Кіраўнік раёна Вадзім Краўчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Галіна Бурко напярэдадні Дня настаўніка наведалі першую гарадскую і Ленінскую сярэднія школы (а Галіна Сцяпанаўна яшчэ і другую адзінаццацігодку). Госці павіншавалі педагогаў з іх прафесійным святам і адзначылі Ганаровымі граматамі лепшых.
Вадзім Васільевіч, уручаючы заслужаныя ўзнагароды і букеты кветак, з цеплынёй адзначыў:
— Дарагія настаўнікі! Вы — эліта нашага грамадства. Дзякуючы вам нашы дзеці пацвярджаюць высокі ўзровень ведаў і займаюць прызавыя месцы на алімпіядах, у спаборніцтвах і конкурсах самых розных узроўняў. Дзень настаўніка — асаблівае свята, бо яго адзначаюць не толькі педагогі, але й прадстаўнікі іншых прафесій. Чаму? Бо кожны, хто стаў інжынерам, музыкантам, нават міністрам, быў некалі вучнем. І ўсе мы памятаем сваіх самых лепшых, добрых, мілых, цярплівых настаўнікаў. Хочацца пажадаць вам таленавітых дзетак, моцнага здароўя, новых дасягненняў, міру, дабра, любові!
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара

