Чытаючы Алесеў “…Небасхіл”
Памяці Алеся Каско
Няўмольны час закручвае ў сувой
Жыццё, і ўжо назад не верне…
Усё — ва ўсім: у кроплі дажджавой,
Бязгрэшнасці ўзыходзячага зерня,
У ненаўмысным дотыку рукі,
У песнях, па-асенняму самотных,
Пачуццях, што вякамі мастакі
Абагаўлялі на сваіх палотнах,
У шчырасці нявыказаных слоў,
Якую толькі сэрца разумее…
Усё — ва ўсім. За мудрасцю высноў
Стаілася дзіцячая надзея
Пераматаць сувой жыцця наноў…
Ала МІРЗАЛІЕВА
26 лістапада — дзень памяці беларускага паэта Алеся Каско
На вуліцы глыбокая восень — заканчваецца лістапад. Гэтай парою чатыры гады таму не стала выдатнага чалавека, літаратара-земляка Алеся Каско.
Не ведаю нават чаму, але за гэты час я так і не адважылася выкрасліць яго нумар у сваім мабільным тэлефоне і з запісной кніжкі. І зусім не таму, што чакаю званка, а проста не хочацца верыць, што светлага, мудрага і прыгожага душой чалавека болей няма ў маім жыцці, як няма шчырых і доўгіх тэлефонных размоў пра вёску, літаратуру і нешта сваё, асабістае. Колькі ўсяго перагаворана!.. Толькі і засталося ўспамінаць.
Узгадваю нашу першую сустрэчу. Яна адбылася ў дзень, калі ладзілася ў Ганцавічах свята беларускага пісьменства. Пасля напружанага дня, не адчуваючы ад стомы ног, я стаяла на прыпынку аўтастанцыі ў чаканні рэйсавага аўтобуса ў родныя Агарэвічы. Сярод шматлюднага натоўпу заўважыла адзінокую і такую знаёмую постаць. Гэта быў Алесь Каско, чудзінскі дзівак, вершы якога я любіла і некаторыя ведала на памяць.
Доўга не раздумваючы, падышла да паэта. Прадставілася, і завязалася паміж намі размова. Нязмушаная, лёгкая гаворка дапаўнялася жартамі, смехам… Я дзівілася таму, што такі вялікі паэт паводзіць сябе так проста, без пагарды. Развітваліся мы з Алесем Канстанцінавічам ужо як добра знаёмыя людзі. Я выйшла на сваім прыпынку, а Алесь Каско паехаў у родны Чудзін, дзе, як ён узгадваў пазней, “рабінзаваў з месяц”.
Гэта ўжо цяпер я разумею, што тая неспадзяваная сустрэча падарыла мне шчасце знаёмства з вялікім чалавекам, якіх на жыццёвым шляху не так ужо і многа сустракаецца. А што было потым? Далей былі творчыя сустрэчы ў бібліятэцы і не толькі. Алесь Канстанцінавіч да апошняга любіў прыязджаць на Ганцаўшчыну. Тут яму дыхалася на поўныя грудзі, тут ён адчуваў сябе па-асабліваму, сваім сярод сваіх.
Ніколі не забуду, як адзначалі 60-гадовы юбілей Алеся Каско і прэзентавалі яго паэтычны зборнік “Нічога больш”. Мне давялося быць у ліку арганізатараў і вядучай мерапрыемства. Нашы стасункі з Алесем Канстанцінавічам сталі яшчэ больш частымі, а павага і пашана да паэтычнай глыбы расла з кожным днём. Юбілейную вечарыну здымала Брэсцкая студыя тэлебачання, і праз некаторы час з’явілася праграма “Край” з Міколам Пракаповічам”, у якой людзі шчыра гаварылі пра паэта, а ён чытаў свае неўміручыя радкі пра веру, вечнасць, родны край і “матулю-мадонну”… Праз пяць гадоў прыхільнікаў творчасці Алеся Каско зноў бы сабраў яго чарговы юбілей, аднак невылечная хвароба не дазволіла зрабіць гэта…
Вельмі часта ўзгадваюцца мне нашы размовы з Алесем Канстанцінавічам па тэлефоне. Гаварыць мы маглі доўга. Я заўсёды цікавілася, над чым працуе паэт, і калі ён казаў, што нарадзілася нешта новае, радавалася, калі не — разумела, што ў паэзіі, як і ў жыцці, не ўсё так проста. А неяк Алесь Каско прызнаўся, што нават калі нешта і ствараць, то трэба, каб гэта было лепшае, чым тое, што напісана раней, а іначай і за працу брацца няма чаго. Таму не дзіўна, што яго зборнік паэзіі “Нічога больш” выйшаў праз дзесяць гадоў перапынку.
