Свята-Міхайлаўская царква ў Сцяпанках

Анатоль РОСТАЎ.
Фота аўтара.

21 лістапада, дзень, калі праваслаўны свет узгадвае ў сваіх малітвах Міхаіла Архангела, асаблівы для прыхаджан Свята-Міхайлаўскай царквы ў Сцяпанках, дзе адзначаецца чарговае прастольнае свята асвячэння храма.
НАЗВАНАЯ ЦАРКВА — гэта найперш адзін з найстаражытнейшых цэнтраў духоўнасці і веры на жабінкаўскай зямлі. Акрамя таго, менавіта ў Сцяпанках вось ужо больш за тры чвэрці стагоддзя шануюць памяць пра ахвяр бязлітаснага знішчэння 11 верасня 1942 года Драмлёва, нашай “вогненнай вёскі”. Нарэшце, Свята-Міхайлаўская царква — вельмі цікавы помнік арыгінальнага палескага дойлідства з непаўторным у мастацкім плане старадаўнім іканастасам.
Сёння адлік гісторыі мясцовага Божага дома часцяком выво-дзяць ад 1780 года. Аднак старыя дакументы даносяць звесткі і з больш ранніх часоў.
Так, пад 1619 годам у судовых паперах Вялікага Княства Літоўскага згадваецца сцяпанкаўскі святар Захарый Лаўрэнцьевіч. Наступны раз пра яго гаворыцца роўна праз дзесяцігоддзе. Ёсць успаміны і пра пазнейшых настаяцеляў “царквы Святога Міхаіла Архангела ў сяле Сцяпанкі”. Да іх ліку адносяцца святары Мікалай Кунцэвіч, Іеранім ды Іаакім з роду Александровічаў, якія правілі службу ў тутэйшым храме на працягу XVII—XVIIІ стагоддзяў.
Храм неаднойчы перажываў аднаўленні. Самыя істотныя адбываліся ў 1780-м (таму і згадваецца гэты год нярэдка ў якасці часу ўзнікнення), а затым і ў 1858 годзе. У самым пачатку мінулага стагоддзя да царкоўнага фасада была прыбудавана васьмерыковая шатровая званіца.
Царква дзейнічае дасюдь і ніколі не зачынялася, нягледзячы на ўсе гістарычныя перамены, рэвалюцыі і войны. Сцяпанкаўскі храм афіцыйна занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, зацверджаны ў 2007 годзе Пастановай Савета Міністраў краіны, як аб’ект архітэктурнай спадчыны рэспубліканскага значэння другой ахоўнай катэгорыі. Акрамя таго, храм у Сцяпанках — у ліку кандыдатаў на ўнясенне ў рэестры ЮНЕСКА ў якасці помніка агульнасусветнага значэння.
У чым асаблівасці дойлідскага рашэння Свята-Міхайлаўскай царквы, якое выклікае цікавасць у спецыялістаў-архітэктараў, мастацтвазнаўцаў і гісторыкаў?
Прамавугольны цэнтральны неф асвятляецца невялікімі верхнімі вокнамі і накрыты двухсхільным дахам і трохвугольным франтонам з шалёўкай “ромбам” на галоўным фасадзе. Аконныя праёмы з лучковымі завяршэннямі зашклёны вітражамі.
Унутры нефы падзелены чатырма калонкамі. Цэнтральны неф мае скляпеністае перакрыцце, бакавыя — плоскую столь. Сцены апрацаваныя пілястрамі. Прастора апсіды вылучана высокім трох’ярусным разным іканастасам, створаным у 30-я гады пазамінулага стагоддзя.
Сапраўднае ўпрыгажэнне царквы складаюць выдатныя абразы, якія адносяцца да XVIII і ХІХ стагоддзяў. У іх ліку іконы “Успенне святой Ганны”, “Маленне”, “Святы Іосіф з дзіцём”, “Апостал Пётр”, “Святыя Іакім і Ганна”.
Над уваходам у храм месцяцца хоры. Незадоўга да пачатку Першай сусветнай вайны (1914–1918) з паўднёвага захаду да Свята-Міхайлаўскай царквы была прыбудавана трох’ярусная званіца з васьмерыковым верхнім ярусам, завершаным шатровым дахам з дэкаратыўнымі шчытамі.
21 лістапада 2015 года, у чарговы Міхайлаў дзень, Сцяпанкі наведаў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, якога шматлікія вернікі сустракалі хлебам-соллю ды кветкамі. Храм, нібыта чаша, быў напоўнены людзьмі. У той памятны дзень у суправаджэнні сакратара епархіі протаіерэя Пятра Рамановіча, дабрачыннага цэркваў Жабінкаўскай акругі святара Сергія Петрусевіча і прыходскага настаяцеля айца Сергія Разановіча ўладыка правёў архіерэйскую службу, прысвечаную Сабору Архістратыга Міхаіла і іншых Нябесных Сіл бесцялесных, падзякаваў прыхаджанам за сумесную малітву, павіншаваў усіх з прастольным святам. У памяць пра наведванне Сцяпанак епіскап Брэсцкі і Кобрынскі падараваў Свята-Міхайлаўскаму храму абраз з выявай Жыровіцкай Божай Маці, вельмі шануемай у праваслаўным свеце.
На здымку: Свята-Міхайлаўскі храм у аграгарадку Сцяпанкі.

Якім быў храм 120 гадоў таму?

ПРА ТОЕ, ЯКІМ раней быў Свята-Міхайлаўскі храм у сяле Сцяпанкі, дазваляе скласці некаторае ўяўленне “Гродзенскі праваслаўны каляндар”, што пабачыў свет у пачатку 1898 года. Прынамсі, на старонках гэтага выдання пра названую царкву распавядалася наступнае. Лаканічныя звесткі прыводзім з захаваннем тагачаснай мовы і арфаграфіі:
«Церковь в селе Степанки Кобринского уезда Черевачицкого благочиния. Деревянная, с такой же колокольней, в каменно-деревянной ограде, по давности существования неизвестно кем и когда возведена.
В ней имеется особо местно чтимая святая икона Богородицы в озолоченной деревянной ризе, сооруженная женою священника Фёклою Павлович, писана на дереве 23,5 дюйма (58,7 см) шириною 18,5 дюйма (46,2 см). Лики Пресвятыя Богородицы и Богомладенца Иисуса увенчаны коронами.
Отстоит эта церковь от Кобрина 25 вёрст. Прихожан в ней 2585 человек. Из них 1341 мужскаго, 1244 женскаго пола в 12 селениях: Степанках, Горках, Дремлёве, Житине, Конотопах, Лойках, Мелешах, Можейках, Налезниках, Олизаровом Ставе, Подречье и Шедях.
Имеются: братство с 1892 года, церковно-приходское попечительство с 1869 года. Церковная школа в Можейках Пружанского уезда с 22 мальчиками, 8 девочками, народное училище в Степанках с 78 мальчиками, 16 девочками.
Церковной земли: усадебной — 1784 сажни, пахотной 25 десятин, сенокосной 12 дес. 533 саж. Кое-какой 1005 саж.».