Святыні Незалежнасці

Анатоль БЕНЗЯРУК.

У чарговую гадавіну незалежнасці Беларускай краіны каштоўна акінуць вокам і згадаць шлях, пройдзены зямлёй пад белымі крыламі, як вобразна завуць нашу Айчыну, да сённяшняй сваёй палітычнай самастойнасці.

Зараз на планеце налічваецца каля трох тысяч народаў, і ніводзін з іх не жадае жыць у няволі альбо пад прымусам. Існуе больш за дзве сотні краін, і кожная заплаціла немалую цану за права звацца свабоднай. Але галоўнае – няма ніводнай нацыі і ніводнай дзяржавы, што здабылі сваю вольнасць у баі і не святкуюць з годнасцю свой Дзень Незалежнасці.
У беларусаў – свой складаны шлях да свабоды, да стварэння дзяржаўнасці. Пачаткі яго губляюцца за смугою вякоў, бо на абшарах сучаснай краіны ўжо здаўна ўтвараліся і існавалі дзяржавы з цэнтрамі ў Полацку і Тураве, Менску і Гародні, Віцебску і Берасці, якія з ХІІІ–ХІV стагоддзяў аб’ядналіся пад сцягамі магутнай еўрапейскай дзяржавы, вядомай як Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае са сталіцамі ў Навагрудку ды Вільні. Адначасова выкрышталізоўваліся ды пачалі складацца тутэйшы народ, яго асаблівасці, мілагучная матчына мова, носьбітай якога сталі жыхары Вялікага Княства. На ёй ствараліся не толькі літаратурныя творы, але й Статут ВКЛ – сапраўдная прававая Біблія ХVІ стагоддзя – першая ва Усходняй Еўропе.
Новая хваля нацыянальнага адраджэння, калі беларусы задумаліся, што патрэбна займаць свой пачэсны пасад між народамі, прыпадае на самы пачатак ХХ стагоддзя – час, калі гінулі імперыі і народы вызваляліся з-пад векавога прыгнёту. Гэтак на руінах тагачаснай Расійскай імперыі, якую трапна называлі турмой народаў і жандарам Еўропы, пра імкненні да сваёй незалежнасці вуснамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, многіх іншых дзеячоў нацыянальнага адраджэння выказаўся і наш народ.
Шлях да сваёй існасці ва ўсе вякі ў беларусаў быў, на жаль, цярністым, апаленым шматлікімі войнамі і пабурэннямі: кожны век насельніцтва скарачала на трэцюю частку, а часам і напаловы (як адбылося ў ХVІІ стагоддзі). Адна з найбольш разбуральных войнаў, што пракацілася агнявым смерчам па беларускіх землях, пакінуўшы след, незалечны і сёння, – Вялікая Айчынная. Дасюль дакладна не вызначана, колькі жыхароў Беларусі сталі яе ахвярамі. У любым выпадку лічба знішчаных і загінулых перавышае 2 мільёны 200 тысяч чалавек. Прычым, для захаду краіны (у тым ліку і земляў сённяшняй Жабінкаўшчыны) ліхалецце пачалося яшчэ раней – ранкам 1 верасня 1939 года, калі Германія напала на Польшчу і распачалася Другая сусветная вайна.
Мір і адраджэнне прыйшлі толькі летам сорак чацвёртага. Сёння
3 ліпеня аб’ядноўвае і час вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і пачатак мірнага аднаўлення дзяржавы.
У самыя светлыя ды ўрачыстыя дні жабінкаўцы прыходзяць да народных святыняў – помнікаў вайны, якіх нямала на нашай зямлі. Сёння ў раёне існуе 45 такіх адзнак памяці. Пад абеліскамі і стэламі, шэрымі камянямі – памяткі ды суровы напамін пра вялікія ахвяры, прынесеныя нашай зямлёй, так бы мовіць, на алтар Перамогі. Ва ўсіх без выключэння беларускіх гарадах адзначаецца Дзень Незалежнасці. Штогод традацыйна і ў Жабінцы 3 ліпеня каля помніка воінам-вызваліцелям і народным мсціўцам, што ахвяравалі жыццём дзеля свабоды ў далёкім ліпені сорак чацвёртага, ладзіцца мітынг. Усялякі можа вызначыць для сябе, у чым адметнасць тых даўніх падзей для агульнага лёсу краіны і кожнага яе грамадзяніна ў асобнасці.
Гэтае свята як сімвал адзінства беларускага грамадства ды міру нездарма носіць двайное імя: гэта адначасова і Дзень Незалежнасці, і Дзень Рэспублікі.
Свята створана, каб падкрэсліць і узмацніць пераемнасць пакаленняў, павагу да традыцый, што дазваляюць берагчы і памнажаць каштоўнасці, атрыманыя ад бацькоў і дзядоў. Таму асобны зямны паклон за тое ветэранам, якія, на жаль, за гэтыя дзесяцігоддзі ў большасці пайшлі з зямнога жыцця, аднак многія паспелі пакінуць нашчадкам свае ўспаміны пра часы вайны і мірнага аднаўлення роднай зямлі, змучанай крывавым ліхалеццем.
Такім чынам свята, што набліжаецца, аб’ядноўваюць гістарычная памяць, якая сягае ў далёкія стагоддзі, самаадданасць і гераізм многіх пакаленняў, адзінства і воля іх да самастойнага развіцця. А таму Дзень Незалежнасці ёсць важнай датай на шляху да міры і згоды, што падкрэслівае і мацуе любоў да сваёй Айчыны.