Лідары пасяўной кампаніі атрымалі падарункі і ўзнагароды
Яравая сяўба падыходзіць да свайго лагічнага завяршэння. Яе тэмпы стрымлівалі толькі начныя замаразкі і капрызы надвор’я, аднак у агратэхнічныя тэрміны сельгас-прадпрыемствы ўкладваюцца.
Своечасовасць і якасць правядзення палявых работ — вось дэвіз жабінкаўскіх аграрыяў.
— Напярэдадні Свята працы звычайна ўганароўваюць лепшых рупліўцаў. Мы вырашылі не адыходзіць ад добрай традыцыі — узнагароджваем працаўнікоў, што задаюць тон на палях Жабінкаўшчыны, — кажа старшыня раённага галіновага прафсаюза Любоў Каберна. — Падрыхтавалі 14 Пісьмаў падзякі раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК і райсельгасхарчу райвыканкама, а таксама каштоўныя падарункі перадавікам вясенніх палявых работ.
Уручалі заслужаныя ўзнагароды і падарункі лепшым рупліўцам старшыня Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Саланевіч, першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Кучынскі і лідар галіновага прафсаюза Любоў Каберна.
Так, у ААТ “Ракітніца” віншаванні прымалі механізатары Уладзімір Харунжы, Міхаіл Кавалевіч і Юрый Лавецкі. Дырэктар гаспадаркі Рыгор Панасюк не хавае гонару за гэтых рупліўцаў: працуюць бездакорна, тэхніку шануюць і ў полі гатовы рупіцца ад світання да змяркання. У суседняй гаспадарцы — ААТ “Рагазнянскі” — падарункі знайшлі сваіх герояў таксама ў полі. Аляксандр Місіюк магутным “Джон Дзірам” рыхтаваў глебу пад сяўбу. Механізатар працуе на жалезным асілку ўжо паўтара дзясятка гадоў, разам з такім памочнікам яму любая задача ў полі па плячы. Яго малады калега Іван Краўчук таксама рупіцца на “Джон Дзіры”. Кіраўнік “Рагазнянскага” Віктар Дробышаў характарызуе абодвух хлопцаў як надзейных, адказных і працавітых, улюбёных у поле і тэхніку. “Не было такога, каб адмовіліся нешта рабіць. А калі бяруцца — дык так, каб не перарабляць”.
Цёплыя віншаванні прымалі ў гэты дзень таксама аграрыі ААТ “Вазнясенскі” Юрый Вайтовіч і Анатоль Трындзюк, а ў ААТ “Хмелева” — Віктар Чаквін і Віктар Хоміч. Дарэчы, калектыў хмелеўцаў па выніках мінулага года за дасягненні высокіх паказчыкаў занесены на Рэспубліканскую Дошку гонару. Аляксандр Саланевіч павіншаваў кіраўніка гаспадаркі Барыса Парафенюка за высокае прызнанне работы калектыву.
Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара

