Святочная місія спадарожніка

Святочная місія спадарожніка

Напярэдадні Новага 2026 года Жабінка расквецілася ілюмінацыйнымі агнямі, што ззяюць на тэрыторыях прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і прыватных дамоў. Для поўнага шчасця не хапала толькі агеньчыкаў на галоўнай ялінцы, якая ўпрыгожвае гарадскую плошчу нашага горада-спадарожніка.

І вось на радасць дзецям і дарослым у суботу, 20 снежня, агні на галоўнай зялёнай прыгажуні загарэліся. Але не адразу. Спачатку ўсіх, хто завітаў на зімовы фэст “Запалі агонь у сваім сэрцы”, захапіла тэатралізаванае прадстаўленне “Навагодняя місія: спадарожнік” у выкананні работнікаў раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы. Хітрыя злодзеі пад кіраўніцтвам злой Бабы Ягі хацелі сапсаваць жабінкаўцам свята. Яны ўкралі промні ў спадарожніка, праз які павінна была наладзіцца сувязь з другім спадарожнікам – на вершаліне галоўнай ёлкі. Аднак у казках дабро заўсёды перамагае зло. Дабрыня і кемлівасць Матухны Зімы, Снегавіка і дзяўчынак-сняжынак дапамаглі вярнуць промні спадарожніка, што знаходзіўся на сцэне.

Эфектна з’явіліся на плошчы галоўныя героі свята Дзед Мароз і Снягурачка. Яны прыехалі на квадрацыклах пад гучныя апладысменты ўдзельнікаў зімовага фэсту, у ліку якіх былі блогеры з усёй Брэстчыны, што гасцявалі 19-20 снежня на Жабінкаўшчыне.

Дзед Мароз і Снягурачка запрасілі на сцэну кіраўніка Жабінкаўскага раёна Андрэя Кузьміча, без удзелу якога не адбыўся б цуд узаемадзення спадарожнікаў на сцэне і на самай вершаліне ялінкі. І вось пад дружнае “Раз, два, тры – ёлачка, гары!” запаліліся агні на зялёнай прыгажуні, высвеціўся на ёй 2026 год, які вось-вось уступіць у свае правы.

Старшыня райвыканкама Андрэй Кузьміч звярнуўся да жыхароў і гасцей Жабінкі з віншаваннямі і цёплымі пажаданнямі, падзякаваў усім за добрасумленную працу ў Год добраўпарадкавання, адказнасць і шчырую любоў да роднага краю.

Акрамя таго, гасцей свята чакаў асаблівы сюрпрыз – відэавіншаванне ад легенды сусветнага бокса, дэпутата Дзяржаўнай думы Расійскай Федэрацыі і грамадскага дзеяча Мікалая Валуева. Ён шчыра павіншаваў усіх з надыходзячым Новым годам, пажадаў здароўя, дабрабыту, шчасця і мірнага неба.

Навагодні настрой удзельнікам зімовага фэсту стваралі запрошаная кавер-група “Кантрабанда” з Мінска і творчыя калектывы нашага раёна: “Каларыт”, “Аляксандр-парк”, “Натхненне”, “Спявай, душа!”, вакалісты Вераніка Серада, Яўген Скарына, Анастасія Прудзялюк, Наталля Лосева і іншыя.

Сагрэцца можна было не толькі танцамі, але і гарачай кавай ці гарбатай, гарачай кукурузай і яблычнымі чыпсамі з пылу з жару. Філіял “Жабінкаўскі” Брэсцкай міжрайбазы прапаноўваў мясныя стравы і смачную выпечку ўласнай вытворчасці, прыезджыя гандляры – папкорн і салодкую вату, іншай рознай смакаты багата. Жадаючыя маглі паўдзельнічаць у бяспройгрышных латарэях і выйграць мяккую цацку ці іншы прыз. Можна было набыць сувенірную прадукцыю, цёплыя вязаныя шкарпэткі і рукавічкі для матулі ці бабулі, вырабы з дрэва і скуры.

Можна было сувеніры набыць, а можна і стварыць! У гарадскім Доме культуры працавалі майстар-класы “Чарадзейства на галінцы” па стварэнні навагодніх цацак на ёлку, усіх вабілі шматлікія фотазоны і выстава “Навагодняе прывітанне з мінулага”.

Безумоўна, кожны знайшоў сабе занятак па душы, паслухаў песні для душы. А завяршылася яркая святочная праграма “Запалі агонь у сваім сэрцы” дыскатэкай ля навагодняй ялінкі.  

Наталля КАВЯРГОВІЧ

Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ

Больше фото