязі.
Нездарма шмат пытанняў балгары задалі пра мінулае Жабінкі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Яны даведаліся пра першыя дні ліхалецця на нашай зямлі, дзейнасць партызанскага атрада імя Чарнака, аб лёсе спаленай вёскі Драмлёва, пра светлы дзень вызвалення Жабінкі і наваколляў у ліпені сорак чацвёртага. Гэта тэма блізкая і нашым гасцям. Зусім невыпадкова менавіта ў Плоўдзіве на ўзвышшы стаіць знакаміты помнік “Алёша”, у гонар якога здаўна складаюцца вершы і песні.
Прадстаўнікоў дэлегацыі цікавіла многае. Са здзіўленнем яны даведаліся, што нават генерал Іосіф Гурка-Рамейка, які ўзначальваў вызваленне іх краіны ад турэцкага іга ў 1877-1878 гадах, паходзіў з беларускага роду. Ды і сярод жабінкаўцаў былі тыя, хто актыўна змагаўся за свабоду Балгарыі.
І ўжо сапраўднае ўзрушэнне выклікала паведамленне пра Пеё Яварава. Госці не хавалі свайго захаплення, калі даведаліся, што вершы аднаго з найбольш слынных паэтаў Балгарыі ведаюць у Беларусі ў перакладах пісьменніка з Жабінкі Васіля Сахарчука. Тым больш, што сярод іх аказаўся Тодар Іваноў — вядомы даследчык творчасці самага вядомага нараджэнца горада Чырпан. Ён вельмі прасіў даслаць у дар Дому-музею Пеё Яварава хоць некалькі перакладаў на беларускую мову вершаў класіка балгарскай літаратуры.
У гасцей была таксама магчымасць пабачыць адну з нашых архітэктурных зорак — Свята-Мікіцкі храм у колішнім Здзітаве. Царква паўстала на беразе Мухаўца ў 1502 годзе. Гэты найстарэйшы драўляны будынак Брэстчыны дасюль захоўвае выразныя непаўторныя рысы самабытнай палескай школы дойлідства, якая існавала пяць стагоддзяў таму. Нездарма разглядаецца пытанне пра далучэнне Здзітаўскага храма да помнікаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
…Жабінкаўскі раён — адзін з самых камфортных і зручных для жыцця і бізнесу на Брэстчыне. Тут рэалізуецца некалькі праектаў у межах міжнароднага супрацоўніцтва. Напрыклад, па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча — Беларусь — Украіна 2014-2020 паспяхова рэалізаваны праекты “Дзеля выратавання” і “Чыстая рака — галоўны прыярытэт”. Думаецца, Жабінкаўшчына зробіць яшчэ адзін значны крок у наладжванні міжнародных сувязяў, толькі ўжо з Рэспублікай Балгарыяй!
Анатоль БЕНЗЯРУК, Святлана КІСЛАЯ
Фота Святланы КІСЛАЙ