Для мяне яго паэзія высокая і светлая, гучная і, сказала б, бессмяротная. Алесь Канстанцінавіч па-асабліваму ставіўся да тых, хто любіў паэзію гэтак, як і ён, — беражліва і з павагай. Стараўся рэдагаваць вершы, якія заслугоўваюць таго, каб праца над імі не была дарэмнай і затым не браў сорам за выдадзеную кнігу, у якой таксама будзе пазначана яго імя. Неяк у асабістым дзённіку Алесь Каско напісаў: “Амаль тры гадзіны адвячорку забраў у мяне аўтар. Знарок той прыехаў з Бярозы. Засмуціў яго: за рэдагаванне рукапісу не вазьмуся, надта слабы. Аўтар будзе, канечне, спрабаваць надрукавацца сам. Іншыя ж друкуюцца. На маім стале тры кніжыцы аднаго аўтара, выдадзеныя за гэты год”.
А дапамагаць Алесь мог сапраўдным творцам. Кнігу Алы Мірзаліевай “Снег, адчай і ліловыя цені” паэт не толькі рэдагаваў, але і напісаў прадмову, у якой праўдзіва ацаніў творчасць паэткі: “Чытаць многія вершы Алы Мірзаліевай няпроста, але дабірацца да глыбіні, вытокаў думкі і пачуцця — цікава, вабна: там адкрываецца акурат тонкая і ранімая душа аўтаркі, неабыякавай да таго, што любіць, і да таго, чаго не прымае”. Давялося літаратару працаваць над вершаванымі зборнікамі Івана Лагвіновіча, паэта з Малькавіч, свайго аднавяскоўца Яўгена Сергіені. З пяшчотай, па-бацькоўску ставіўся Алесь Канстанцінавіч да новай паэтычнай зорачкі Ганцаўшчыны — Яўгеніі Пракапчук. Верыў у яе і ў тое, што творчасць Жэні — будучыня нацыянальнай паэзіі.
Ніколі не забудзецца і сумны дзень пахавання паэта, калі з-за шэрых хмар на восеньскім небе раптам засвяціла сонейка, усім дорачы апошняе цяпло развітальнай хвіліны. І мне падумалася тады: “Як сэрцу прыняць гэты адыход, “пад залатымі сонечнымі промнямі не хочацца і птушкам паміраць…”, а тут такому чалавеку?..
А можа, усё іначай… Можа, гэтыя светла-залацістыя промні нябеснага свяцілы чакаюць і вабяць у нязведаную далечыню чыстую, неўміручую душу Вялікага паэта, адкрываючы ёй дарогу ў Вечнасць? Хай лепш будзе так…
Таццяна МАЛЯЎКА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя В.Ф. Праскурава.
Праз слова выказваў перш за ўсё сябе
Чатыры гады берасцейскае літаратурнае вогнішча разгараецца без таленавітага творцы прыгожага пісьменства Алеся Каско. Ён быў Паэтам з вялікай літары, настаўнікам і дарадцам тым, хто рабіў першыя спробы ў літаратуры. Ён любіў, шанаваў і нёс у масы ўсё беларускае: мову, культуру, мастацтва, гісторыю… Ужо пасля выхаду першага зборніка паэзіі “Вестка” (1979 г.) беларускія літаратары адзначалі яго неардынарнасць, самабытны талент. У той час у часопісе “Маладосць” (1980 г.) у рэцэнзіі на калектыўны зборнік “Нашчадкі”, дзе змяшчалася першая кніга паэта-земляка, гаварылася: “Прыцягвае ўвагу сваёй цэласнасцю падборка Алеся Каско, у вершах якога выяўлены дастаткова выразна яго сімпатыі і антыпатыі… Цяжка нават сказаць, чаго больш у падборцы Каско — таленту ці майстэрства. Але адно несумненна: гэта цікавая паэтычная індывідуальнасць”.
З гадамі ягоная індывідуальнасць рабілася больш яркай, са сваімі светапоглядам, мастацкімі схільнасцямі і арыенцірамі. У адным з інтэрв’ю ён адзначаў: “Кожны творца выказвае праз слова перш за ўсё сябе”. Таму ў паэта заўсёды была слухацка-чытацкая аўдыторыя, бо шчырага і мудрага суразмоўцы звычайна не цураюцца. Аншлаг назіраўся падчас прэзентацыі кнігі Алеся Каско “Межавыя знакі” ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага.
Не толькі паэтычнае слова, цікавыя сюжэты яго апавяданняў, казкі і вершы для дзетак застануцца ў нашай памяці, але й ягоныя артыкулы пра класікаў беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, Васіля Быкава, Янку Брыля, Ніла Гілевіча, настаўніка берасцейскіх літаратараў Уладзіміра Калесніка, сяброў па пяры Міхася Рудкоўскага, Міколу Пракаповіча, Міколу Купрэева, Алеся Паплаўскага, Васіля Сахарчука, Аляксея Ганчука, іншых.
Алесь жыў літаратурай, паэтычным словам, добра ведаў творчасць берасцейцаў, часта рэдагаваў зборнікі іхніх вершаў, укладваючы ў гэтую справу розум і ўласны талент, пісаў прадмовы, дапамагаў з выданнем кніг. Шмат гадоў свайго жыцця Алесь Канстанцінавіч прысвяціў працы ў нашай раённай газеце.
Сёння вашай увазе, паважаныя чытачы, прапануюцца вершы паэта-земляка Алеся Каско, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова, рэгіянальнай Літаратурнай прэміі імя У. Калесніка, грамадскіх рэгіянальных прэмій “Берасцейская зорка” і “Мядовая літаратурная прэмія”.
Іх любіў чытаць аўтар сваім слухачам на сустрэчах.
Людміла КОСЦІНА
Алесь КАСКО
***
Я вымыўся сёння ў настоеных росах
і выцерся хмаркай — льняным ручніком:
на ім вецер сонца з-за лесу выносіў,
ажно верх яліны заняўся дымком.
Мне спалася моцна на посцілках траўных
пад шатамі мяккіх, густых туманоў.
Між дрэў і мятлушак, і птахаў сапраўдных,
і самых спагадных знайшоў я сяброў.
У сне зорна-сінім я лётаў высока
і стойваў дыханне над роднай зямлёй,
а поўня, прыроды нядрэмнае вока,
мяне сцерагла і сачыла за мной.
І свет адкрываўся мне ісцінай простай:
ні рэк, ні аблокаў не спыніцца ход…
…Пакуль беласнежнай, бліскучай палоскай
лятункавы сон не спыніў самалёт.
Пайшоў я тады ў дымны горад лугамі
і вестку з дзяцінства разнёс па дамах:
яны па-ранейшаму роўныя з намі —
трава, і мятлушка, і дрэва, і птах.
***
Зноў я дома, дома, дома.
І паўзмрок, і цішыня.
І матуля, як мадонна,
ля глыбокага акна.
Кола месяца за ёю,
задуменнай, маладой,
залаціцца чысцінёю,
быццам німб над галавой.
Цень кідаюць дрэваў шаты,
ды з таго яшчэ відней:
за сцяною гэтай хаты
мне ні трошкі не вальней.
Што за воля — ў падняволлі
грэшных дум і сумятні
біцца, бы вятрыска ў голлі,
абрываць, як лісце, дні?
Адно б доля захацела!
Хату загадзя прашу,
Каб адвеялі ад цела
толькі тут маю душу.
***
О лёс мой, выказацца дай,
не забяры мяне заўчасна
ў далечу тую, дзе так часта
мне будзе сніцца любы край.
Яго вяснянкі, пошум дрэў
заўжды ўва мне, як сіла ў ветры,
і спеляць збуджаныя нетры душы
мой заўтрашні напеў.
Дай слову добраму ўзрасці,
пакуль я на жыццё багаты.
Шчаслівы сейбіт і араты,
дзён для жніва мне адпусці.
Не стане моцы — і няхай! —
У памяці, руцэ, у зрэнцы…
Усё вазьмі — і толькі сэрца
пакінь і выказацца дай.
Адпяванне
Волечцы
на даросласць
Стаяла дзяўчынка ў храме
Між чорнага ў ясным, белым
пад Янам святым у раме,
над дзедам сваім знямелым.
Тры пальцы ў пучок збірала,
вучылася, як трымаць іх, –
жалобнікам патурала:
то бабцы ў слязах, то маці.
Усім: і айцу святому,
і цётцы, што свечкі ўнесла,
і гэтаму — маладому
з высокай, пад купал, песняй.
Хрысцілася, як умела,
за дзеда, за ўсіх наўкола
маленькаю ручкай белай
і чыстаю, бы ў анёла.
А ў левай трымала снежны
агарачак парафінны,
і кожны тут быў бязгрэшны,
і кожны тут быў бязвінны.
Сабраныя ў памяць родаў,
вышэптваліся імёны,
каб духам анёльскім продак
быў тысячна блаславёны.
І еднасць людзей мацнела
ў тым духу…
Як выйшлі з храма,
спакой, нерухомасць цела
здаваліся меншай драмай.
Яснела ў нябёсах весніх,
і кожны мог заручыцца:
памерламу — уваскрэснуць,
няжыўшаму — нарадзіцца.
